26 снежня 2024, Чацвер, 19:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» працягваюць галадоўку салідарнасці з палітвязнямі

Мікалай Аўтуховіч галадае ў менскім следчым ізалятары ўжо больш за месяц -- 33 дні. З 4 мая ў Беларусі праходзіць галадоўка салідарнасці з вязьнем сумлення.

Спачатку эстафетную галадоўку абвясцілі вядомыя ў Беларусі палітыкі, а таксама актывісты розных арганізацый. У офісе Партыі БНФ у Менску на працягу 12 дзён праводзілі галадоўку актывісты арганізацыі «Малады Фронт». Галадоўка праходзіла таксама ў рэгіёнах Беларусі і за мяжой.

Зараз акцыю салідарнасці працягваюць актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

«Бестэрміновая галадоўка пераходзіць у фазу эстафетнай. Учора выйшлі з галадоўкі актывіст «Еўрапейскай Беларусі», удзельнік «Працэсу-14», палітвязень Аляксандр Баразенка з Пінска, Алег Мяцеліца з Бялыніч і Ўладзіслаў Бародка з Магілёва. Сёння пачынаю галадаць я, а таксама Павел Вінаградаў з Менска. Галадаць будзем па месцы жыхарства», – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка.

Па словах Бародкі, беларусы павінныя быць салідарныя з вязнямі сумлення.

«Гэта наш акт салідарнасці з галадаючым Мікалаем Аўтуховічам і ягонымі таварышамі, якія зараз знаходзяцца ў турме. Гэтай галадоўкай мы спрабуем прыцягнуць увагу да таго, што ў Беларусі палітвязень вось ужо больш за месяц адмаўляецца прымаць ежу і ягонаму жыццю пагражае сур'ёзная небяспека», -- пракаментаваў апазіцыянер.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» нагадаў, што акцыі ў падтрымку палітвязняў праходзяць у краіне штодня.

«Акцыі салідарнасці праходзяць кожны дзень у розных гарадах Беларусі. Актывісты розных арганізацый выходзяць на вуліцы з партрэтамі вязняў сумлення, распаўсюджваюць інфармацыю, улёткі, вывешваюць транспаранты. Асноўная мэта акцый – выкананне патрабаванняў галадаючага Аўтуховіча, гэта значыць аднаўленне следчых дзеянняў па справе палітвязняў альбо вызваленне іх з-пад варты. Досвед паказвае, што калі ты, нягледзячы ні на што, працягваеш змагацца, то дамагчыся свабоды абсалютна рэальна», -- заявіў Зміцер Бародка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках