Падвышэнне арэнднай платы матывуюць… просьбамі прадпрымальнікаў
7- 13.07.2009, 10:19
Прадстаўнікі малога бізнэсу Беларусі заяўляюць, што ніякіх істотных змен з малым прадпрымальніцтвам у лепшы бок у краіне не адбываецца.
Такога меркавання прытрымваецца сябар рады рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Жана Болсун, паведамляе «Заўтра тваёй краіны».
– Сёння актыўна абмяркоўваецца закрыццё на тры месяцф найбуйнога маскоўскага Чаркізаўскага рынка, які быў для беларускіх прадпрымальнікаў адной з асноўных дробнааптовых баз. Чым пагражае прадпрымальнікам страта гэтага рынка?
– Закрыццё Чаркізаўскага рынка закранае, у асноўным, тых, хто гандлюе найбольш танным таварам на дробных рэчавых рынках у Менску і рэгіёнах. Гандлёвыя цэнтры ўспрымаюць сітуацыю спакойна. Амаль увесь «Свет моды», напрыклад, закупляе свой тавар у Лужніках. Я думаю, з са часам і дробныя гандляры пераарыентуюцца на іншыя кропкі закупак. Свята месца пуста не бывае – ёсць попыт, будзе і прапанова.
А ў малога бізнэсу ў Беларусі нямала і іншых праблем. Вось чакаем адмены ліцэнзій на рознічны гандаль
Шматлікія прадпрымальнікі за гэты час атрымалі ліцэнзіі ўжо па другім коле. Такі парадак вядзення бізнэсу пазбаўляе прадпрымальнікаў мабільнасці. Напрыклад, каб перайсці гандляваць з трэцяга салона «Света моды» у другі, трэба ўносіць змену ў ліцэнзію, а гэта, як мінімум, два тыдні. З-за гэтага часта губляюцца гандлёвыя дні.
– Але ў апошні час часта гучаць заявы высокіх чыноўнікаў аб тым, што дзяржава ідзе насустрач малому і сярэдняму бізнэсу. Ці так гэта?
– Мы не адчуваем руху дзяржавы насустрач малому бізнэсу. Месяц таму праводзіліся актыўныя маніторынгі на рынку «Ждановічы», з прадпрымальнікамі размаўлялі аб тым, каб яны павялічвалі сваю выручку і, адпаведна, выплачвалі ў казну больш за адзіны падатак.
Нас закідалі ўсялякімі непатрэбнымі паперамі. Напрыклад, асартыментны пералік. На рынку ён не іграе наогул нікай ролі. Напрыклад, я сёння гандлюю абуткам, а заўтра завезла сумкі. Мне трэба ехаць і ўносіць змены ў асартыментны пералік. Для чаго гэта трэба?
Ды і стаўкі арэнднай платы зусім не падаюць. Напрыклад, у «Падземным горадзе» на днях адміністрацыя распаўсюдзіла дадаткі да дамовы. Адно гандлёвае месца даражэе на 7,2 еўра. Раней арэнда каштавала 72 еўра, а будзе -- 79,2 еўра.
– А чым матывуюць падвышэнне арэнднай платы?
– Просьбамі прадпрымальнікаў! Гэта раўнасільна таму, што сказаць: пакупнікі папрасілі павялічыць кошты на тавары. Але нягледзячы на тое, што іншай матывацыі не прагучала, прадпрымальнікам прынеслі паперы і сказалі падпісаць на працягу сутак. Вось і ўсё: падпісвай або сыходзь.
– І ўсё жа бо ёсць жа нейкія пазітыўныя змены па стаўленні да малога бізнэсу. Скажам, уведзены мараторый на праверкі…
– А ў рэгіёнах яны працягваюцца. Выручка ўпала, прыбыткі насельніцтва скараціліся, а праверкі працягваюцца. Вось кажуць пра беспрацоўе, што ў яго – жаночы твар. Але прадпрымальнікам не дазваляюць узяць на падмену на час хваробы або адпачынку ні аднаго прадаўца… Атрымліваецца, улады не зацікаўленыя ў стварэнні дадатковых працоўных месцаў тымі жа прадпрымальнікамі.
Тая ж сітуацыя, калі прадпрымальнікі звярнуліся з просьбай дазволіць ім гандляваць у кіёсках хоць бы беларускім півам. Улады не пайшлі ім насустрач. З аднаго боку, наш прэзідэнт кажа - прадавайце беларускае хоць па гарбатнай лыжцы, прадпрымальнікі прапаноўваюць рэальную дапамогу, а ад іх адмахваюцца. Знеслі шапікі ў сталіцы, потым пайшло знішчэнне кіёскаў у рэгіёнах…
– Лукашэнка калісьці заявіў, што пацісне руку апошняму прадпрымальніку. Ён ідзе да гэтай мэты?
– Па-мойму, у яго зараз шмат іншых клопатаў. Я думаю, гэтую сваю мару ён адклаў на далёкую палічку. Але «да лепшых часоў»…