Новага крэдыту МВФ надоўга не хопіць: ён зможа падтрымліваць рубель толькі пару месяцаў
8- 17.06.2009, 10:28
Курс беларускага рубля ў адносінах да кошыка валютаў наблізіўся да верхняй мяжы 5-адсоткавага калідора, у межах якога Нацбанк абяцаў утрымліваць яго на працягу года.
Эксперты лічаць, што перспектывы захавання стабільнасці нацыянальнай валюты будуць залежаць ад знешніх фактараў, піша «Заўтра тваёй краіны».
У пачатку бягучага года курс беларускага рубля быў прывязаны да кошыка з трох валютаў – еўра, даляра і расейскага рубля.
«Гэта валюты нашых асноўных гандлёвых партнёраў, -- патлумачыў прэс-сакратар Нацбанка Міхаіл Журавовіч».
Першапачатковы кошт кошыка валютаў складаў 960 беларускіх рублёў. Паводле дадзеных на 16 чэрвеня ён дасягнуў 1007.84 беларускіх рублёў. Іншымі словамі, нацыянальная валюта абясцэнілася на 4.98% у параўнанні з яе першапачатковым коштам.
«Першапачаткова беларускі рубель умацоўваўся, цяпер ён абясцэньваецца. Асноўная прычына – тэндэнцыі на сусветных валютных рынках, калі даляр і еўра ўмацоўваюцца… Істотную ролю грае і недахоп валюты ў дзяржаве, бо валютныя паступленні ад экспарту знізіліся амаль на 40%», -- распавёў Журавовіч.
Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што шмат што будзе залежаць ад развіцця знешняй сітуацыі.
«Рашэнне пра тое, дэвальваваць ці не дэвальваваць курс рубля, шмат у чым звязана з палітычнымі фактарамі, з цяперашнімі гандлёвымі войнамі. Сёння ніхто дакладна не бярэцца сказаць, што будзе з гандлем», -- кажа эканаміст Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту Дзмітры Крук.
Эксперт лічыць, што ў выпадку станоўчага рашэння МВФ аб вылучэнні дадаткова 1 млрд. даляраў у межах крэдыту стэнд-бай у Менска з'явіцца магчымасць падтрымліваць курс беларускага рубля толькі на працягу некалькіх месяцаў. Аднак у далейшым стабільнасць нацыянальнай валюты будзе залежаць ад таго, як складзецца сітуацыя ў знешнім гандлі.