24 снежня 2024, aўторак, 21:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масавыя арышты апазіцыянераў у Менску ў дзень саміту Усходняга партнёрства (Відэа, фота)

30
Масавыя арышты апазіцыянераў у Менску ў дзень саміту Усходняга партнёрства (Відэа, фота)

Супраць удзельнікаў акцыі памяці выкрадзенага і забітага ў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі ў Менску былі зноў кінутыя супрацоўнікі АМАПа. Перад і пасля акцыі былі арыштаваныя дзясяткі апазіцыянераў.

7 траўня, у 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска вышлі некалькі сотняў чалавек з партрэтамі зніклага 10 гадоў таму былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, а таксама з партрэтамі палітычных зняволеных Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі. У акцыі прымалі ўдзел актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронту», Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, вядомыя ў краіне апазіцыйныя палітыкі лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бародка, Павал Юхневіч, Аляксандр Атрошчанкаў, прафсаюзны лідэр Аляксандр Бухвостаў, былы палітвязень Сяргей Скрабец, лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, а таксама простыя грамадзяне. На плошчу таксама вышлі ўдзельнікі галадоўкі салідарнасці з палітвязнямі, якая праходзіць у Менску з 4 траўня.

Супраць удзельнікаў акцыі былі выстаўленыя дзясяткі супрацоўнікаў АМАПа ў форме і ў цывільным. Яны абкружылі дэманстрантаў з двух бакоў і трымалі ў коле ўвесь час, пакуль доўжылася акцыя. Апазіцыянеры трымалі таксама расцяжкі «Свабоду палітвязням!», «Галадоўка», нацыянальныя сцягі і сцягі «Еўрапейскай Беларусі». Людзі бесперапынна скандавалі «Свабоду!», «Жыве Беларусь!».

У канцы каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка нагадаў, што сёння дзясятыя ўгодкі гвалтоўнага знікнення аднаго з лідэраў апазіцыі, генерала Юрыя Захаранкі, і ўдзельнікі акцыі ўшанавалі хвілінай маўчання яго памяць.

Мірная дэманстрацыя скончылася масавымі арыштамі апазіцыянераў. Перад акцыяй супрацоўнікамі АМАПа ў цывільным былі арыштаваныя лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель, Максім Сергіец, Аляксей Сянчыла, Сяргей Казакоў. Іх хапалі проста каля выхаду з метро. Пры затрыманні апазіцыянераў збівалі.

Таксама пад Менскам перад пачаткам акцыі салідарнасці амапаўцы затрымалі чатырох актывістаў «Маладога фронту». Актывісты ехалі на мерапрыемства ў дзіцячы дом ў вёсцы Станькава. Затрыманых адвезлі ў аддзяленне міліцыі Цэнтральнага раёна Менска.

Новыя арышты пачаліся пасля заканчэння акцыі на Кастрычніцкай плошчы, калі пратэстоўцы сталі разыходзіцца. Амапаўцы ў форме і цывільным сілай запіхвалі людзей у аўтобусы і везлі ў невядомым накірунку. На Кастрычніцкай плошчы і ў розных частках Менска пасля акцыі былі арыштаваныя актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, Кацярына Людвіг, Аляксей Ляўковіч, Вераніка Кашкан, Алеся Якубовская, дэмакратычныя актывісты Сяржук Семянюк, Ірына Смяян, сябра «Моладзі БНФ» Антон Койпіш, удзельнікі галадоўкі салідарнасці, актывісты «Маладога Фронту» Арцём Дубскі і Мікола Дземідзенка, актывісты МФ Таццяна Шапуцька, Павал Кур'яновіч, Антон Русін, Наста Лойка, Юлія Міхайлава, актывісты «Маладых дэмакратаў» Раман Багдановіч, Даніла Барысевіч і Сяргей Клюеў. Пры затрыманні амапаўцы павалілі Міколу Дземідзенку на асфальт і збівалі.

Таксама была зробленая спроба арыштаваць актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Паўла Юхневіча. Амапаўцы спрабавалі схапіць яго проста пры ўваходзе ў метро, але актывіста змаглі абараніць журналісты, фотакамераў якіх міліцыянты спалохаліся.

Усіх затрыманых, а іх прыкладна 30 чалавек, адвезлі ў Цэнтральны РУУС сталіцы. У аддзяленні міліцыі апазіцыянераў пратрымалі некалькі гадзінаў. Як паведамілі праваабаронцы, шмат якім актывістам правялі працэдуру дактыласкапіі. Паведамляецца таксама, што амапаўцы збівалі дэманстрантаў пры затрыманні, а таксама непасрэдна ў будынку РУУС.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках