27 снежня 2024, Пятніца, 10:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітжаўнера Хведарука забралі з шпіталя супрацоўнікі КДБ

4

Сёння раніцай падчас абыходу дактары паведамілі Зміцеру Хведаруку, што стан яго здароўя незадавальняючы, і ён яшчэ тыдзень мусіць знаходзіцца ў шпіталі.

Але праз 15 хвілін пасля агляду ў палату ўвайшлі супрацоўнікі КДБ і загадалі моладзеваму актывісту неадкладна збірацца. Яны паведамілі, што адвязуць Хведарука ў вайсковую частку, паведаміла «Радыё Свабода».

Ад 7 верасня Зміцер Хведарук, які служыць у Жодзінскай вайсковай частцы, праходзіў абследаванне ў менскім вайсковым шпіталі.

Нагадаем, што 28 студзеня 2009 года Зміцера Хведарука гвалтам завезлі ў ваенкамат, а затым у кайданках – на медагляд. Медкамісія прызнала Зміцера Хведарука прыдатным да службы ў войску, нягледзячы на аперацыю на вене, якая прайшла каля месяца таму, і шэраг хранічных захворванняў. Падчас медыцынскага агляду ў актывіста не было з сабой ні медыцынскай карткі, ні выпіскі хваробаў, ні нават дакумента, які засведчвае асобу. Апроч гэтага, Зміцер Хведарук з’яўляецца студэнтам дзённага аддзялення багаслоўскага каледжа, а таму мае права на адтэрміноўку ад службы ў войску.

У кайданках актывіста «Маладога Фронту» адвезлі ў вайсковую частку ў Жодзіна. Пасля гвалтоўнага прызыву Хведарук ужо некалькі разоў трапляў у шпіталь, у яго знайшлі захворванні, з якімі нельга служыць у войску – але моладзевага актывіста зноў накіроўвалі ў вайсковую частку.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках