Пікет у падтрымку палітвязняў прайшоў у цэнтры Менска (Фота)
- 2.06.2009, 10:20
Некалькі акцый у падтрымку патрабаванняў галадаючага палітвязня Мікалая Аўтуховіча прайшлі ў Менску.
Расцяжка «Свабоду палітвязням!» была вывешаная на перакрыжаванні праспектаў Дзяржынскага і Жукава. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» замацавалі яе на масту над праезнай часткай.
Пікет з патрабаваннем вызвалення беларускіх палітвязняў правялі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» каля гандлёвага дома «На Нямізе». Падчас акцыі традыцыйна праз мегафон мінакам было расказана аб справе ,B>Мікалая Аўтуховіча і ягонай галадоўцы. Таксама моладзевыя актывісты раздавалі ўлёткі з інфармацыяй аб палітвязнях.
Нагадаем, прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага гэтага года і змешчаныя ў менскае СІЗА №1.
16 красавіка, паколькі справа практычна не вядзецца, Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы хутчэйшага разгляду справы ў судзе альбо змены меры стрымання. Стан здароўя Аўтуховіча пагаршаецца з кожным днём, у яго сур'ёзныя праблемы з пячонкай. Нягледзячы на гэта, прадпрымальнік не збіраецца спыняць галадоўку.
4 мая беларускія грамадскія і палітычныя дзеячы пачалі галадоўку салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам. Зараз галадоўка праходзіць эстафетна.
Тэрміны расследавання справы і ўтрымання пад вартай ваўкавыскім прадпрымальнікам падоўжаныя да 3 чэрвеня.
Праваабаронцы лічаць прадпрымальнікаў вязнямі сумлення і патрабуюць іхняга неадкладнага вызвалення. Варта адзначыць, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо адбывалі пакаранне і былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю палітвязнямі.