24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску за распаўсюд незалежнай прэсы арыштавалі Барыса Хамайду

1

Вядомы актывіст апазыцыі мусіў правесьці ў пастарунку каля дзьвюх гадзін только за тое, што распаўсюджаваў у цэнтры Віцебску недзяржаўныя газэты.

Паводле спадара Хамайды, супрацоўнікі міліцыі спачатку з паўгадзіны назіралі, як ён размаўляе зь мінакамі, а потым загадалі паехаць зь імі ў апорны пункт міліцыі Чыгуначнага раёну. Міліцыянты патлумачылі, што ягоны столік з раскладзенымі друкаванымі выданьнямі нібыта «замінае перасоўвацца па ходніках і ўвогуле псуе краявід у цэнтры гораду», перадае «Радыё Свабода».

У пастарунку быў складзены пратакол затрыманьня, які апазыцыянэр падпісваць адмовіўся. Барыс Хамайда лічыць затрыманьне несправядлівым. Ён ня згодны з тым, што ягоны занятак распаўсюдніка незалежнага друку можа рэглямэнтавацца артыкулам 21.14 адміністрацыйнага заканадаўства пра парадак утрыманьня населеных пунктаў, у парушэньні якога апазыцыянэра вінавацяць.

Спадар Хамайда мусіў правесьці ў пастарунку каля дзьвюх гадзін, пакуль супрацоўнікі міліцыі рабілі дагляд ягоных рэчаў ды складалі пратакол. Затым яго вызвалілі.

7 траўня Барыс Хамайда быў таксама затрыманы за тое, што ягоная «кропка» з газэтамі ды часопісамі нібыта «загрувашчвае вуліцу Леніна». Мінулым разам міліцыянты сказалі, што ён парушае той самы артыкул 21.14 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях і мусіць чакаць позву на адміністрацыйную камісію. У тым выпадку, калі яго прызнаюць вінаватым, верагодна, што распаўсюдніка незалежнай прэсы чакае пакараньне штрафам ад 4-х да 20-ці базавых велічыняў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках