23 лiстапада 2024, Субота, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністр фінансаў РФ: «Мы можам сутыкнуцца з неплацёжаздольнасцю беларускай эканомікі»

61

Аляксей Кудрын заявіў, што напампоўка крэдытамі можа абярнуцца для Беларусі незваротнымі наступствамі.

Аляксей Кудрын заявіў, што пытанне пра выдачу Беларусі другога транша крэдыту ў памеры 500 мільёнаў даляраў можа быць вырашанае пасля таго, як Расея пераканаецца ў адэкватных дзеяннях з боку Менска, паведамляе РИА «Новости».

З такой заявай Кудрын выступіў перад журналістамі перад паседжаннем Савета міністраў «саюзнай дзяржавы». Кудрын не патлумачыў, што разумеецца пад адэкватнымі дзеяннямі.

Кудрын паведаміў таксама, што ў парадку паседжання Савета міністраў пытанне аб крэдыце не стаіць. «Гэта пытанне двухбаковых перамоваў», — сказаў ён.

У той жа час, як адзначыў міністр фінансаў, Расея выступіла з прапановай Беларусі ўзяць апошнюю траншу расейскага крэдыту ў расейскіх рублях у эквіваленце, але Беларусь адмовілася.

«Я прапаноўваў Аляксандру Рыгоравічу, і наш прэзідэнт (Дзмітры Мядзведзеў) падтрымаў, выдаць крэдыт у памеры $500 млн у расейскіх рублях, калі расейскія рублі так патрэбныя ва ўзаемных разліках, але Беларусь адмовілася», - сказаў А.Кудрын.

Паводле Кудрына, беларуская эканоміка можа не вытрымаць крэдытнай нагрузкі.

«Мы можам сутыкнуцца з неплацёжаздольнасцю беларускага ўрада і ў цэлым эканомікі ў сувязі з недастатковасцю золатавалютных рэзерваў, магчыма нават у канцы гэтага года, а можа - праз год», - заявіў Аляксей Кудрын.

Ён падкрэсліў, што «даванне транша ў $500 млн залежыць ад эканамічнай палітыкі, якую праводзіць Беларусь».

«Урад Рэспублікі Беларусь прымае недастатковыя меры, каб забяспечыць сваю стабільнасць і плацёжаздольнасць сваёй эканомікі», - сказаў А. Кудрын.

Таксама ён паведаміў, што беларускія ўлады папрасілі ў Расеі крэдыт на будаўніцтва АЭС.

«Беларускі бок просіць у Расеі крэдыт на будаўніцтва АЭС у памеры $9 млрд", - заявіў Кудрын.

Ён нагадаў, што рашэнне аб будаўніцтве АЭС пакуль не прынятае.

«Заяўка аб выдачы крэдыту ад беларускага ўрада ў нас ёсць, і мы яе разглядаем. Каб пачаць крэдытаваць, трэба пераканацца, што гэтая станцыя будзе пабудаваная, будуць пэўныя рынкі збыту электраэнергіі і кошт тарыфу, які дазволіць крэдыт вярнуць», - сказаў Кудрын.

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што ўрад РФ ужо даў Беларусі крэдыты на самых ільготных умовах з тых, якія атрымлівае ў цяперашні час Менск: на 15 гадоў з пяцігадовым ільготным перыядам, па стаўцы LIBOR+3% (менш за 4% гадавых на гэтым этапе). Крэдыты Міжнароднага валютнага фонду, напрыклад, адзначыў ён, даюцца на кароткі тэрмін - на тры гады. Ён таксама нагадаў пра тое, што МВФ затрымлівае даванне Беларусі чарговага транша крэдыту.

«Але нават гэтая акалічнасць ужо стала непасільнай», - сказаў Кудрын, маючы на ўвазе ўзятыя Менскам крэдытныя абавязальніцтвы.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках