24 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: У крызісе вінаватыя ўлады, а не «іншапланецяне»

9

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што ўлады не прапускаюць сур'ёзных інвестараў і «душаць малы бізнэс».

«Крызіс у нашай краіне — ад глупства і зазнайства ўладаў. Няма чаго наракаць на Амерыку, Захад ці Расею. Вінаватая ўлада», - перадае словы Анатоля Лябедзькі сайт ucpb.org.

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, менавіта кіраўніцтва Беларусі «зрабіла стаўку на праяданне таго, што дастаося з мінулага і з «энергетычнага гранта», які вылучала Расеяй»

«Гэта яна (улада) не пускае ў краіну адказных інвестараў. Гэта яна душыць малы бізнэс і прадпрымальнікаў. Гэта чыноўнікі давялі да таго, што жыллё ў Менску каштуе даражэй, чым у Берліне, а на набыццё кватэры трэба працаваць амаль 30 гадоў», - заяўляе Анатоль Лябедзька.

Паводле яго словаў, «беларускія ўлады выбіраюць не перамены, а іх імітацыю; не тэрапію, а шок; не свабоду, а яе гламурную версію, за кратамі бюракратычных бар'ераў».

«Наш крызіс не мае ніякага дачынення да сусветнага фінансавага крызісу. У нас адсутнічае рынак каштоўных папераў, фондавы рынак. Не было і не магло быць ніякага абвалу на рынку, якога няма ў прыродзе», - дадаў старшыня АГП.

Анатоль Лябедзька заявіў, што асноўнай памылкай беларускага кіраўніцтва з'яўляецца тое, што яно не стварыла нацыянальную эканоміку. «Гэта неверагодна, але факт, зафіксаваны афіцыйнай статыстыкай - мы нават харчавання ў Расеі закупляем на мільярд даляраў больш, чым прадаем усходняму суседу. Нашая эканоміка мае вельмі моцную знешнюю залежнасць. Доля імпарту ў нас складае больш за 70%. Такой залежнасці няма нідзе ў Еўропе. Наш унутраны рынак зусім не развіты», - патлумачыў ён.

На думку апазіцыйнага палітыка, Беларусь можа выйсці з эканамічнага крызісу за кошт развіцця малога і сярэдняга бізнэсу.

«Ёсць еўрапейскі досвед. Доля малога бізнэсу ў Беларусі - гэта 8,6% ВУП. У той час як у Еўропе гэтая лічба складае каля 70%. Ва ўсім свеце малы і сярэдні бізнэс - гэта лакаматыў развіцця», - сказаў старшыня АГП.

Анатоль Лябедзька таксама адзначыў неабходнасць скарачэння дзяржапарата. «Ёсць такая структура, як апарат «саюзнай дзяржавы». Вы ведаеце, чым там займаюцца больш за сотню чыноўнікаў? Я таксама не ведаю, але валодаю інфармацыяй, што кожны з іх кожны месяц атрымлівае зарплату - 1,65 тыс. даляраў. У год набіраецца 2,5 млн. даляраў. Для таго, каб зарабіць два мільёны на аграгарадкі, на суботнік у Менску выгналі, іншага слова не падбярэш, 700 тыс. чалавек», - патлумачыў апазіцыйны палітык.

«У нас можна эканоміць усюды і паўсюль», - падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках