24 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Лукашэнка будзе прасіць у Мядзведзева некалькі крэдытаў

25

На сустрэчы ў Сочы расейскі прэзідэнт і беларускі кіраўнік падрыхтавалі спісы ўзаемных прэтэнзій.

У Сочы сёння адбудуцца перамовы Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Яны не праводзілі двухбаковых сустрэч з красавіка і за гэты час паспелі неаднаразова засмуціць адзін аднаго. Прымірэнне наўрад ці здарыцца і гэтым разам. Як паведамляе «Коммерсант», Лукашэнка і Мядзведзеў падрыхтавалі цэлы спіс нявыкананых абяцанняў. Беларускі кіраўнік мае намер узгадаць так і не выдадзеныя яму расейскія крэдыты, а спадар Мядзведзеў — так і не прызнаныя Менскам Абхазію з Паўднёвай Асеціяй і непадпісанае пагадненне аб калектыўных сілах аператыўнага рэагавання АДКБ.

Апошнія паўнавартасныя перамовы Лукашэнкі і Мядзведзева адбыліся ў красавіку гэтага года ў падмаскоўных Горках. З тых часоў адносіны Масквы і Менска моцна сапсаваліся. У чэрвені паміж Расеяй і Беларуссю выбухнула малочная вайна, якая ледзь не пахавала планы дзвюх краін дабудаваць, нарэшце, «саюзную дзяржаву». Прэтэнзіі Расспажыўнагляда да беларускага малака, а таксама нявыдача Менску другога транша расейскага крэдыту ў $500 млн засмуцілі Аляксандра Лукашэнку. Аб ступені яго крыўды на Крэмль кажа хоць бы тое, што гэтым летам ён упарта ігнараваў усе мерапрыемствы з удзелам лідэраў постсавецкіх краін. Спачатку Лукашэнка байкатаваў маскоўскі саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) 14 чэрвеня, так і не падпісаўшы пагадненне аб стварэнні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР). Затым адмовіўся ехаць у расейскую сталіцу на ліпеньскія скачкі на прыз прэзідэнта РФ. І хоць Аляксандр Лукашэнка з'явіўся на нефармальным саміце АДКБ у кіргізскай Чалпон-Ате, двухбаковых перамоў з Дзімтрыем Мядзведзевым у яго там не было.

Паміж тым, судзячы па тым, што Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Сочы яшчэ 21 жніўня, пры тым што яго сустрэча з Дзмітрыем Мядзведзевым была запланавана толькі на 27-е жніўня, яму вельмі трэба было пабачыць расейскага калегу і добра падрыхтавацца да гэтых перамоў. Праўда, яшчэ да свайго прыезду ён даў зразумець, што ў яго ягоныя прэтэнзіі да расейскага боку застаюцца ў сіле. Практыка, калі «прэзідэнты дамаўляюцца, а дамоўленасці не рэалізоўваюцца паверхамі ніжэй», недапушчальная, заявіў Лукашэнка, збіраючыся ў Расею.

За апошні час ў Менска сапраўды накапілася маса нараканняў да Расеі. Так, беларускія ўлады дагэтуль не атрымалі другі транш абяцанага ёй крэдыту ў $1 млрд. Пытанне расейскай фінансавай дапамогі стала асабліва моцна хваляваць Менск пасля таго, як ўчора МВФ паставіў вельмі несуцяшальны дыягназ беларускай эканоміцы. У МЗС РФ растлумачылі, што Масква гатовая абмяркоўваць з беларускімі калегамі пытанне вылучэння $500 млн, якія засталіся, адзначыўшы, зрэшты, што ён цалкам знаходзіцца ў распараджэнні расейскага Мінфіна.

«У бюджэт Расеі былі ўнесеныя папраўкі, неабходныя для вылучэння Беларусі чарговых $500 млн. Пасля гэтага беларускі прэм'ер Сяргей Сідорскі нават напісаў ліст з просьбай паскорыць працэдуру выдачы грошай. Цяпер апошняе слова за Аляксеем Кудрыным (кіраўнік Мінфіна РФ)»,— адзначыў суразмоўца «Коммерсанта» на Смаленскай плошчы. Ён таксама дадаў, што Аляксандр Лукашэнка, чыя краіна выпрабоўвае сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці, мае намер сёння ізноў падняць пытанне атрымання ад Масквы яшчэ аднаго крэдыту — гэтым разам у 100 млрд расейскіх рублёў,— які ён просіць з мінулага годы.

Праблемнай тэмай перамоў спадароў Мядзведзева і Лукашэнкі таксама з'яўляецца беларускі доўг за расейскі газ. У разгар чэрвеньскай малочнай вайны «Газпром» нават пагражаў скараціць Беларусі пастаўкі газу, калі Менск не загасіць запазычанасць у памеры $244 млн. Улады Беларусі прызналі толькі $234 млн з гэтага доўгу і паабяцалі расплаціцца, але не раней за лістапад. Запазычанасць утварылася з-за таго, што абодва бакі па-рознаму тлумачаць вынікі красавіцкай сустрэчы Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Па версіі Менска, прэзідэнт РФ тады паабяцаў, што Беларусь будзе разлічвацца за газ па сярэднегадавым кошце $150 за тысячу кубаметраў.

У «Газпроме» ж падобную пазіцыю не прымаюць, хоць і прызнаюць, што лічба $150 гучала. «Падчас перамоў на вышэйшым узроўні пытанне (аб аплаце газу па сярэднегадавым кошце) абмяркоўвалася, але гэта не знайшло ніякага адлюстравання ў дадатках да кантракту»,— заяўляў раней кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер. Але крыніцы ў газавай манаполіі паведамляюць, што і на сённяшні дзень сітуацыя не змянілася.

«Прынцыпова па беларускім доўгу нічога не вырашылася. Беларусы працягваюць плаціць па $150 за тысячу кубаметраў, хоць гэтая лічба нідзе не прапісаная»,— абураўся суразмоўца «Коммерсанта» у «Газпроме».

Нарэшце, яшчэ адно непрыемнае для Масквы пытанне, якое Лукашэнка непазбежна ўздыме падчас перамоў з Дзмітрыем Мядзведзевым, датычыцца будаўніцтвы АЭС у Беларусі. Менск без усякіх тэндэраў пагадзіўся на расейскі праект станцыі, кошт якога ацэньваецца ў $9 млрд, праігнараваўшы пры гэтым прапановы Кітая, Нямеччыны і Францыі. Расея абыйшла канкурэнтаў галоўным чынам дзякуючы таму, што паабяцала пабудаваць АЭС у крэдыт. Генпадрадчыкам у гэтым праекце выступае расейскае ЗАТ «Атамбудэкспарт», якое ў канцы жніўня — пачатку верасня плануе падпісаць з РУП «Белніпіэнергапром» кантракт на абгрунтаванне інвеставання ў будынак АЭС.

Паміж тым суразмоўцы «Коммерсанта» у расейскім урадзе, знаёмыя з ходам перамоў па АЭС, паведамілі, што Менск ужо зараз патрабуе ад Масквы падаць яму $1,5 млрд з абумоўленага дзяржкрэдыту на будаўніцтва станцыі. Аднак і гэтая просьба беларускага боку павісла ў паветры. І калі сёння Лукашэнка не пачуе ад Дзмітрыя Мядзведзева яснага адказу на пытанне аб лёсе запытаных ім $1,5 млрд, ён цалкам можа прыстрашыць пераглядам дамоўленасцяў па АЭС на карысць, напрыклад, Кітая. Дарэчы, ужо заўтра Менск наведае віцэ-прэм'ер дзяржрады КНР Хуэй Лян’юй, які курыруе пытанні сельскай гаспадаркі, прамысловасці і водных рэсурсаў.

У расейскім урадзе лічаць, што драматызаваць сітуацыю ў адносінах Масквы і Менска не варта. «Усе пералічаныя пытанні знаходзяцца ў працэсе абмеркавання. Вядуцца перамовы. І, безумоўна, вырашальнае слова будзе належаць кіраўнікам дзяржаў,— заявіў прэс-сакратар урада РФ Дзмітрый Пяскоў.— Тэмы няпростыя, але я б іх асоба не драматызаваў. Усё цалкам можа вырашыцца ў межах двухбаковых кантактаў».

Пазітыўны настрой расейскага боку можа быць звязаны з тым, што ёй ёсць чым у адказ папракнуць беларускіх калег. На сённяшніх перамовах Масква мае намер апублікаваць спіс уласных прэтэнзій у адрас Беларусі. Справа ў тым, што Менск, нягледзячы на неаднаразовыя абяцанні Аляксандра Лукашэнкі, так і не вырашыў пытанне з прызнаннем Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. «Парламент» Беларусі павінен быў разгледзіць яго яшчэ ўвесну. Аднак беларускія «дэпутаты» так і не прыступілі да яго абмеркавання.

У Маскве таксама чакаюць ад беларускага лідэра вызначанасці па КСАР. Праігнараваўшы чэрвеньскі саміт АДКБ, Аляксандр Лукашэнка не падпісаў адпаведнае пагадненне, чым паставіў пад пагрозу расейскія планы стварыць у рамках арганізацыі ваенную групоўку ў процівагу НАТА. Разам з тым Менск адмовіўся ад пасады старшыні АДКБ, паўнамоцтвы якога зараз часова выконвае Расея. «Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца. Але няма ніякіх гарантый, што яно вырашыцца ў Сочы. Трэба дачакацца сустрэчы прэзідэнтаў»,— сказаў суразмоўца «Коммерсанта», які курыруе беларускі накірунак у МЗС РФ.

Так ці інакш, але відавочна, што Дзмітрый Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка сёння перапыняць чатырохмесячнае расстанне, каб у чарговы раз папракнуць адзін аднаго ў незахаванні дасягнутых імі раней дамоўленасцяў. І не выключана, што і пасля Сочы спіс нявыкананых абяцанняў працягне расці.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках