25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль паабяцаў беларускаму рэжыму вялікія фінансавыя праблемы

68

Хутка ва ўладаў Беларусі можа не хапіць грошай на зарплаты і пенсіі.

Высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі Дзмітрыя Мядзведзева паведаміў «Коммерсанту» пра тое, што шэраг тэзісаў, якія прагучалі ў нядаўняй заяве Аляксандра Лукашэнкі, можа прывесці да сур'ёзных фінансавых праблемаў для гэтай краіны.

Нагадаем, што Лукашэнка ўчора ў сваім выступе вельмі катэгарычна выказаўся па цэлым шэрагу пытанняў. У прыватнасці, ён назваў «саюзную дзяржаву» з РФ «няскончаным праектам», які ў той жа час не з'яўляецца «правалам ці ўтопіяй». Акрамя таго, Лукашэнка заклікаў краіну вучыцца ў Еўропы «працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі» і выказаў гатоўнасць «сур'ёзна нарошчваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне з ЗША».

Аднак іншая заява Менска выклікала ў Расеі яшчэ больш негатыўную рэакцыю. Так, беларускае знешнепалітычнае ведамства заклікала сваіх грамадзянаў выконваць грузінскія законы пры наведванні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, тым самым прызнаўшы тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі. Па словах высокапастаўленага супрацоўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ, фармальна пазіцыя Менска зразумелая, бо краіна не прызнала незалежнасць рэспублікаў, аднак «час і месца, абраныя для падобных заяваў, наводзяць на думку, што кіраўніцтва Беларусі свядома ідзе на ўскладненне двухбаковага дыялогу, у тым ліку па такім важным пытанні, як статус Абхазіі і Паўднёвай Асеціі».

Каментуючы заяўленую Лукашэнкам «карэктоўку» знешнепалітычнага курсу, суразмоўца «Коммерсанта» прадказаў беларускаму кіраўніку праблемы з грашыма: «Незразумела, дзе ён збіраецца браць грошы на сваю змену курсу. Асабліва, калі прыйдзе час плаціць пенсіі і зарплаты».

У Беларусі ўжо пачаліся сур'ёзныя фінансавыя праблемы — Мінфін краіны ўчора абвесціў аб рэзкім паніжэнні бюджэтных выдаткаў, а Нацбанк — аб прыпыненні да 2011 года крэдытавання насельніцтва ў замежнай валюце. У гэтых умовах Менск вельмі разлічвае на чарговы транш расейскага крэдыту ў памеры 500 млн даляраў, перспектыву атрымання якога і паставіў пад сумнеў крамлёўскі суразмоўца выдання.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках