23 лiстапада 2024, Субота, 21:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У галадоўцы салідарнасці з палітвязнямі прымаюць удзел ужо 26 чалавек

Колькасць удзельнікаў галадоўкі салідарнасці ў падтрымку палітвязня Мікалая Аўтуховіча павялічваецца з кожным днём.

8 траўня да актывістаў «Маладога Фронту», якія ўвесь час знаходзяцца і галадаюць у будынку офіса партыі БНФ, далучыўся салігорскі маладафронтавец Ілля Нагорны. Малады чалавек мае намер трымаць бестэрміновую галадоўку да таго часу, пакуль пракуратура не выканае ўмовы Мікалая Аўтуховіча: змяніць меру стрымання на хатні арышт ці неадкладна правесці справядлівы судовы працэс, піша сайт mfront.net.

7 траўня галадоўку распачаў беларускі грамадскі актывіст Раман Багдановіч, а таксама два актывісты «Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня» (БЭЗ). Сябры БЭЗа абвясцілі пра галадоўку проста насупраць будынка Еўракамісіі і Рады Еўропы ў Брусэлі.

Па словах каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Менскай вобласці Леаніда Скарабагатага, 5 траўня распачала бестэрміновую галадоўку яго дачка Эмілія. Сам Леанід Скарабагаты у знак салідарнасці з галадоўнікамі 5 траўня трымаў сухую галадоўку.

7 траўня стала вядома аб тым, што прыняць удзел у бестэрміновай галадоўцы вырашыў і грамадскі актывіст Алесь Гетман – ён трымае галадоўку з серады.

Такім чынам, на гэты момант галадоўку салідарнасці праводзяць не менш за 26 чалавек.

Нагадаем, 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя прадпрымальнікі Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, якіх дагэтуль утрымліваюць у менскім СІЗА №1.

У знак пратэсту супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў Мікалай Аўтуховіч абвясціў галадоўку. Патрабуючы сваго вызвалення і вызвалення сваіх паплечнікаў – Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, ён галадае ўжо 21-я суткі.

4 траўня палітычныя і грамадскія дзеячы абвясцілі аб бестэрміновай галадоўцы салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам. У галадоўцы прымаюць удзел вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы як у Беларусі, так і за мяжой. Сярод удзельнікаў галадоўкі — экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, былыя палітвязні Андрэй Кім, Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў.

Актывісты Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Андрэй Цянюта, Арцём Дубскі, Яўген Скрабец, Глеб Сноркін і Ірына Губская галадаюць бестэрмінова ў будынку Управы Партыі БНФ у Менску.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках