25 снежня 2024, Серада, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: «Арышты ўдзельнікаў акцыі 7 траўня -- гэта знявага еўрапейскіх каштоўнасцяў»

Актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля арыштавалі ўчора па дарозе ў Менск непадалёк ад пасёлка Бараўляны.

Да актывіста пад'ехалі міліцэйская машына і джып з супрацоўнікамі КДБ у цывільным. Апазіцыянера адвезлі ў Бараўлянскі РАУС, дзе прымусілі здаць адбіткі пальцаў. Вызвалілі Яўгена Афнагеля толькі, калі на Кастрычніцкай плошчы Менска скончылася акцыя салідарнасці. Прозвішчы інспектараў Бараўлянскага РАУС, якія затрымлівалі апазіцыянера - Удолаў і Сярко.

«Тое, што адбылося 7 траўня, а менавіта затрыманні ўдзельнікаў акцыі, паказвае, што Лукашэнка працягвае пляваць на правы чалавека, на дэмакратычныя каштоўнасці. Мала таго, найбольш жорсткія рэпрэсіі акцыя салідарнасці выклікала менавіта ў дзень адкрыцця саміту Усходняга партнёрства ў Празе. Гэта важны паказчык, бо ўлады разумеюць, што менавіта ў гэты дзень увага праваабаронцаў была прыкаваная да Беларусі. І, тым не менш, менавіта 7 траўня, упершыню за апошні тыдзень, была арыштаваная і збітая такая вялікая колькасць удзельнікаў акцыі.

Лукашэнка сёння даў зразумець, што яго палітыка не зменіцца ні пры якіх умовах. Ён упэўнены ў сваёй беспакаранасці і ў тым, што з ім будуць супрацоўнічаць, нягледзячы на тое, што ў нас ёсць палітвязні, што ў нас парушаюцца правы чалавека. Таму ўлады дэманстратыўна жорстка адрэагавалі на акцыю апазіцыі. Рэакцыя ўладаў на мірную акцыю - гэта помста дыктатара за тое, што ён так і не ўбачыў Прагі, і знявага еўрапейскіх каштоўнасцяў і прынцыпаў», -- заявіў Яўген Афнагель у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Нагадаем, што 7 траўня на Кастрычніцкую плошчу Менска вышлі некалькі сотняў чалавек з партрэтамі зніклага 10 гадоў таму былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, а таксама з партрэтамі палітычных зняволеных Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі. Супраць удзельнікаў акцыі памяці выкрадзенага і забітага ў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі былі кінутыя супрацоўнікі АМАПа. Перад і пасля акцыі былі збітыя і арыштаваныя дзясяткі апазіцыянераў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках