25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэстанты не маюць намеру аддаваць будынак свайго храма ўладам

Царква «Новае жыццё» не збіраецца пераязджаць і застаецца ў сваім будынку па вуліцы Кавалёва, 72.

Пра гэта паведамляецца ў лісце пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі ад 6 траўня намесніку старшыні Менскага гарвыканкама Міхаілу Ціценкову, перадае БелаПАН.

16 сакавіка пастару паступіла пісьмовая прапанова Менгарвыканкама абмеркаваць пытанне будаўніцтва ў раёне МКАД - вуліца Шаранговіча новага будынка супольнасці на зямельным участку плошчай каля 0,4 гектара, які ў чатыры разы меншы за раней вылучаны.

Паводле юрыста царквы Сяргея Луканіна, 5 траўня праблема абмяркоўвалася на агульным сходзе чальцоў супольнасці з удзелам большасці вернікаў, якія аднагалосна прагаласавалі супраць прапановы гарадскіх уладаў. Сваю пазіцыю пратэстанты матывавалі тым, што для вырашэння пытання аб вылучэнні зямельнага ўчастка супольнасці трэба будзе ажыццявіць шэраг працаў і ўзгадненняў, для чаго запатрабуецца ад паўтарох да двух гадоў і не менш за 100 тыс. даляраў ЗША, а для ўзвядзення новага храма - ад 3 да 5 млн. даляраў. «Акрамя таго, выступоўцы падкрэслівалі, што дзякуючы малітвам і пакутам, праз якія прайшла супольнасць, стала святой зямля, на якой стаіць будынак царквы», - сказаў С.Луканін.

Найлепшы выхад з сітуацыі вернікі бачаць у будаўніцтве новага сучаснага храма на зямельным участку, раней вылучаным супольнасці. У сувязі з тым, што паміж царквой і МКАД забудова не плануецца, супольнасць просіць Менгарвыканкам вылучыць дадатковы ўчастак зямлі, дастатковы для будаўніцтва комплексу з біблейскім каледжам, інтэрнатам для студэнтаў пры каледжы, хрысціянскім цэнтрам рэабілітацыі асобы (для алка-, нарказалежных і пацярпелых ад гвалту), прытулкам для бяздомных з бясплатнай сталовай і іншымі аб'ектамі нерухомасці, у якіх змогуць размясціцца сацыяльныя службы, значныя для Менска і грамадства.

Вернікі таксама просяць разгледзець пытанне аб вылучэнні на гэтыя мэты дадатковых сродкаў з гарадскога бюджэту.

Як адзначыў С.Луканін, супольнасць выказвае надзею на Бога і разважлівасць уладаў, а таксама на падтрымку беларускай і міжнароднай грамадскасці.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках