26 снежня 2024, Чацвер, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея прыспешвае Лукашэнку з прызнаннем Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

37

Спікер Дзярждумы РФ заявіў, што беларускія ўлады абяцалі прызнаць незалежнасць тэрыторыяў Грузіі яшчэ ў красавіку.

Дзярждума Расеі выступіць з ініцыятывамі па ўмацаванні эканамічнага супрацоўніцтва паміж Расеяй і Абхазіяй. Як паведамляецца на афіцыйным сайце партыі «Адзіная Расея», пра гэта заявіў 18 траўня старшыня Вышэйшага савета партыі, спікер Дзярждумы Барыс Грызлоў на сустрэчы з дэпутатамі «парламента» і чальцамі ўрада каўказскай рэспублікі, паведамляе Baltinfo.ru.

Кажучы пра магчымасць прызнання Абхазіі Беларуссю, Грызлоў заявіў, што ў гэтым накірунку зробленыя пэўныя крокі на «парламенцкім» узроўні.

«У снежні мінулага года дэлегацыі «парламента» Абхазіі быў нададзены статус пастаянных назіральнікаў у парламенцкім сходзе «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі. Другі накірунак, гэта прызнанне Рэспублікі Абхазія з боку Беларусі. На «парламенцкім» узроўні я меў стасункі з кіраўніцтвам і там гатовыя разглядаць гэтае пытанне», - распавёў Б.Грызлоў.

Ён нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка казаў пра тое, што безумоўнае прызнанне Абхазіі будзе і што да яго рыхтуюцца.

«Мне здаецца, што занадта доўга Беларусь рыхтуецца да гэтага пытання, хоць ніхто не павінен падштурхоўваць, але справа ў тым, што называліся канкрэтныя тэрміны - красавік. Так што мы чакаем гэтага кроку з боку Рэспублікі Беларусь», - заявіў Б.Грызлоў.

Як адзначыў спікер, аднагалоснае прызнанне Дзярждумай незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі «дае падставу для аптымізму і разумення таго, што мы разам будзем вырашаць тыя пытанні, якія дыктуе жыццё».

Нагадаем, што незалежнасць Абхазіі прызнала толькі Расея. Нікарагуа прызнала Абхазію і Паўднёвую Асецію толькі на вусным узроўні - нацыянальны парламент не падтрымаў прапанову прэзідэнта. Усе астатнія краіны свету, акрамя Расеі, лічаць Абхазію і Паўднёвую Асецію часткай Грузіі.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках