24 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь выратуюць вольныя выбары і добраахвотная адстаўка Лукашэнкі (Фота, відэа)

33
Беларусь выратуюць вольныя выбары і добраахвотная адстаўка Лукашэнкі (Фота, відэа)

Аб гэтым заявілі сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску лідэры беларускай апазіцыі Андрэй Саннікаў, Аляксандр Казулін, Станіслаў Шушкевіч і Лявон Баршчэўскі.

Прэс-канферэнцыю 16 чэрвеня, у Дзень беларускай салідарнасці, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, лідэр Партыі Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі пачалі са спецыяльнай заявы.

У заяве лідэры апазіцыі адзначылі, што ў Беларусі па-ранейшаму цалкам адсутнічае сістэма прававой абароны грамадзян ад пераследу за палітычныя, рэлігійныя і іншыя перакананні. У кантактах з Еўразвязам афіцыйныя ўлады Беларусі хаваюць сапраўднае становішча з правамі чалавека ў краіне.

Палітыкі зважаюць на неабходнасць правядзення аб'ектыўнага расследавання фактаў знікненняў палітычных апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама распачацця крымінальных спраў супраць супрацоўнікаў сілавых структур, якія дапушчаюць брутальныя метады запалохвання ўдзельнікаў мірнага палітычнага і праваабарончага супраціву.

Лідэры апазіцыі запатрабавалі неадкладнага вызвалення палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, спынення пераследу фігурантаў так званага «Працэсу 14-ці», адмены неабгрунтавана накладзеных судзімасцяў на былых палітычных зняволеных, камісавання з беларускага войска ўсіх асоб, мабілізаваных туды па палітычных матывах, ліквідацыі ўсіх «чорных спісаў», складзеных уладамі за апошнія 15 год у адносінах сваіх палітычных апанентаў з мэтай не даць магчымасці ім нармальна працаўладкавацца або вучыцца ў навучальных установах краіны, а таксама спыніць знішчэнне нацыянальныя культуру і гісторыю.

«Адсутнасць канкрэтных і аператыўных крокаў з боку беларускіх улад у змене сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі будзе і далей сведчыць аб недэмакратычным, нелегітымным і рэпрэсіўным характары існуючага ў краіне рэжыму, і мы не спынім сваіх намаганняў, каб дамагчыся змены такой улады канстытуцыйным чынам.

Мы перакананыя, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ніколі не зробіцца гарантам незалежнасці нашай краіны і дэмакратычных пераўтварэнняў у ёй. Толькі вольныя, праведзеныя пад паўнавартасным грамадскім кантролем, выбары прэзідэнта краіны могуць даць пачатак працэсу выхаду нашага грамадства з крызісу», -- заявілі Андрэй Саннікаў, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Казулін і Лявон Баршчэўскі.

Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін адзначыў, што сёння еўрапейскія палітыкі павінныя выразна ўсвядоміць, што ніякай лібералізацыі палітычнага і эканамічнага жыцця краіны ў Беларусі не адбываецца.

«У беларускіх турмах сёння галадаюць палітвязень Мікалай Аўтуховіч і грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр. Учора быў вынесены прысуд актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Максіму Дашуку – яшчэ 1 год і тры месяцы абмежавання волі. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады Беларусі не рабілі ніякіх высноваў, яны па-ранейшаму ажыццяўляюць рэпрэсіі супраць апазіцыі. Акрамя таго, зараз рыхтуецца закон, які дасць супрацоўнікам МУС, КДБ і Камітэта дзяржкантролю магчымасць здзяйсняць арышты без санкцыі пракурора. Гэта значыць улады рыхтуюцца вырашаць эканамічныя праблемы сілавымі метадамі. Але ніякіх заяваў з боку заходніх дыпламатаў і з боку Еўразвяза на гэта няма. Маўчаць у такой сітуацыі нельга. 16 чэрвеня, у Дзень беларускай салідарнасці, мы хочам звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на тое, што адбываецца ў нашай краіне. Мы б хацелі, каб еўрапейскія палітыкі, кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў, якія дэкларуюць аб тым, што маральныя каштоўнасці, правы і свабоды грамадзян заўсёды стаяць на першым месцы, бачылі ўсю небяспеку сітуацыі, якая зараз склалася ў Беларусі», -- заявіў палітык.

Па словах Казуліна, цяперашнія ўлады не ў стане прыняць выклік часу. «У нас сёння адбываецца сістэмны крызіс ва ўсіх галінах, і ён узмацняецца. У любой краіне, калі ўлады не спраўляюцца са сваімі абавязкамі, яны проста сыходзяць. Зараз і беларуская ўлада можа памяняцца па натуральных прычынах. Мы прадстаўляем, тыя сілы, якія ўпэўненыя, што ў краіне павінныя адбыцца змены, якія прывядуць да выхаду нашай краіны з гэтага крызісу», - адзначыў палітык.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што заява, агучаныя лідэрамі апазіцыі на сённяшняй прэс-канферэнцыі – гэта платформа, на якой павінныя аб'яднацца ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі.

«Я за тое аб'яднанне, якое пашырае кола удзельнікаў дэмакратычнага працэсу. Падыход вельмі просты - у нас ёсць платформа, якая не супярэчыць падыходу ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі. Мы яе яшчэ раз сфармулявалі, пазначылі на паперы і падпісалі. І калі хтосьці часам не згаджаецца з падпісаннем пэўных канстатаванняў сітуацыі, то трэба задаваць пытанне тэм, хто не згаджаецца», -- сказаў палітык.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў звярнуў увагу міжнароднай супольнасці на тое, што беларуская прапаганда спрабуе прадставіць канфлікт рэжыму Лукашэнкі з Расеяй паваротам дыктатуры ў бок Захаду.

«Мы хочам звярнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадскасці на сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне менавіта зараз, на фоне канфлікту беларускага кіраўніцтва з Расеяй. Такое развіццё адносін з Расеяй цалкам лагічнае, паколькі банкруцтва палітыкі Лукашэнкі стала ўсім відавочнае. Адначасова адбываюцца спробы (і мы ўсе гэта назіраем па дзяржаўным тэлебачанні) стварыць уражанне, што, канфліктуючы з Расеяй, беларускі дыктатар нібыта паварочваецца ў бок Захаду. І вось ужо з'явіліся каментары некаторых заходніх палітыкаў, якія сцвярджаюць, што іх сяброўства з Лукашэнкай прынесла карысць.

Аднак хачу нагадаць, што на мінулым тыдні мы даведаліся шмат новага. З інтэрв'ю Лукашэнкі расейскай газеце «Завтра» мы даведаліся, што лідэры апазіцыі, нашыя таварышы былі сапраўды забітыя. З інтэрв'ю сакратара арыштаванага ў Менску грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра Ўладлены Функ мы даведаліся аб тым, што на самой справе адбываецца ў беларускіх турмах з грамадзянамі заходніх дзяржаваў. Дагэтуль такіх трагічных сведчанняў не было. Мы заклікаем міжнародную супольнасць, журналістаў звярнуць увагу на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. 62-і дзень галадае Мікалай Аўтуховіч, жыццё гэтага мужнага чалавека, які змагаецца за свае правы, у небяспецы. Калі зараз, на фоне канфлікту з Расеяй пачнуць замоўчваць сітуацыю з правамі чалавека – гэта будзе трагедыя для Беларусі», -- заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Андрэй Саннікаў адзначыў, што ў уладаў яшчэ ёсць шанец вывесці Беларусь з крызіснага стану. І гэты шанец – дыялог унутры краіны.

«Два гады таму, калі яшчэ не было сусветнага крызісу, мы прапаноўвалі Лукашэнку правесці дыялог унутры Беларусі. Менавіта для таго, каб знайсці выйсце з цяжкага эканамічнага становішча і стаць на шлях дэмакратызацыі. Я лічу, што толькі вольныя, праведзеныя пад паўнавартасным грамадскім кантролем, выбары прэзідэнта краіны могуць стаць пачаткам працэсу выхаду нашага грамадства з сусветнага крызісу. Гэта і ёсць падмурак, на якім аб'ядноўваюцца ўсе. Зараз проста важна рашуча патрабаваць вольных выбараў. Калі Лукашэнка не зможа пайсці на гэта, як не змог дагэтуль, то трэба звяртацца да ўрада. Тады трэба разам шукаць шляхі без Лукашэнкі. Мы гатовыя да перамоваў. Ніхто не адмаўляецца ад дыялогу з уладамі пры ўмове адсутнасці палітычных рэпрэсій», -- заявіў палітык.

Асобная ўвага на прэс-канферэнцыі было нададзеная «малочнай вайне» паміж Расеяй і Беларуссю, а таксама з'яўленню ў расейскай прэсе скандальных заяваў прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта РФ аб тым, што Расея можа «зняць Аляксандра Лукашэнку з пасады прэзідэнта Беларусі».

«Усё, што адбываецца ў беларуска-расейскіх адносінах у апошнія месяцы і дні – пахавальны звон па «саюзнай дзяржаве». Мы даўно дамагаліся цывілізаваных, нармальных адносінаў з Расеяй, якія ўключаюць і цывілізаваную мяжу. Яна не павінная прапускаць злачыннасць, але быць зручнай для эканамічных, культурных, асабістых кантактаў.

Мы выступаем катэгарычна супраць удзелу беларускага войска ў любых вайсковых блоках, якія кантралюе Расеяй, асабліва КСАР АДКБ, якія могуць стаць АМАПам постсавецкай таталітарнай прасторы. Заявы Лукашэнкі на дзве згаданыя тэмы можна было б прывітаць, але для Лукашэнкі суверэнітэт краіны застаецца прыладай асабістага самаўладства. Аб'яднаная Еўропа магла бы ясна заявіць аб сваёй гатовасці істытуцыянальна дапамагчы Беларусі – і фінансава, і допускам беларускіх тавараў на свае рынкі – пры ўмове неадкладных крокаў улад па дэмакратызацыі краіны, празрыстасці прыняцця палітычных і эканамічных рашэнняў», -- заявіў лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Андрэй Саннікаў упэўнены, што змена прэзідэнта Беларусі павінная адбывацца толькі праз правядзенне вольных і дэмакратычных выбараў.

«Я разглядаю заявы расейскіх чыноўнікаў як хамскія. Але паколькі ідзе вайна хамаў, то не варта чакаць якога-небудзь далікатніцтва і дыпламатыі. Гэта ўсё выходзіць за межы дыпламатыі і міжнародных адносінаў. Адбываецца паліванне адзін аднаго брудам з выкарыстаннем гандлёва-эканамічных адносінаў для дасягнення палітычных мэт. Канфлікт з Расеяй -- паказчык таго, што Лукашэнка ўласнаручна ўсё глыбей і глыбей рые сабе яму. Ягоны ўдзел у стварэнні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ ні што іншае, як мандат расейскім спецслужбам на дзейнасць унутры Беларусі. Дэлегаванне Расеі паўнамоцтваў на ўступленне у СГА – гэта ні што іншае, як падрыў суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Правядзенне расейскіх манеўраў на тэрыторыі Беларусі – гэтае знішчэнне незалежнасці Беларусі. Таму Лукашэнка заслужыў усё, што атрымлівае зараз ад Расеі. Мы жа прапаноўваем ўладам выйсце праз унутраны дыялог і як мага хутчэй. Інакш сур'ёзных праблем не пазбегнуць.

Выратаваць Беларусь могуць толькі вольныя выбары і добраахвотная адстаўка Лукашэнкі» , -- заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Аляксандр Казулін, Станіслаў Шушкевіч, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Саннікаў (злева направа)

Аляксандр Казулін i Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч, Лявон Баршчэўскі і Андрэй Саннікаў

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках