24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыянера Аўтуховіча абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў

34
Апазіцыянера Аўтуховіча абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў

Крымінальная справа па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ўзбуджаная ў дачыненні да ваўкавыскага апазіцыянера-прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі.

«Галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС Беларусі ў дачыненні да Мікалая Аўтуховіча і яшчэ некалькіх асобаў узбуджаная крымінальная справа па арт. 359 «Тэрарыстычны акт» і арт. 13 «Падрыхтоўка да злачынства» Крымінальнага кодэкса Беларусі», - паінфармавалі ў МУС.

«Былі выяўленыя факты арганізацыі М.Аўтуховічам падрыхтоўкі да фізічнай ліквідацыі старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі з мэтай аказання ўздзеяння на рашэнні, якія прыймаюцца дзяржаўнымі органамі, а таксама дзеля помсты. Акрамя таго, было выяўлена, што ўлетку і ўвосень 2005 года М.Аўтуховіч з іншымі асобамі дзеля помсты дзяржаўнаму дзеячу ў сувязі з яго службовай дзейнасцю ажыццяўлялі падрыхтоўку да замаху на жыццё намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі», - паведамілі ў МУС.

У МУС адзначылі, што «у студзені 2009 года падчас правядзенняў аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС (ГУБАЗ) была атрыманая інфармацыя аб датычнасці ваўкавыскага прадпрымальніка М.Аўтуховіча да падпалаў, якія мелі месца ўлетку і ўвосень 2005 года, маёмасці, што належыць службовым асобам Ваўкавыскага раёна, у прыватнасці, былому начальніку Ваўкавыскага РАУС і працаўніку інспекцыі міністэрства па падатках і зборах па Ваўкавыскім раёне».

«Гэтыя факты знайшлі сваё пацверджанне ў выніку праверкі атрыманай інфармацыі. 8 лютага 2009 года падчас правядзенняў следчых дзеянняў па крымінальнай справе па фактах пашкоджання і знішчэння маёмасці грамадзянаў, здзейсненых агульнанебяспечным спосабам, М.Аўтуховіч, У.Асіпенка і Ю.Лявонаў былі затрыманыя і змешчаныя ў следчы ізалятар. Пасля згаданым асобам прад'яўленыя абвінавачванні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 218 «Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці» Крымінальнага кодэкса Беларусі», - паведамілі ў МУС.

«Адначасова ў поле зроку ГУБАЗ патрапіў яшчэ адзін грамадзянін, які меў падрыхтоўку абыходжання са зброяй і выбуховымі рэчывамі. У выніку праведзеных следчых дзеянняў былі атрыманыя доказы адносна яго датычнасці да здзяйснення цяжкіх злачынстваў у Гарадзенскім рэгіёне з выкарыстаннем зброі і выбуховых прыладаў», - канстатавалі ў МУС.

Потым і былі выяўленыя факты падрыхтоўкі да фізічнай ліквідацыі У.Саўчанкі і В.Каменкі, патлумачылі ў МУС.

Узбуджэнне супраць Мікалая Аўтуховіча новай крымінальнай справы ў інтэрв'ю www.charter97.org пракаментаваў старшыня аргкамітэта па стварэнні Руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі:

«Што можна з гэтай нагоды сказаць? Чалавека паўгады незаконна трымаюць у турме ў той час, як уся Беларусь і краіны Еўразвяза патрабуюць адкрытага расследавання яго справы. Усе гэтыя абвінавачванні - глупства. Я ведаю Аўтуховіча. Калі мы стваралі нашае таварыства «афганцаў», я пытаўся, ці няма ў яго ў мінулым ніякіх чорных плямаў. Бо я разумеў, што нас будуць пераследваць. Ён прысягнуў сваёй сям'ёй і сваімі дзецьмі, што нічога такога няма. Усе тэракты праводзяць тыя, хто абвінавачвае. Гэта маразматыкі і злачынцы, і я не баюся сваіх словаў. Спачатку яны высунулі адно абвінавачванне, але яно лопнула. Цяпер высоўваюць іншае, і яно таксама лопне. Чаму тады Аўтуховіч галадаў 3 месяцы? Ён ведаў, што мае рацыю. Ён казаў: «Вядзіце мяне ў суд, судзіце». Але ж яны ўсё роўна працягнуць трымаць яго ў турме і толькі высоўваюць новыя абвінавачванні! Павінен прайсці суд. І гэты суд павінен быць адкрытым, каб бачыў народ, як развальваецца гэтая справа! А не так, як яны любяць судзіць -- за зачыненымі дзвярамі».

Як ужо паведамляў сайт www.charter97.org, Мікалай Аўтуховіч, змешчаны ў СІЗА у Менску, 3 месяца праводзіў галадоўку пратэсту. Галадоўка была спыненая толькі 16 ліпеня – стан палітвязня медыкі ацэньваюць як крытычны.

Мікалай Аўтуховіч і яшчэ два актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска - Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка - былі затрыманыя 8 лютага з санкцыі пракурора Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім тром было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Аўтуховіч абвесціў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Тэрміны ўтрымання пад вартай Мікалая Аўтуховіча, як вядома, падоўжаныя да 8 жніўня. На мінулым тыдні супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па «справе Аўтуховіча» былі арыштаваныя дырэктар фірмы «Ніка-транс-22222» Людміла Парэмская, дзе працаваў да арышту прадпрымальнік, і былы ветэран вайны ў Аўганістане Канастанцін Уланаў. Парэмская была вызваленая праз некалькі дзён, Уланаў быў вызвалены 16 ліпеня.

Праваабаронцы лічаць, што Людмілу Парэмскую і Канстанціна Уланава маглі арыштаваць дзеля таго, каб прымусіць іх даваць паказанні супраць Мікалая Аўтуховіча. З часу арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў у лютым 2009 года з імі не робіцца ніякіх следчых дзеянняў. На думку незалежных назіральнікаў, у следства проста няма доказаў віны Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках