24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя зоны на Кальварыйскай

У 2009 годзе 1-я менская калёнія на вуліцы Кальварыйскай будзе расфармаваная. Гэтая ўстанова адметная тым, што ў ёй утрымлівалі шмат вядомых асобаў.

Пажар ў прамысловай зоне 1-й калёніі на вуліцы Кальварыйскай, які здарыўся ў нядзелю, бачыла шмат людзей. Журналіст Васіль Сямашка, які некалькі гадоў таму адсядзеў за плотам калёніі «за хуліганства», дакладна ведае, што гарэла і дзе.

«Дошку зь сябрам адламалі на плоце і прайшлі туды. Я нават пафатаграфаваў. Вязьняў там яшчэ трымаюць, а прамысловую зону ўжо не ахоўваюць. Яна ўся разрабаваная, там усё паламанае. Усё паступова вывозяць, карпусы нішчаць. Што да пажару, мяркую, гарэлі рэшткі скуразамяняльнікаў і паралёну, зь якіх рабілі сядзеньні ў трактарах, МАЗах. Я бачыў гэтую кучу», - распавёў журналіст у інтэрўю «Радыё Свабода».

6 гадоў на участку зборкі кабінаў для трактароў працаваў Міхаіл Лявонаў, былы генэральны дырэктар МТЗ, асуджаны за крадзеж некалькіх мільёнаў даляраў. Вядома, што віны сваёй былы дырэктар не прызнаў, стратаў не сплаціў, і таму да яго не ўжывалі амністыі, што адна за другой праходзілі ў апошнія гады. Не чакае Міхаіл Лявонаў і сёлетняй амністыі, прызнаецца ягоная жонка Алена, якой засталося яшчэ 7 месяцаў чакаць мужа.

«Цяпер не працуе. З 1-га красавіка прамысловую зону закрылі, паставілі новы плот, яны туды нават і прайсьці ня могуць. Вось такія у нас навіны нядобрыя», - кажа Алена Лявонава.

На адным з будынкаў менскай калёніі № 1 з вуліцы можна пабачыць выкладзеныя цэглай лічбы 1959. Паводле дакумэнтаў, менавіта ў канцы 1950-х калёнія ўзьнікла як самастойная турэмная установа. Але адмыслоўцы кажуць, што і на даваенных мапах на гэтым месцы пазначаныя баракі, якія адпавядаюць контурам цяперашніх карпусоў калёніі. Невядома, аднак, ці былі гэтыя баракі зьвязаныя з ГУЛАГам — сыстэмай лягераў у сталінскія часы, празь якія прайшлі мільёны вязьняў, у тым ліку палітычных. Наяўнасьць побач чыгуначнай лініі — адзіная рэальная прыкмета таго, што баракі на нейкі час маглі засяляцца і «ворагамі народу».

Пры канцы 1990-х актывіст «Маладога Фронту» Аляксей Шыдлоўскі ды былыя дэпутаты Ўладзімер Кудзінаў, а за ім Андрэй Клімаў адкрылі новы пэрыяд гісторыі калёніі — калі тут зноў сталі ўтрымліваць «палітычных». Уладзімер Кудзінаў, які цяпер жыве ў Севастопалі ва Ўкраіне, без асаблівых эмоцыяў распавядае пра ўмовы ў менскай калёніі.

«Там жа зона падзяляецца на дзьве часткі. Адна жылая, другая — працоўная. У жылой зоне ёсьць яшчэ аддзяленьне — рэспубліканскі турэмны шпіталь. Працоўная зона значна большая. Казалі, што ў 80-я гады там хапала працоўных месцаў усім асуджаным. Тады ў Савецкім Саюзе быў падыход, што выпраўленьне — праз працу. І яшчэ там шмат было алімэнтнікаў, а як зарабіць на алімэнты, калі не працаваць? Іх абавязаныя былі працаўладкаваць. У 80-я гады гэта была ўзорная калёнія, першае месца трымала, а потым стала звычайнай. У атрадзе па 120 чалавек, ў тры ярусы ложкі. А плошча 20 на 30 мэтраў», - узгадвае Ўладзімер Кудзінаў.

Грамадзкі актывіст Цімафей Дранчук таксама некалькі месяцаў адбыў на Кальварыйскай. Цімафей называе яшчэ адну адметнасьць гэтай калёніі —яна была першай гэтак званай «чырвонай зонай». Яшчэ ў савецкія часы сюды сталі саджаць асуджаных чыноўнікаў, дырэктараў, а галоўнае міліцыянтаў, для якіх знаходжаньне сярод крымінальнага кантынгенту было рызыкоўным. Вынікам стала тое, што злодзейскія традыцыі ў калёніі № 1 саступілі месца іншым парадкам, гэтак званым «чырвоным».

«Там кожнага папярэджваюць, што палітыку абмяркоўваць наогул нельга, чым меней у цябе кантактаў зь іншымі зьняволенымі, тым лепш. Там створаныя такія ўмовы, што ўсе адно на аднаго пішуць даносы, бо за данос могуць даць дадатковае спатканьне ці дадатковую перадачу. Зь людзей зь ня вельмі цьвёрдай псыхікай там робяць быдла», - падкрэсьлівае апазыцыянэр.

Цімафей Дранчук ужо не засьпеў час, калі у турэмную сталоўку вязьні мусілі хадзіць пад савецкія песьні, затое на ўласным досьведзе зьведаў правіла: калі ў атрад уваходзіць нейкі начальнік, першы, хто яго пабачыў, абавязаны падняцца і гучна закрычаць усім: «Уставай!» Аднойчы Цімафей не пасьпеў зрэагаваць на афіцэра і ледзь ня трапіў у карцэр. Яшчэ былы палітвязень згадвае: у любое надвор’е а 6-й раніцы вязьні мусяць выйсьці на зарадку.

«Былы такая гісторыя зь Міхаілам Марынічам, былым міністрам і амбасадарам. Яе мне распавялі турэмныя старажылы. Ён выйшаў на зарадку хворым і паказаў даведку, што ня можа ўдзельнічаць. Дык ахоўнік у яго на вачах гэтую даведку проста парваў», - кажа Цімафей Дранчук.

Колькі вязьняў прайшло праз «адзінку» за 50 гадоў існаваньня калёніі? У МУС такія лічбы не называюць, спасылаючыся на службовую таямніцу. Паводле Ўладзімера Кудзінава, у канцы 1990-х гадоў там сядзелі 3,5 тысячы вязьняў. Сярэдні тэрмін, паводле падлікаў Кудзінава, быў 3-5 гадоў. Такім чынам, за яе платамі пабывала ня меней за 50-60 тысяч чалавек. Няўжо ніхто зь іх не спрабаваў уцячы? Журналіст Васіль Сямашка кажа, што ўцёкі былі - і скончыліся вельмі сымбалічна.

«Мне распавядаў чалавек, які там сядзеў у пачатку 1990-х гадоў. Казаў, што былі ўцёкі. Прычым ўнікальныя. Аднаму ці двум асуджаным заставалася літаральна дзень-два да вызваленьня. Як правіла, яны ўжо увесь пэрсанал зоны ведаюць і іх усе ведаюць. І яны ўгаварылі вартаўніка, каб ён іх прапусьціў праз плот за гарэлкай. Яны пасьпяхова схадзілі за гарэлкай, вярнуліся, напіліся, і толькі тады выкрыліся гэтыя «ўцёкі». І пасьля гэтага на тым месцы ў навуку вартаўнікам павесілі таблічку, што тут быў зроблены дзёрзкі групавы пабег. А як я пра гэта даведаўся? Спачатку убачыў гэтую таблічку, а ўжо потым вязень мне распавёў тую легенду», - зазначыў Васіль Сямашка.

Да канца году ўлады абяцаюць этапаваць апошніх вязьняў «адзінкі» ў іншыя калёніі краіны, а саму ўстанову расфармаваць. Магчыма, захаваецца на ранейшым месцы толькі турэмны шпіталь — пакуль яго няма куды перавозіць, а ўмовы, кажуць вязьні, там створаныя неблагія. Але турэмная гісторыя калёніі й на гэтым ня спыніцца. Цяпер у ізалятары КДБ сядзіць пад сьледзтвам былы намесьнік начальніка калёніі — яго абвінавачваюць у злоўжываньні службовым становішчам. Нібыта кагосьці выпусьціў на волю раней за тэрмін. Таксама турма «сьвеціць» былому лекару-псыхолягу калёніі. Паводле зьвестак, гэтага адказнага супрацоўніка былой ўстановы УЖ 15/1 падазраюць у распаўсюдзе наркотыкаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках