24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязню Аўтуховічу зноў не дазволілі перадаць пітную ваду

22 траўня адміністрацыя СІЗА №1 у Менску адмовілася прыняць у праваабаронцаў перадачу для палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, які трымае галадоўку ўжо 38-ы дзень.

У выкананні гэтай просьбы Аўтуховічу адмовілі ўжо другі раз за тыдзень, піша сайт spring96.org.

«Сёння мы прынеслі перадачу, у тым ліку і пітную ваду, якую прасіў Мікалай Аўтуховіч, у СІЗА №1. Адміністрацыя ўстановы, да якой мы звярнуліся з заявай аб перадачы, адмовіла нам, паведаміўшы пры гэтым, што ваду яны увогуле не прымаюць», - распавёў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Атрымліваецца, што чалавек, які ўжо больш за месяц трымае галадоўку і пры гэтым пакутуе на сур’ёзнае захворванне печані, нават ня мае магчымасці ўжываць чыстую пітную ваду.

Нагадаем, што 20 траўня адміністрацыя Рэспубліканскай бальніцы МУС, дзе на той момант знаходзіўся Мікалай Аўтуховіч, таксама адмовіла праваабаронцам Валянціну Стэфановічу і Ўладзіміру Лабковічу ў перадачы вады для хворага, паколькі яны не даводзяцца Аўтуховічу сваякамі. Праваабаронцы сцвярджаюць, што гэтая адмова абсалютна беспадстаўная, бо ні закон, ні інструкцыі МУС не прадугледжваюць абмежаванняў сярод асобаў, якія могуць рабіць перадачы.

Тым часам, дзяжурны менскага сьледчага ізалятару заявіў «Радыё Свабода», што нічога ня ведае пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча, які па-ранейшаму працягвае галадоўку.

«Ня ведаю, ня ведаю. На жаль, нічога сказаць вам пра яго не магу», - заявіў дзяжурны.

Паводле зьвестак на 21-га траўня, пасьля вяртаньня з рэспубліканскага турэмнага шпіталя Аўтуховіча зноў паклалі ў мэдычную частку ізалятару, дзе, згодна з правіламі, трымаюць хворых і галадоўнікаў. Пазаўчора дзяжурны гэта пацьвердзіў, але пра стан палітвязьня, напрыклад, на колькі кіляграмаў той зхуднеў, прадстаўніку СІЗА не вядома.

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага і змешчаныя ў менскае СІЗА №1.

У знак пратэсту супраць крымінальнага пераследу і таго, што справа фактычна не вядзецца, 16 красавіка Мікалай Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку. Палітвязень патрабуе накіраваць справу ў суд альбо вызваліць яго пад падпіску аб няевыяздзе, а таксама вызваліць Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенку, якія праходзяць па адной з ім справе. Аўтуховіч галадае ўжо 38-ы дзень, і яго жыццё знаходзіцца ў сур'ёзнай небяспецы.

Нядаўна стала вядома, што следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня. За чатыры месяцы сваякам палітвязняў дагэтуль не дазволілі ніводнага спаткання.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнародным грамадствам вязнямі сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках