24 лiстапада 2024, Нядзеля, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладлена Функ: Мне далі зразумець, што Беразоўскі сябруе з найвышэйшым кіраўніцтвам Беларусі

30
Уладлена Функ: Мне далі зразумець, што Беразоўскі сябруе з найвышэйшым кіраўніцтвам Беларусі

У турме КДБ мяне папярэджвалі, што аднойчы мяне адвядуць у падвал і згвалцяць, кажа сакратарка амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра Уладлена Функ.

Уладлена Функ, асуджаная разам з амерыканскім юрыстам Эмануілам Зельцэром, якая адбыла свой тэрмін у беларускай турме, у інтэрв'ю «Беларускім навінам» раскрыла сенсацыйныя падрабязнасці сваёй справы.

Уладлена, упершыню пасля свайго вызвалення з беларускай турмы вы заяўляеце пра гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні прэсы, нягледзячы на падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнага справы. Чаму?

— Таму, што Эмануіл Зельцэр абвесціў галадоўку ў беларускай калоніі і фактычна гатовы памерці, каб даказаць сваю невінаватасць. Бо яму дагэтуль нават не выдалі копію прысуду! Я лічу, што, раскрыўшы падрабязнасці справы, павялічваю яго шанцы выжыць. І я ўсведамляю, што за гэта мне пагражае крымінальная адказнасць.

Такім чынам, як вы з Зельцэрам апынуліся ў Менску 12 сакавіка 2008 года? Па сваёй волі?

— Не. 11 сакавіка мы былі ў Лондане ў камандзіроўцы, сустракаліся з іншымі адвакатамі. Барыс Беразоўскі, які апошнія гады жыве ў Вялікабрытаніі, даведаўшыся пра наш прыезд, вельмі настойліва прасіў пра сустрэчу з Эмануілам. Нагадаю, што Зельцэр дагэтуль з'яўляецца адвакатам па пытаннях спадчыны Бадры Патаркацішвілі. Беразоўскі казаў, што ў яго ёсць прэтэнзіі на 50% гэтай спадчыны. Пры гэтым паводле тэстаманта па 25% атрымліваюць абедзве жонкі Патаркацішвілі, а 50% размяркоўваецца паміж дзецьмі і сваякамі. Зельцэра сярод спадчыннікаў, вядома, няма.

Эмануіл некалькі разоў адмаўляўся ад сустрэчы з Беразоўскім, спасылаючыся на занятасць, але ў нейкі момант усёткі вырашыў з ім сустрэцца. Я мяркую, што падчас гэтай сустрэчы, на якой прысутнічалі і іншыя людзі, нам нешта падсыпалі ў ежу ці напоі. Хто гэта зрабіў, хай разбіраецца следства… Але ў выніку я апрытомнела ў самалёце Беразоўскага, які ляцеў у Менск, побач без прытомнасці быў Зельцэр.

Арыгінал тэстаманту Патаркацішвілі ў вас быў з сабой?

— Арыгінал тэстаманту знаходзіўся ў Эмануіла, але я не ведаю, ці быў ён пры ім падчас пералёту ў Менск. Тым не менш, з 11 сакавіка 2008 года ў Лондане гэты дакумент больш ніхто не бачыў.

Дзе і як вас затрымалі?

— Калі мы прызямліліся ў Менску, у салон самалёта ўвайшлі людзі ў цывільным і сілай мяне выцягнулі ў машыну з зачыненымі вокнамі. Ніхто не патлумачыў, куды мяне вязуць, па якім пытанні і што з Зельцэрам. Прывезлі адразу ў КДБ, дзе я знаходзілася з 12 сакавіка да лістапада.

Як з Вамі там абыходзіліся?

— Ніхто нічога не тлумачыў, на якой падставе я затрыманая, як быццам я была ў закладніках. Праз 8 дзён мне дазволілі сустрэчу з адвакатам Дзмітрыем Гарачкам. На ўсе просьбы аб сустрэчы з прадстаўніком расейскага консульства ці аб тэлефанаванні сваякам мне казалі, што гэта не дазволена. На допытах ад мяне патрабавалі падпісаць заяву аб тым, што Зельцэр і Джозаф Кей (далёкі сваяк Патаркацішвілі, прызначаны распарадчыкам яго спадчыны) — махляры, якія падрабляюць дакументы. Толькі ў гэтым выпадку мне абяцалі «чым-небудзь дапамагчы», інакш, маўляў, справа дойдзе да суду, а КДБ не можа сабе дазволіць, каб па іх справах выносіліся апраўдальныя прысуды, таму мяне чакае тэрмін у беларускай турме. Што ў выніку і адбылося.

Думаю, ні для каго не сакрэт, што ў следчым ізалятары КДБ відэаназіранне і праслухоўванне вядзецца 24 гадзіны ў суткі. Першы месяц у камеры я была адна, а потым на 2 тыдні да мяне падсадзілі жанчыну, якая мэтанакіравана спрабавала высветліць, што я ведаю. Яна пераконвала мяне, што я павінна супрацоўнічаць са следствам, інакш, маўляў, не пазбегнуць гвалтавання. «Папярэджвала», што аднойчы мяне адвядуць у падвал, дзе згвалтуюць адразу восем мужчынаў.

У якой форме праходзілі допыты?

— Мне першапачаткова казалі, што мая персона КДБ асабліва не цікавіць, ім патрэбныя іншыя людзі і лепш «па-добраму ўсё падпісаць». Таксама мне далі зразумець, што Беразоўскі сябруе з найвышэйшым кіраўніцтвам краіны.

Я думаю, Зельцэр як юрыст Патаркацішвілі уяўляе велізарную небяспеку для Беразоўскага, які хоча атрымаць кантроль над спадчынай. Ва ўсіх дэмакратычных краінах пытанні падобнага кшталту вырашаюцца ў судовым парадку — Эмануіл мае дастаткова доказаў, што ў Беразоўскага няма правоў на спадчыну Патаркацішвілі.

На трэці дзень мне зрабілі паказальную экскурсію па ізалятары КДБ і на экране паказалі пакой, дзе, як я разумею, праходзіў допыт Зельцэра. Мяркуючы па позе, ён знаходзіўся ў беспрытомным стане: з апушчанай галавой сядзеў на крэсле, двое ахоўнікаў трымалі яго за плечы. Выглядала так, што калі яны адпусцяць яго, ён упадзе на падлогу. Яшчэ адзін чалавек трымаў перад ім кантэйнер з лекамі. Мне сказалі, што Зельцэр атрымае лекі, калі падпіша поўнае прызнанне ў тым, што ён і Кей падрабілі тэстамант Патаркацішвілі.

Як праходзіў суд?

— У зачыненым рэжыме. Гэта нібыта патрабавалася, каб захаваць інкогніта сведак ад дзяржабвінавачання, у тым ліку Беразоўскага, які ў Расеі лічыцца злачынцам і адшукваецца па лініі Інтэрпола.

У зале суда Беразоўскі з'явіўся ў суправаджэнні ўзброенай аховы. Па сутнасці, ён нічога не мог паказаць па абвінавачванні ў камерцыйным шпіянажы. Паводле яго словаў, Бадры Патаркацішвілі меў інвестыцыі ў памеры 150 мільёнаў даляраў ЗША у нафтаперапрацоўчай галіне ў Беларусі. Нібыта яны былі ўкладзеныя ў прадпрыемства «Нафтан». Гэтыя паказанні былі вусныя, адпаведныя дакументы не прад'яўляліся. Аднак суд у Нью-Ёрку мае інфармацыю пра усе актывы Патаркацішвілі: у Беларусі ў яго ўласнасці няма.

А якое гэты факт мае дачыненне да вашага абвінавачвання?

— Я дагэтуль не зразумела, нават адбыўшы свой тэрмін. Абвінавачванне ў камерцыйным шпіянажы засноўвалася на паказаннях нейкага Шастакова. Першы раз я ўбачыла яго на адным з допытаў. У справе Шастакоў праходзіў як сведка, аднак на самім судзе яго не было. З яго паказанняў вынікала, што падчас сустрэчы з ім Зельцэр прапаноўваў яму хабар за канфідэнцыйную інфармацыю аб нафтаперапрацоўчай галіне Беларусі і, у прыватнасці, аб актывах і маёмасці, якія належалі Бадры Патаркацішвілі.

Мы ўсё адмаўлялі — і сам факт сустрэчы з Шастаковым, і зацікаўленасць у падобнай інфармацыі. Зараз дакладна вядома, што ў Патаркацішвілі няма ўласнасці ў Беларусі. Але ў беларускім судзе гэта не мае ніякага значэння. Як я магу нешта аспрэчыць? Шастакоў кажа, што Зельцэр прапаноўваў яму хабар, Зельцэр кажа, што наогул яго не ведае. Суд палічыў паказанні сведкі больш праўдзівымі... А мне падаецца, улетку я пазнала «Шастакова» па фатаграфіі ў газеце: гэта высокапастаўлены беларускі чыноўнік, і ў яго іншае прозвішча.

Па другім абвінавачванні — у выкарыстанні загадзя падробленых дакументаў — гаворка ішла пра тэстамант Патаркацішвілі, які быў складзены 14 лістапада 2007 года ў Нью-Ёрку і нібыта быў падроблены Зельцэрам і Кеем, якія самі паводле гэтай паперы нічога не атрымліваюць. Больш за тое, у грузінскім судзе пасля двух апеляцыяў, падрабязных паседжанняў са сведкамі і экспертамі было даказана, што тэстамант сапраўдны. Наш адвакат Дзмітры Гарачка прывез гэтае рашэнне грузінскага суду, але суддзя не ўключыў гэтыя дакументы ў судовую справу.

Арыгінал тэстаманту Патаркацішвілі ў справе не фігураваў, нас судзілі за адсканаваную копію, якая была ў кампутары Эмануіла. Гарачка казаў пра тое, што паводле беларускага заканадаўства копія не можа разглядацца як афіцыйны дакумент, таму што не валодае сапраўднымі пячаткамі і подпісамі.

Але ў мяне стварылася ўражанне, што доказы нашай невінаватасці нікога не цікавілі. Вялікі філосаф Гегель казаў, што ступень факту часта важней, чым сам факт. Падобна, што якраз гэта датычыць Беларусі: людзі ведаюць аб несправядлівасцях у краіне, але проста не разумеюць іх ступень.

Зараз гісторыя працягваецца: адвакат Эмануіла зрабіў запыт у Менгарсуд, патрэбны дакумент, каб разгледзець пытанне, ці падлягае Зельцэер амністыі, а дакумент ідзе з Менска ў Магілёў ужо тры тыдні…

Я разумею, што за ўсім гэтым стаіць барацьба за вялікія грошы, у якой могуць быць замешаныя беларускія чыноўнікі. У розных краінах ідуць суды, спадчыну Патаркацішвілі пакуль яшчэ ніхто не атрымаў. Калі Зельцэр выйдзе на волю, дык будзе больш шанцаў, што гэтую спадчынуа размяркуюць справядліва і паводле волі нябожчыка.

Нагадаем, што Эмануіл Зельцэр з'яўляецца адвакатам грамадзяніна ЗША Джозафа Кея — далёкага сваяка грузінскага бізнэсмэна Бадры Патаркацішвілі. Пасля смерці 12 лютага 2008 года Патаркацішвілі Дж.Кей прад'явіў дакументы, паводле якіх ён прызначаны выканаўцам тэстаманта памерлага. Дакументы былі складзеныя Зельцэрам, аднак сваякі Патаркацішвілі абвесцілі іх падробкай, пасля чаго Зельцэер быў затрыманы ў Менску. Мяркуецца, што Зельцэр прыляцеў у Беларусь па справах, звязаных з тэстамантам Патаркацішвілі. Між тым, суд Тбілісі ў траўні і ў лютым (паўторна) прызнаў Кея выканаўцам тэстаманта, пацвердзіўшы тым самым сапраўднасць дакументаў.

Сваякі Зельцэра абвінавачваюць у дачыненні да яго арышту кампаньёна Патаркацішвілі — расейскага бізнэсмэна Барыса Беразоўскага. Паводле іх інфармацыі, той прыязджаў на судовы працэс у Менск для давання паказанняў і наведваў Зельцэра ў следчым ізалятары КДБ. Беразоўскі і афіцыйныя беларускія структуры не пацвярджаюць і не аспрэчваюць гэтыя звесткі.

Бадры Патаркацішвілі лічыўся найбагацейшым чалавекам Грузіі. Паводле звестак СМІ, яго маёмасць складае 12 мільярдаў даляраў.

Зельцэр і Функ былі затрыманыя 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ — да аднаго. Сваёй віны яны не прызналі.

31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў зачыненым рэжыме.

Амерыканскаму грамадзяніну таксама інкрымінавалася кантрабанда наркатычных сродкаў. Аднак суд апраўдаў яго, не прызнаўшы наркотыкамі таблеткі, якія Зельцэр прымае апошнія 15 гадоў.

ЗША неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Э.Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі ў зняволенні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася.

Уладлена Функ, якая адбыва пакаранне ў выпраўленчай калоніі ў Гомелі, 12 сакавіка павінна была выйсці на волю. Аднак зраніцы, адразу пасля выхаду з калоніі, У.Функ затрымалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў ІЧУ РУУС Чыгуначнага раёна Гомелю, дзе было прынятае рашэнне пра ўжыванне да яе працэдуры высылання. Сакратарку амерыканскага адваката Эмануіла Зельцэра Уладлену Функ дэпартавалі ў Расею толькі 20 сакавіка.

8 чэрвеня ўжо Эмануіл Зельцэр, якія адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі №15, абвясціў галадоўку пратэсту ў сувязі з незаконным затрыманнем яго ў беларускай турме.

Менскі гарадскі суд дагэтуль не пераслаў у магілёўскую калонію даведку, што ні дзяржаўныя ўстановы, ні грамадзяне Беларусі не маюць судовых прэтэнзіяў да Эмануіла Зельцэра. З-за яе адсутнасці тармозіцца працэдура ўжывання амністыі да амерыканца, які летась быў асуджаны на тры гады зняволення па абвінавачванні ў камерцыйным шпіянажы і выкарыстанні фальшывых дакументаў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках