25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямашка: «Расейцы пачалі нас крыху падціскаць»

28

Расея не згаджаецца на субсідаванне закупак беларускай тэхнікі і патрабуе поўнай аплаты за газ.

Пра гэта, выступаючы сёння ў «палаце прадстаўнікоў», заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

Закранаючы тое, што расейскі бок пакуль не згаджаецца на субсідаванне на парытэтнай аснове закупак беларускай тэхнікі, чыноўнік сказаў:

«Пакуль гэта не ўспрымаецца ў Расеі, і сёння можна канстатаваць, што ідзе забарона на набыццё беларускай тэхнікі. Хаця паважаны прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін фармальна сказаў, што ўсе пытанні вырашаныя, і вы можаце працаваць на расейскім рынку», - адзначыў Сямашка.

Першы віцэ-прэм'ер патлумачыў, што «сапраўды, была знятая 15-адсоткавая прэферэнцыяльная надбаўка ў карысць расейскіх вытворцаў». «Сёння яна не распаўсюджваецца на беларускія тавары, у той час як на прадукцыю іншых дзяржаваў яна па-ранейшаму дзейнічае», - сказаў Сямашка. «Быццам бы абмежаванні знятыя, але гэта датычыць закупак на агульных падставах», - адзначыў ён.

Пры гэтым Сямашка дадаў, што «калі браць статыстыку мінулага і цяперашняга года, дык 85-90% аўтамабільнай, трактарнай, сельскагаспадарчай тэхнікі купляецца расейскім спажыўцом з улікам субсідыяў, якія вылучаюцца федэральным бюджэтам праз «Рассельгасбанк». «А гэта 2/3 ад банкаўскай стаўкі. Таму купляецца ў першую чаргу расейская тэхніка», - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

«Мы ставім пытанне - працаваць на парытэтнай аснове. Вы субсідуеце расейскую і беларускую тэхніку ў сябе, а мы ў сябе субсідуем беларускую і расейскую тэхніку», - адзначыў першы віцэ-прэм'ер. Пры гэтым ён канстатаваў: «Пакуль нашую прапанову не ўспрымаюць».

Для беларускай эканомікі вельмі хваравітым быў «скачок» кошту на газ

Першы віцэ-прэм'ер урада Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь пагасіць запазычанасць перад «Газпрамам» на $234,1 млн, якая ўтварылася як розніца паміж кантрактным і сярэднегадавым коштам са жніўня па лістапад 2009 года.

«Нас спрабуюць крыху падціскаць, на 1 чэрвеня запазычанасць перад «Газпрамам» склала $234,1 млн. Са жніўня мы ўжо пачынаем пагашаць яе і ў лістападзе цалкам ужо будзем аплачваць па кошце, які складаецца», - сказаў Сямашка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўвесь гэты перыяд Беларусь працягне аплачваць газ па сярэднегадавым кошце.

У.Сямашка таксама канстатаваў, што дагэтуль не падпісаны дадатак да кантракту з «Газпрамам», які замацоўвае аплату газу Беларуссю па сярэднегадавым кошце. Пры гэтым ён паведаміў, што «20 сакавіка «Белтрансгаз» адвёз і паклаў намесніку старшыні «Газпрама» Валерыю Голубеву адпаведны дадатак да кантракту». Па словах У.Сямашкі, дадатак да кантракту быў прапанаваны беларускім бокам адразу пасля дасягнення вуснай дамоўленасці паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расеі 19 сакавіка пра тое, што Беларусь будзе плаціць за газ у 2009 годзе па сярэднегадавым кошце.

«19 сакавіка ў Завідава прэзідэнты Расеі і Беларусі дамовіліся пра гэта. Гутарка быў у невялікім коле - акрамя прэзідэнтаў, былі па тры эксперты з кожнага боку. Нашая пазіцыя была ў тым, што для беларускай эканомікі вельмі хваравітым быў скачок кошту са 127 даляраў да 210 у першым квартале 2009 года. Мы сказалі, што пойдзем роўным графікам - па 150 даляраў за тыс. кубаметраў на працягу года. Пры гэтым мы нават паспрачаліся крыху, мы казалі, што сярэднегадавы кошт 148 даляраў, «Газпрам» - 152. Потым прэзідэнты сказалі, што давайце па 150, і потым мы дамовіліся», - сказаў У.Сямашка.

Ён таксама нагадаў, што прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін 28 траўня ў Менску публічна пацвердзіў гатоўнасць расейскага боку на аплату Беларуссю газу па сярэднегадавым кошце.

Каментуючы чаканыя тэрміны пагашэння запазычанасці перад «Газпрамам» з улікам аплаты Беларуссю сярэднегадавага кошту, Сямашка патлумачыў, што яны прагназуюцца зыходзячы з таго, што ў першым квартале кантрактны кошт расейскага газу для Беларусі склаў 210,32 даляра з 1 тыс. куб. м, з 1 красавіка 157,74 даляра за 1 тыс. кубаметраў, на 1 ліпеня кошт сфармуецца на ўзроўні 115 даляраў за 1 тыс. куб. м. Сямашка патлумачыў, што зніжэнне кантрактнага кошту абумоўленае формулай коштаўтварэння, якая прывязаная да біржавых коштаў на нафтапрадукты. Паколькі з сярэдзіны 2008 года кошт нафты стаў зніжацца, дык з улікам часавага лага ў коштаўтварэнні на газ яго кошт для Беларусі зніжаецца сёлета.

Беларусь пакуль не атрымала праект кантракту ад «Расатама» на будаўніцтва АЭС

Беларусь разлічвае ў хуткім часе атрымаць ад расейскай карпарацыі "Расатам" праект кантракту па будаўніцтве атамнай электрастанцыі, заявіў першы віцэ-прэм'ер урада Уладзімір Сямашка.

«Праект кантракту мы плануем атрымаць у хуткім часе», - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.

Адказваючы на пытанні «парламентароў» адносна ўзроўня бяспекі абранага Беларуссю энергаблока для першай АЭС, У.Сямашка сказаў, што «гэты блок расейскай вытворчасці адносіцца да пакалення «3+», гэта блок з актыўнай і пасіўнай сістэмай абароны».

«Тыя ж французскія, германскія, кітайскія, украінскія спецыялісты кажуць, што расейскі блок самы дасканалы. Заўважце, пра гэта кажуць канкурэнты», - адзначыў першы віцэ-прэм'ер. Ён таксама дадаў, што «гэта - адпрацаваны праект, у свеце на сённяшні дзень працуе каля паўтарох дзясяткаў такіх блокаў».

Пры гэтым першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі не выключыў, што, «можа быць, трэці і чацвёрты энергаблокі для будучай АЭС мы набудзем у Кітаі».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках