27 снежня 2024, Пятніца, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачка палітвязня Асіпенкі: «Самае жудаснае было ўбачыць бацьку, калі ён стаяў тварам да сцяны»

2

Сваякам Уладзіміра Асіпенкі ўпершыню за тры месяцы дазволілі спатканне з палітвязнем.

Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 дачка палітвязня Людміла Асіпенка, у панядзелак яна сустрэлася з бацькам у СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама.

«У пятніцу я патэлефанавала следчаму Кухарчыку В.Л. з мэтай удакладніць пытанне аб атрыманні майго ліста з просьбай аб спатканні, -- распавяла прэс-цэнтру Хартыі’97 дачка палітвязня. -- Ён адказаў, што атрымаў ліст і верагодна дасць нам магчымасць убачыць бацьку. У суботу мы прыехалі да яго ў Гародню за дазволам - спатканне сапраўды далі, усім блізкім сваякам бацькі - мне, сястры Вользе, маме, унучцы».

Па словах Людмілы Асіпенка, ейны бацька заяўляе, што ягоная вайсковая загартоўка не дае яму «зламацца».

«У панядзелак мы прыехалі ў турму на Валадарскага, -- распавядае Людміла Асіпенка. -- У 9.40 нас запусцілі ў пакой спатканняў і ў 10 раніцы прывялі бацьку. Спатканне скончылася ў 10.40. Для нас гэта быў адначасова шокам і радасцю. Мы не верылі да апошняга ў тое, што гэта адбудзецца. Усё апынулася праўдай толькі тады, калі яго прывялі. Па ягоных словах, ягоная вайсковая загартоўка не дасць яму зламацца. Убачыўшы яго, мы супакоіліся. Бо адна справа чытаць лісты і спадзявацца, што ён піша праўду аб маральным стане, але іншае - убачыць усё сваімі вачамі. З нагоды справы мы не размаўлялі. З аднаго боку мы ехалі, каб яго ўбачыць, а з іншага - не пагаворыш, бо там праслухоўка, я так думаю. Самае жудаснае для мяне было - убачыць бацьку, калі ён стаяў тварам да сцяны. Я не ведала, што там такія правілы. Для бацькі, падпалкоўніка ў запасе, гэта нялёгкае выпрабаванне... І развітвацца - вельмі цяжка».

Нагадаем, што актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года і ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА №1. 16 красавіка Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку.

Нядаўна стала вядома, што следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня.

Праваабаронцы лічаць арыштаваных палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў раней ужо былі змешчаныя ў турму, і тады міжнародная супольнасць прызнала іх вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках