30 снежня 2024, панядзелак, 23:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэпартамент ЗША: Беларускі рэжым стварае атмасферу страху і рэпрэсіяў

9

Дзяржаўны дэпартамент ЗША апублікаваў даклад аб становішчы свабоды і дэмакратыі ў свеце.

У дакуменце звяртаецца ўвага на высілкі ЗША, накіраваныя на садзейнічанне дэмакратычным зменам і захаванню правоў чалавека ў недэмакратычных краінах і краінах, дзе адбываюцца дэмакратычныя рэформы. Беларусь - у ліку 106 краінаў, сітуацыя ў якіх аналізуецца ў дакладзе Дзярждэпартамента ЗША, паведамляе «Радыё Свабода».

Палітычная сітуацыя і сітуацыя з захаваннем правоў чалавека ў Беларусі мае ў дакладзе традыцыйныя характарыстыкі. У прыватнасці, у дакладзе адзначаецца аўтарытарны характар палітычнага рэжыму ў Беларусі і падкрэсліваецца, што ў краіне ў 2008 годзе працягваліся незаконныя арышты і пераследы грамадзянаў па палітычных матывах.

Сітуацыя з захаваннем правоў чалавека, нягледзячы на асобныя пазітыўныя факты, у цэлым, згодна з ацэнкай Дзярждэпартамента ЗША, застаецца вельмі дрэннай. Паводле дакладу, «варожасць беларускага рэжыму да дэмакратыі і правоў чалавека ў спалучэнні з практычна поўнай манаполіяй дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі стварылі атмасферу страху і рэпрэсіяў».

Мэты, якія ставяць перад сабой Злучаныя Штаты ў дачыненні да Беларусі, зыходзяць з прынятага ў 2007 гозе Акту аб пашырэнні дэмакратычных каштоўнасцяў. У прэамбуле апублікаванага сёлета дакладу, запісана, што ЗША канцэнтруюць высілкі на ўзмацненні ключавых выбарчых, істытуцыянальных і сацыяльных складнікаў, неабходных для развіцця дэмакратыі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра меры для забеспячэння свабоднага і справядлівага выбарчага працэсу, які ўключае ў сябе не толькі празрыстае галасаванне і справядлівы падлік галасоў, але і магчымасць рэальнай канкурэнцыі падчас перадвыбарчай кампаніі.

У дакладзе Дзярждэпартамента ЗША называюцца канкрэтныя меры, якія ажыццявілі Злучаныя Штаты ў апошні час для садзейнічання дэмакратычным зменам і захаванню правоў чалавека ў Беларусі.

Злучаныя Штаты адзначаюць свой удзел у развіцці і ўмацаванні дэмакратычных партыяў і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У дакладзе кажацца, што ў апошнія гады ЗША аказалі дапамогу для паляпшэння арганізацыйных і тэхнічных магчымасцяў дэмакратычных партыяў, а таксама далучыліся да лепшай каардынацыі дзеянняў названых партыяў і арганізацыяў трэцяга сектара. Таксама ЗША працягвалі праводзіць меры для паляпшэння доступу жыхароў Беларусі да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. Адзначаючы ўдзел ЗША у рэалізацыі адукацыйных праграмаў, Дзярждэпартамент піша пра фінансавую дапамогу ЗША у атрыманні адукацыі 1 800 чалавек ва ўніверсітэце, які аднавіў сваю дзейнасць у суседняй з Беларуссю краіне. Гаворка, відаць, ідзе пра Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, які базіруцца ў Вільні.

У дакладзе таксама адзначаецца, што Злучаныя штаты забяспечылі дапамогай больш чым 90 беларускіх няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца праваабарончымі праблемамі, праблемамі правоў працаўнікоў, грамадзянскай адукацыі, рынкавых рэформаў і гендэрнай роўнасці.

Варта адзначыць, што дзеянні ЗША у дачыненні да Беларусі ўкладваюцца ў межы палажэнняў Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты Кангрэсам ЗША у 2004 годзе. У 2006 годзе дзеянне гэтага Акту было падоўжанае.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках