24 лiстапада 2024, Нядзеля, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусі пагражае рост коштаў, беспрацоўе і дэфіцыт

46

3 жніўня прадпрымальнікі правядуць экстраную нараду, на якой ацэняць наступствы пастановы Саўміна № 991.

Гэтая пастанова фактычна забараніла пасярэдніцкую дзейнасць у Беларусі. Ужо сёння некалькі дзесяткаў тысячаў чалавек могуць быць часова адпраўленыя ў адпачынак за свой кошт з перспектывай звальнення з-за немагчымасці ажыццяўляць дзейнасць. Сыход пасярэднікаў выкліча праблемы ў гандлі і забеспячэнні, прагназуюць эксперты «Заўтра тваёй краіны».

У пастанове ўрада, апублікаванай увечары 31 ліпеня, адзначаецца, што юрыдычныя асобы маюць права купляць тавары на тэрыторыі Беларусі толькі ў вытворцаў ці ў іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў. Дакумент уступіў у сілу з моманту публікацыі. Для беларускага бізнэсу гэта сталася поўнай нечаканасцю.

-- Людзі ўзбударажаныя рашэннем урада, -- кажа кіраўнік Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін. -- Мы зараз спрабуем пралічыць наступствы для розных галінаў, рынкаў, групаў тавараў і канкрэтных прадпрыемстваў.

Прадпрымальнікі негатыўна ацэньваюць гэты дакумент ужо з-за той формы, у якой ён быў прыняты.

-- З дзелавой супольнасцю не толькі не параіліся – нас паставілі перад фактам.

У пастанове адсутнічае адаптацыйны перыяд. Што будуць рабіць прадпрыемствы, якія праплацілі аперацыі, тыя, у каго тавары ляжаць на складах? – задаецца пытаннем Уладзімір Карагін.

Незалежныя эксперты здзіўляюцца адносна прычынаў, якія прымусілі ўрад прыняць гэты дакумент.

-- У нас з калегамі не атрымалася хаця б гіпатэтычна знайсці рацыянальнае тлумачэнне гэтаму рашэнню, -- сказаў «Заўтра тваёй краіны» аналітык адной з беларускіх гандлёвых кампаніяў Аляксей Шукаеў.

Да патаннення канчатковага кошту тавараў на беларускім рынку гэта, на думку экспертаў, не прывядзе, паколькі ў Беларусі і без таго шмат гадоў дзейнічаюць лімітавыя гандлёвыя нацэнкі – максімальны канчатковы кошт прадукта і раней не залежыў ад таго, колькі было пасярэднікаў у ланцужку, з'яўляючыся абмежаваным заканадаўча.

-- Гэтае рашэнне таксама не будзе спрыяць выроўніванню знешнегандлёвага балансу, паколькі яно не накіраванае непасрэдна ні на скарачэнне імпарту, ні на нарошчванне экспарту, -- лічыць Аляксей Шукаеў.

Як адзначаецца ў самой пастанове, яно накіраванае на ўніфікацыю фінансавай сістэмы Беларусі.

-- А сітуацыя ў фінансавай сістэме сёння такая, што рост крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці за паўгады склаў 28-30%, растуць неплацяжы, павялічваюцца складскія запасы. Калі ўлады хочуць такім чынам палепшыць фінансавую дысцыпліну для ўсіх, а не толькі для дзяржаўных прадпрыемстваў, дык гэта простая дарога ў дэпрэсію, -- прагназуе кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.

Ён называе пастанову № 991 «адным з самых абуральных рашэнняў урада».

-- У выніку такіх дзеянняў прыватны бізнэс у Беларусі можа «памерці» на 30-40%, -- кажа эксперт «Заўтра тваёй краіны».

На яго думку, у сітуацыі, калі напружанне на рынку працы расце, калі малы бізнэс з'яўляецца асноўнай крыніцай забеспячэння занятасці, перш за ўсё, на мясцовым узроўні, напаўнення бюджэтаў, такі крок урада з'яўляецца рэзкім ударам па гандлі і па падатковай базе.

Як адзначае Аляксей Шукаеў, забарона на пасярэдніцкую дзейнасць можа прывесці да сур'ёзных праблемаў у эканоміцы.

-- Ужо ў панядзелак некалькі дзесяткаў тысячаў чалавек могуць быць часова адпраўленыя ў адпачынак за свой кошт з перспектывай звальнення з-за немагчымасці ажыццяўляць дзейнасць, -- прагназуе аналітык. -- У першую чаргу, гэта супрацоўнікі пасярэдніцкіх фірмаў, якія апынуліся пад пагрозай страты працы. Таксама ўзнікнуць праблемы і ў рознічнага гандлю, які сутыкнецца з неабходнасць ці ў 5-6 разоў звузіць асартымент, ці прапарцыйна павялічыць штат «забеспячэнцаў», і ў забеспячэння беларускіх прадпрыемстваў.

Афіцыйных пастаўшчыкоў па шмат якіх групах прадукцыі, неабходных для працы фабрыкаў і заводаў, на думку эксперта, можа і не з'явіцца: пастанова не ўлічвае, што вытворцы не даюць статус свайго прадстаўніка кожнаму жадаючаму і для гэтага патрабуецца забеспячэнне некаторага мінімальнага абарачэння.

-- Самыя «мірныя» наступствы, якіх можна чакаць – гэта скачкападобны рост беспрацоўя ў гарадах, рэзкі дэфіцыт вельмі вялікай колькасці тавараў у розніцы і парушэнне забеспячэння на прадпрыемствах, -- прагназуе Аляксей Шукаеў.

У якасці прыкладу эксперт прывёў шырокафарматную друкаваную тэхніку, якая выкарыстоўваецца ў геадэзіі, праектных арганізацыях, паліграфіі. Яе ўвозяць у Беларусь усяго некалькі кампаніяў, пастаўшчыкоў запчастак да гэтай тэхнікі яшчэ менш – з-за невялікага аб'ёму попыту працаваць у гэтым бізнэсе складана. Наўрад ці пасля ўвядзення забароны хтосьці рэальна захоча атрымаць статус афіцыйнага прадстаўніка ў вытворцы запчастак. Значыць, пры неабходнасці рамонту станка прадпрыемству прыйдзецца спецыяльна камандзіраваць за мяжу супрацоўніка, які некалькі дзён выдаткуе на набыццё запчасткі коштам усяго 50-70 даляраў. Прычым падобныя праблемы могуць узнікаць не толькі ў спецыфічных галінах, а і ва ўсёй эканоміцы.

Адным з найболш сур'ёзных наступстваў забароны на пасярэдніцкую дзейнасць можа стаць пераход бізнэсу на «шэрыя» схемы.

-- Мы ўсе ведаем, чым сканчаліся падобныя радыкальныя забароны. Прадпрыемствы будуць вымушаныя пераходзіць на разлікі «чорнай гатоўкай», бартэрныя схемы. Паколькі рашэнне ўрада закране вялікую колькасць людзей, і закране, на жаль, на ўзроўні пазбаўлення нават не толькі бягучай, але і наогул любой магчымасці працы па профілі – вялікая верагоднасць таго, што гэты працэс разаўецца вельмі хутка, – лічыць Аляксей Шукаеў.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках