25 снежня 2024, Серада, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

20-ы дзень галадоўкі Аўтуховіча. 6-ы дзень акцыі салідарнасці (Фота, відэа)

7
20-ы дзень галадоўкі Аўтуховіча. 6-ы дзень акцыі салідарнасці (Фота, відэа)

Беларусы зноў вышлі на вуліцы ў падтрымку палітвязня, які абвесціў бестэрміновую галадоўку.

У 18.00 вось ужо шосты дзень запар на Кастрычніцкую плошчу вышлі некалькі дзясяткаў актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і арганізацыі «Малады Фронт». Апазіцыянеры трымалі партрэты палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі і разгарнулі бел-чырвона-белы і еўрапейскі сцягі.

Удзельнікі акцыі скандавалі «Свабоду палітвязням!» і «Жыве Беларусь!». За пратэстоўцамі назіралі дзясяткі супрацоўнікаў АМАПа ў форме і цывільным, вялася аператыўная відэаздымка. Амапаўцы таксама сталі на плошчы, побач з праезжай часткай.

У акцыі прымалі ўдзел лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, моладзевыя лідэры, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бародка, Аляксандр Атрошчанкаў, Максім Вінярскі, удзельнік «Працэсу 14-ці» Максім Дашук і іншыя.

Цікава, што ў гэты час у Швейцарыі праходзіў матч 1/4 фіналу Расея — Беларусь чэмпіянату свету па хакеі, але на Кастрычніцкай плошчы, дзе звычайна транслююцца ўсе вядучыя гульні, трансляцыя паядынку нашых хакеістаў з расейцам не вялася. Відавочна, што ўлады асцерагаліся, што ў гэты час на плошчы збярэцца вельмі шмат людзей.

Нагадаем, што акцыі салідарнасці з палітвязнямі праходзяць у Менску кожны дзень. Беларусы выходзяць на вуліцы ў знак падтрымкі палітвязняў, адзін з якіх, Мікалай Аўтуховіч, трымае бестэрміновую галадоўку, якая сур'ёзна пагражае яго жыццю.

Мікалай Аўтуховіч галадае ўжо 20 дзён, і ўжо шэсць дзён у цэнтры Менска праходзяць акцыі салідарнасці з ім.

У канцы акцыі моладзевыя актывісты заклікалі беларусаў зноў выйсці 7 траўня, у 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска.

«Сёння на спецыяльным прэзідыюме АДС мы прынялі зварот да міжнароднай супольнасці. Мы апелюем да тых, хто напрост размаўляе з беларускімі ўладамі, хто ганарыцца тым, што ў іх нібыта ёсць дыялог з Лукашэнкам. Калі ў кіраўніка МЗС Чэхіі Карэла Шварцэнберга ці ў Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Хаўера Саланы ёсць выйсце на беларускіх высокопоставленных чыноўнікаў, хай звернуцца да Лукашэнкі, каб ён вызваліў палітвязняў. Тады мы ўсе скажам: «Так, нешта мае сэнс у гэтым дыялогу». Бо зараз гаворка ідзе пра жыцці людзей. Нам усім добра, нават тым, хто стаіць ў гэтым ланцугу. Мы на волі, мы можам дыхаць. А Мікалай Аўтуховіч трымае 20-ы дзень галадоўкі. Зразумела, што ён вычарпаў усе інструманты барацьбы. Ён ужо не звязвае свае надзеі ні з кім. Напэўна, толькі з акцыямі салідарнасці. Калі людзі выходзяць на плошчу, значыць, ёсць яшчэ сэрца, і яно б'ецца ў грудзях Беларусі», -- заявіў пасля акцыі ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

«Я толькі што вярнуўся з Польшчы, дзе ў мяне не было доступу ў інтэрнэт. І толькі ўчора даведаўся, што ў Менску праходзіць галадоўка салідарнасці і акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Я наведаў сваіх таварышаў па «Маладым фронце», якія галадаюць на офісе Партыі БНФ, і зараз прыйшоў на плошчу падтрымаць палітвязняў. Я сам неаднаразова «сядзеў» і ведаю, што самае важнае – гэта салідарнасць. У турме гэта вельмі падтрымлівала і не давала зламацца», - заявіў актывіст «Маладога Фронту» Павал Кур'яновіч.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў упэўнены, што акцыі салідарнасці прывядуць да вызвалення палітвязняў.

«Мікалай Аўтуховіч ужо 20-ы трымае галадоўку. І кожны чалавек, не толькі палітычна і па-грамадзянску актыўны, проста чалавек, якому знаёмае пачуццё спачування і салідарнасці, павінен быць тут. Я хачу прыцягнуць увагу ўладаў і звычайных грамадзянаў да гэтай праблемы. Я не ведаю блізка Аўтуховіча, на жаль, бачыў яго ўсяго толькі пару разоў у жыцці, але ведаю, што гэта чалавек слова, чалавек гонару. Лічу, што такі чалавек не павінен пакутаваць. Іх павінна быць як мага больш у нашай краіне. Улічваючы цяперашні фізічны стан Мікалая Аўтуховіча, яго жыццю пагражае небяспека. Таму я павінен зрабіць усё, каб прыцягнуць увагу да гэтай сітуацыі і дамагчыся вызвалення палітвязня. Мы ўсе памятаем, што летась дзякуючы акцыям салідарнасці на волю вышлі палітвязні. Кожнае вызваленне – гэта перамога нашай салідарнасці. Я упэўнены, што так будзе і ў гэты раз», - заявіў моладзевы лідэр.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках