25 снежня 2024, Серада, 9:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зянон Пазьняк: «Лукашэнка стаў першым дзікуном, які такое зрабіў»

28

Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк даў рэзкі аналіз нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Папам Рымскім.

"Мы сталі сведкамі, як візіт Лукашэнкі да Папы Рымскага Бенедыкта 16-га не тое што дрэнна, а проста фатальна падзейначаў на свядомасьць некаторых вольных беларусаў. Іншыя хапаюцца за галаву, маўляў, свет здурэў, усё прагніло і нікому нельга верыць, а Папу, якога яны лічылі найвялікшым маральным аўтарытэтам, аказваецца "напляваць на нашы душы", - напісаў палітык на партыйным сайце www.pbpf.org.

І спяшаецца давесці, што "ўсё гэта, вядома, не так". Паводле Зянона Пазьняка, "прычына такога ўспрыняцця крыецца ў неінфармаванасці і, часткова, на жаль, у антырэлігійным выхаванні. Каталіцкі Касцёл адчынены для чалавека. Ён не практыкуе святарскага ментарства, тут свая мова адносінаў, пагрунтаваная на свабодзе і павазе да бліжняга - праява культуры тыпова еўрапейскага кшталту. У чалавечым вымярэнні такія абставіны пазначаны ўсюды ад характару літургіі да дачыненняў паміж сьвятаром і вернікамі і, таксама, паміж самымі вернікамі. Папа Бенедыкт 16-ы дзейнічае дакладна ў духу гэтай рэлігійнай культуры, і ў дачыненні да прыняцця з візітам "апошняга ізгоя Еўропы" не парушыў ніводнага, устаноўленага ў Ватыкане правіла, звычаю і традыцыі. А правілы такія, што кіраўнік дзяржавы можа прасіць прыняць яго ў Ватыкане, будучы на тэрыторыі Італіі. Папа тады не адмаўляе. Як вышэйшая духоўная ўлада ён па прыкладу Боскаму гатовы выслухаць любую асобу, не робячы ніякіх папярэдніх вердыктаў, бо ўсе душы роўныя перад Богам. У адваротным выпадку траціўся б сэнс рэлігіі і функцыя Касцёла. Акрамя таго, Беларусь мае дыпламатычныя зносіны з дзяржавай Ватыкан, і калі кіраўнік дзяржавы просіць, каб яго прынялі, то яго прымаюць, нават калі і не надта хочуць".

Палітык адзначае, як ганебна вёў сябе Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з пантыфікам.

"Візіцёраў, якія наведваюць Папу, абавязваюць добрыя манеры, культура, павага. Гэта спецыяльна не прапісана, суправаджальная асобы таксама не рэгламентуюцца, кожны кіруецца сам, сваёй выхаванасцю, пачцівасцю, пашанай да Папы і г. д. І нікому яшчэ ні прышло ў галаву прыйсці да Папы ў шлёпанцах на босу нагу, з любоўніцай ці з пазашлюбным дзіцем (пры жывой жонцы). Лукашэнка стаў першым дзікуном, які такое зрабіў. Зразумела, пра што ён думаў сваімі мазгамі і чаго хацеў дасягнуць. У Рыме ўсё ўбачылі і ўсё зразумелі. Дзіцятка не вінаватае, што яго выкарыстоўваюць як цацку, у палітычных гульнях. Яно тут ёсць несвядомай ахвярай людзкой жорсткасці і разьліку. Пантыфік цёпла прывітаў хлопчака як найлепш, як і трэба рабіць добраму і мудраму чалавеку".

"Тое, што за ўсю гісторыю Ватыкана ніхто не хадзіў да Папы з пазашлюбным дзіцем - гэта вядома. Не ведаю, аднак, ці размаўляў хто калі з Пантыфікам у такой ненармальнай манеры, як Лукашэнка (а гэта таксама заўважылі)", - даводзіць лідэр КХП-БНФ.

"Наша встреча затянулась на долгие годы, но наконец-то мы встретились", - кажа Лукашэнка. Тут не праста няўменьне гаварыць. Ён лічыць сябе раўнёй з Пантыфікам (а ў глыбіні душы, магчыма, і вышэй), таму такая фраза. Некалі ў 90-х Лукашэнка спаткаўся з прэм'ерам Расіі Віктарам Чарнамырдзіным (былым намэнклатурным цэкістам і шышкай КПСС) і кажа яму: "Вітя". Чарнамырдзін пакруціў шыяй і буркнуў: "М-да, давненько меня никто Витей не называл".А вось як выглядае запрашэнне Пантыфіку наведаць Беларусь (ёсьць відэазапіс у Інтэрнеце, кожны можа паглядзець): "Если вы найдёте время, мы с Вами встретимся на Белорусской земле, кажа Лукашэнка. - Если Гасподь так решит - Вы исполните", - разважае Пазьняк.

"Так што ня трэба заламываць рук і расчароўвацца ў папскай прыстойнасьці, спадарам інтэлігенцыі. Еўропа даверлівая, філісцерская і г. д., але яна чуйная на бескультур'е. Гэта не Расія, дзе паміж "феняй", матам і "фігнёй" Лукашэнка можа плаваць, як рыба ў моры, і біць бакалы аб паркет. Вось дзе сапраўды ня трэба каб ён быў - гэта на саміце Еўразвязу ў Празе 7 траўня. Ягоная прысутнасць-непрысутнасць там ёсць вельмі прынцаповае, балючае для ўспрыняцця, сімвалічнае і знакавае для беларусаў пытанне... Прыём у Папы быў падрыхтаваны дзеля таго, каб Лукашэнка зразумеў, што ў Прагу цяпер яму ехаць не трэба", - кажа Пазьняк.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках