«Дэпутаты» не бачылі новы ўказ аб бюджэце і шукаюць яго ў інтэрнэце
1- 4.06.2009, 16:34
8 дзён таму беларускі кіраўнік сваім указам значна перапісаў бюджэт краіны, скараціўшы дзяржаўныя выдаткі.
Як даведалася «Еўрарадыё», на наступны дзень выпраўлены галоўны фінансавы дакумент быў у «палаце прадстаўнікоў», але дэпутаты яго да гэтага часу не чыталі.
Законапраект унесены ў беларускую «палтаку» яшчэ 29 траўня. Пра гэта паведаміла загадчыца аргаддзела «парламенцкай» камісіі па бюджэце Валерыя Грахоўская. Але, паводле яе словаў, дэпутаты звычайна самі шукаюць указы ў нарматыўных базах у інтэрнэце:
«Нам яны не паступаюць, гэтыя ўказы. Мы заўсёды працуем з базамі».
На Нацыянальным прававым партале, дзе размешчаныя ўсе законы, дэкрэты і ўказы, «Еўрарадыё» не знайшло новага ўказу прэзідэнта.
Старшыня «парламенцкай» камісіі па бюджэце Аляксандр Антоненка толькі чакае, калі ўказ паступіць у «палатку»:
«Афіцыйна ў камісію праект яшчэ не паступаў. Я думаю, у інтэрнэце ён ёсць. Я з ім знаёмы, але не зусім з афіцыйных крыніцаў. Павінны ўнесці ў дзесяцідзённы тэрмін. Таму, я думаю, на чарговай сесіі будзе і разгледжаны. У нас чарговая сесія з 5 па 11 чэрвеня».
Летняя сесія «палаты прадстаўнікоў» сканчаецца 28 чэрвеня. У дэпутатаў застаецца дастаткова часу, каб прыняць законапраект. Тым больш, што разглядацца ён будзе ў адным чытанні.
«Калі прэзідэнт уносіць дэкрэт – гэта ідзе ў адным чытанні, -- заяўляе Аляксандр Антоненка. --Таму гэта шмат часу не зойме, думаю».
Нагадаем, што план па прыбытках рэспубліканскага бюджэту скарочаны на Br8 трлн, ці на 15% з улікам запланаванага ў канцы 2008 года дэфіцыту бюджэту-2009 у памеры Br2,8 трлн, ці 1,81% ВУП.
У адпаведнасці з праведзенай карэктоўкай бюджэту, зацверджанай указам Лукашэнкі, прыбыткі і выдаткі рэспубліканскага бюджэту на 2009 год зацверджаныя ў суме Br54,9 трлн пры нулявым дэфіцыце.
Такім чынам, фактычна «выдаткі рэспубліканскага бюджэту скарочаныя на вельмі значную суму», — паведамляюць прадстаўнікі беларускага Мінфіна.