28 снежня 2024, Субота, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам параілі быць гатовымі да рэзкага паніжэння заробкаў

9

Незалежныя эксперты лічаць, што з-за працы прадпрыемстваў на склад адбываецца знішчэнне заробкаў і рэсурсаў.

Міністр фінансаў Андрэй Харкавец абвясціў, што за студзень-красавік 2009 года ў беларускім бюджэце ўтварылася дзірка ў 15%, паведамляе «Еўрарадыё».

Эканаміст Сяргей Чалы тлумачыць, куды падзеліся грошы, на якія разлічваў урад.

«Зрабілі дэвальвацыю. Што павінна было адбыцца? Імпарт павінен быў скараціцца хутчэй, чым экспарт. А ў нас адбылося наадварот — адмоўнае сальда вырасла, -- заяўляе эканаміст. -- З чым гэта звязана? Як раз з тым, што вытворчасць працуе на склад. Экспарту не адбываецца. А ў нас вытворчасць вельмі імпартаёмкая — прыкладна 50 цэнтаў з кожнага даляра экспарту мы імпартуем».

Па словах Сяргея Чалага, пасля спаду знешняга попыту ў еўрапейскіх краінах скарачаюць вытворчасць. Але беларускія ўлады ідуць сваім шляхам.

«Упаў знешні попыт. Нармальная эканоміка адрэагавала б на гэта скарачэннем вытворчасці. Замест гэтага ў нас даюць указанне ўтрымліваць 10-12%, -- кажа эксперт. -- Нават гэта зараз нерэальна, але скарачэння вытворчасці ўсё роўна не адбываецца! Адбываецца, па сутнасці, знішчэнне на складах і прамежкавага імпарту, і заробкаў, і электраэнергіі, і рэсурсаў, і абаротных сродкаў прадпрыемства. Падаткаў з гэтай вытворчасці бюджэт не атрымлівае, таму як гэты тавар не прададзены. Імпарт, тым не менш, мы на яго вытворчасць расходваем, рэсурсы знішчаюцца. Вынікаў не атрымліваецца».

Да высновы, што дэфіцыт бюджэту складзе прыкладна 15%, за першыя месяцы 2009 года рознымі шляхамі прыйшлі ледзь ці ні ўсе незалежныя эканамісты.

Але «бездэфіцытны бюджэт» быў адным з тых умоваў, пастаўленых МВФ перад тым, як пагадзіцца выдаць Беларусі крэдыт. Ёсць дэфіцыт — няма крэдыту», заяўляе эканаміст.

«Неабходнасць бездэфіцытнага бюджэту была адным з патрабаванняў МВФ — той праграмы, пад якую яны выдавалі грошы. Усе мы добра памятаем, як у нас указам зрабілі бюджэт бездэфіцытным. І нашыя наіўна думалі, што МВФ гэта задаволіць і ён не будзе правяраць усё па артыкулах. А, хутчэй за ўсё, на працягу гэтых месяцаў ішло эмісійнае фінансаванне эканомікі. Бо калі місія МВФ прыязджала ў маі, адным з двух пытанняў было фінансаванне эканомікі Нацыянальным банкам», -- кажа эксперт.

Па словах міністра фінансаў, урад плануе на працягу года падвысіць тарыфную стаўку першага разраду на 5%. У эканамістаў наконт гэтага ёсць сумневы.

«Я б, шчыра кажучы, чакаў паніжэння заробкаў. Але ўлады не могуць знайсці сіл на тое, каб сказаць: той дабрабыт, які быў у нас у апошнія гады, — гэта не зароблены дабрабыт», -- заяўляе Сяргей Чалы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках