24 снежня 2024, aўторак, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Толькі дэмакратычная Беларусь можа быць партнёрам Еўропы»

4
Андрэй Саннікаў: «Толькі дэмакратычная Беларусь можа быць партнёрам Еўропы»

Калі еўрапейцы будуць супрацоўнічаць з дыктатарскім рэжымам, дык рэпрэсіі супраць апазіцыі ў Беларусі будуць толькі працягвацца.

Пра гэта ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які 7 траўня прыняў удзел у акцыі памяці выкрадзенага і забітага ў Беларусі 10 гадоў таму экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, дзясяткі ўдзельнікаў якой былі збітыя і затрыманыя.

«Сённяшнія арышты ізноў прадэманстравалі бачанне рэжымам Лукашэнкі праграмы «Усходняе партнёрства». Дыктатар неаднаразова заяўляў, што будзе ўдзельнічаць у любых праграмах, прапанаваных Еўразвязам, толькі на сваіх умовах. Сёння ён гэта наглядна прадэманстраваў, нават не чакаючы завяршэння саміта ЕЗ па Усходнім партнёрстве ў Празе. Лукашэнка вельмі добра пачуў сігналы з Брусэля: беларускі рэжым зможа ўдзельнічаць у новай ініцыятыве Еўропы, калі ён не прызнае Паўднёвую Асецію і Абхазію. Ніякіх іншых умоваў Брусэль публічна не высоўваў, таму ў Беларусі не выпадкова адбываецца поўнамаштабны наступ на правы чалавека.

Усходняе партнёрства сапраўды можа стаць для Беларусі перспектыўным этапам для ўступлення ў ЕЗ, але толькі не пры рэжыме Лукашэнкі. Калі еўрапейцы па-ранейшаму будуць уводзіць сябе ў зман, што з дыктатарам можна мець справу, дык кожны раз яго адказ будзе ўсё больш жорсткім у дачыненні да апазіцыі.

Для Беларусі нашмат важней сённяшняя мужнасць людзей на плошчы, галадоўка Мікалая Аўтуховіча, эстафетная галадоўка ў яго падтрымку, чым дыпламатычныя стасункі са служкамі рэжыму ў Празе. Толькі дэмакратычная Беларусь, дзеля якой беларусы гатовыя рызыкаваць сваім жыццём і здароўем, можа быць паўнапраўным партнёрам Еўропы ва ўсіх галінах міжнародных стасункаў», - заявіў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках