26 снежня 2024, Чацвер, 21:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Лукашэнка не давярае свайму атачэнню

34

Стварэнне следчага камітэта, які будзе падпарадкаваны асабіста беларускаму кіраўніку, пераследуе пэўную мэту.

Паводле афіцыйнай версіі, новы орган ствараецца для барацьбы з карупцыяй — у першую чаргу ў такіх ведамствах, як камітэт дзяржкантролю, пракуратура, КДБ і МУС. Для гэтага яго мяркуецца надзяліць самымі шырокімі паўнамоцтвамі. Аднак эксперты лічаць, што новая сілавая структура патрэбна Лукашэнку, які не давярае свайму атачэнню, для жорсткага кантролю над праваахоўнымі органамі, піша газета «Коммерсант».

Ідэю стварэння адзінага следчага камітэта Лукашэнка выказаў у канцы мінулага тыдня. На нарадзе ў прэзідэнцкай адміністрацыі з удзелам кіраўнікоў усіх праваахоўных органаў краіны, прысвечанай барацьбе з карупцыяй, Аляксандр Лукашэнка накінуўся з рэзкай крытыкай на генпракуратуру. «Пра якую барацьбу з карупцыяй можна весці гаворку, калі самі пракурорскія працаўнікі грашаць гэтым — атрыманнем хабараў, лабіяваннем інтэрасаў камерцыйных структураў, злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі?» — заявіў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка яшчэ ў снежні мінулага года выказваў незадаволенасць дзейнасцю пракуратуры. Тады ён публічна здзіўляўся, адкуль у пракурора Менскай вобласці Міхася Снегіра загарадны дом коштам $1,5 млн і дарагая кватэра ў цэнтры Менска. Снегіра спачатку звольнілі, а затым і пасадзілі. Пасля гэтага Лукашэнка крытыкаваў генпракуратуру яшчэ некалькі разоў. У Беларусі нават загаварылі пра хуткую адстаўку генпракурора Рыгора Васілевіча, але той сваю пасаду захаваў. Цяпер ён канстатаваў, што пракуратура недастаткова эфектыўна выконвае назіральныя функцыі.

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра планы стварэння адзінага следчага камітэта, які зможа больш эфектыўна выконваць назіральныя функцыі. «Магчыма, горш не будзе, калі мы створым магутны следчы камітэт, падпарадкаваны напрост прэзідэнту і паднаглядны генеральнаму пракурору,— заявіў ён.— Калі такое паўстала пытанне, значыць, адкладаць яго нельга. Трэба ўважліва яшчэ раз яго разгледзець. І калі патрэбныя новаўвядзенні, дык рабіць усё трэба менавіта зараз».

Пра «суперкамітэт» у Менску ўпершыню загаварылі пяць гадоў таму. У снежні 2004 года Аляксандр Лукашэнка, рэкамендуючы на пасадзе цяпер ужо былога генпракурора Пятра Міклашэвіча, заявіў, што ў краіне будзе створаная аператыўна-следчая інспекцыя з вялікімі паўнамоцтвамі, якая «сур'езна зоймецца ўсімі ўзроўнямі дзяржаўнай улады, у тым ліку і пракурорскімі працаўнікамі». Як патлумачылі пазней у адміністрацыі беларускага кіраўніка, гаворка ішла пра стварэнне следчага камітэта, падпарадкаванага асабіста кіраўніку дзяржавы. У Беларусі існуе шэраг ведамстваў, надзеленых шырокімі паўнамоцтвамі, а менавіта камітэт дзяржкантролю, пракуратура, КДБ, МУС. Новы камітэт павінен быў кантраляваць дзейнасць гэтых структураў. Тады ж Аляксандр Лукашэнка даручыў Нацыянальнаму цэнтру законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце падрыхтаваць законапраект «Аб следчым камітэце Рэспублікі Беларусь». Аднак затым пра гэтую ідэю забыліся.

Спецыялісты спрачаюцца пра мэтазгоднасць стварэння адзінага следчага камітэта, які, мяркуючы па ўсім, будзе дубляваць функцыі пракуратуры. Ва ўмовах фінансавага крызісу і масавага звальнення працаўнікоў бюджэтных структураў з'яўленне новай дзяржструктуры выглядае дзіўна. Як лічаць эксперты, праект «суперкамітэта», падпарадкаванага непасрэдна беларускаму кіраўніку, реаніміраваны не столькі ў сувязі з незадаволенасцю кіраўніка дзяржавы дзейнасцю пракуратуры, колькі з-за таго, што Аляксандр Лукашэнка не давярае свайму атачэнню.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках