Лукашэнка жыве ў Сочы ў гатэлі алігарха Дзерыпаскі (Фота)
64- 25.08.2009, 9:10
У рэзідэнцыі «Чырвоная Паляна» беларускага кіраўніка чакаюць пасля таго, як ён сустрэнецца з Мядзведзевым.
Аляксандр Лукашэнка паляцеў у Сочы яшчэ 21 жніўня, у пятніцу. Ён пасяліўся ў спа-гатэлі «Радзіма», які належыць расейскаму алігарху Алегу Дзерыпаску, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».
«Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ў Сочы на запрашэнне расейскага боку», - перадае РИА «Новости» словы Сяргея Прыходзькі, памочніка прэзідэнта Расеі.
Паводле афіцыйных паведамленняў, 21 жніўня Дзмітры Мядзведзеў сустрэўся толькі з прэзідэнтам Малдовы. І ў той жа дзень паляцеў у Пекін. Як атрымалася высветліць, сустрэча з беларускім кіраўніком адбудзецца 27 жніўня. Аляксандр Лукашэнка, які прыляцеў за пяць дзён да перамоваў, застаўся ў Сочы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ён знаходзіцца ў працоўнай паездцы ў Расейскай Федэрацыі.
Спа-гатэль «Радзіма» - гэта шыкоўны гатэль, у якім ёсць усё: пляж, тэнісныя корты, некалькі залаў, канцэртная пляцоўка, яхта, нават свой бровар. Невядома, ці прыехаў з Лукашэнкам яго малодшы сын Коля, але ў «Радзіме» ёсць і велізарны гульнявы пакой для дзяцей, з рознымі забаўкамі - канструктарамі, раставымі лялькамі. Пры гэтым тэрыторыя гатэля ахоўваецца як сакрэтны аб'ект.
«Аляксандр Лукашэнка ўвесь час там. Кажуць, яны з Дзмітрыем Мядзведзевым дамовіліся абмеркаваць вельмі складаныя пытанні, відаць, патрэбны час падрыхтавацца, - сказалі расейскія журналісты. - Звычайна калі туды прыязджаюць на запрашэнне Дзмітрыя Мядзведзева, дык ён і аплачвае нумары, яны дарагія, ад 1,5 да 3 тысячаў даляраў суткі».
Кажуць, у Чырвоную Паляну ўжо прыехаў абслугоўваючы персанал, кухары. Чакаецца, што беларускі кіраўнік прыедзе ў рэзідэнцыю пасля сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым. Туды ж прыляцяць беларускія міністры, высокія чыноўнікі.