29 снежня 2024, Нядзеля, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франака Вячорку прымушаюць аддаваць вайсковыя каманды на расейскай мове

17

Супраць гвалтоўна забранага ў войска лідэра «Моладзі БНФ» у вайсковай частцы ў Мазыры пачалася чарговая кампанія ціску.

Як паведамляе pbnf.org, арганізатарам гэтай кампаніі з'яўляецца псіхолаг батальёна, старэйшы лейтэнант Дзяніс Козак. Задача кампаніі - прымусіць лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячорку загаварыць на расейскай мове пад пагрозай крымінальнага пакарання.

Дзяніс Козак пачаў патрабаваць ад Ф. Вячоркі спыніць адказваць і аддаваць каманды на беларускай мове, таму што тым самым ён нібыта парушае вайсковы статут, а таксама «супрацьпастаўляе сабе калектыву».

10 ліпеня дзяжурны па частцы, прапаршчык Піскун загадаў Ф. Вячорку спяваць рускую песню. На прапанову моладзевага актывіста праспяваць беларускую песню з «рэпертуара» часткі Піскун заявіў, што, па-першае, ён не любіць беларускую мову, а, па-другое, ён ведае, што беларускую мову не любяць шматлікія салдаты і сяржанты. Таксама ён дадаў, што, калі Франак Вячорка не выканае загад, супраць яго будзе ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу «непадпарадкаванне».

Ідэолаг вайсковай часткі В. Ігнацік падтрымаў прапаршчыка, сказаўшы, што пры наступным непадпарадкаванні загадам справу моладзевага актывіста перададуць у пракуратуру.

Нагадаем, што нядаўна падобныя пагрозы паступалі і іншаму гвалтоўна забранаму ў войска моладзеваму актывісту - Зміцеру Хведаруку. Кіраўніцтва часткі нават вазіла Хведарука ў міжгарнізонную Вайсковую пракуратуру Барысава. Аднак супрацоўнікі пракуратуры не знайшлі ў дзеяннях моладзевага актывіста ніякіх парушэнняў.

Адзначым, што ў ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным да вайсковай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумнеў. Пасля абследавання ў вайсковым шпіталі маладому чалавеку была дадзеная адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 г. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Менска прызнаў моладзевага актывіста прыдатным да вайсковай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджанае рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Рашэнне суду прымалася ў адсутнасць моладзевага актывіста і ягонага адваката.

У цяперашні час Франак Вячорка служыць у вайсковай частцы 48694 СПА у Мазыры (Гомельская вобласць).

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках