28 лiстапада 2024, Чацвер, 6:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ пачаў «чысткі» у МУС: арыштаваны начальнік найбуйнейшага ўпраўлення

29

Камітэт дзяржбяспекі арыштаваў начальніка Галоўнага ўпраўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС.

Як піша «Ежедневник», у МУС ужо практычна адкрыта кажуць, што Камітэт дзяржбяспекі пачаў масіраваную атаку супраць ключавых асобаў міліцэйскага ведамства. Зрэшты, гэты факт і без таго становіцца занадта відавочным. За апошні месяц гэта ўжо трэцяя буйная аперацыя КДБ супраць кіраўнікоў МУС. І з кожным разам чэкісты лезуць усё вышэй і вышэй. Спачатку яны правялі аперацыю ў Гомельскай вобласці, у выніку чаго арыштаваныя былі два кіраўнікі сістэмы Упраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі (УБКІЭЗ). Потым фронт баявых дзеянняў перамясціўся ў Менск, дзе быў затрыманы начальнік УБКІЭЗ МУС палкоўнік Віктар Ермакоў. Яго праз тры дні адпусцілі, а саму ўзбуджаную крымінальную справу перадалі на расследаванне ў Генеральную пракуратуру, але факт застаецца фактам.

З арыштам палкоўніка Івана Шышлы КДБ узнялося яшчэ вышэй. Гэты чалавек адказваў за аператыўна-вышуковую дзейнасць усяго міліцэйскага ведамства, менавіта пад яго кіраўніцтвам працавала крымінальная выведка МУС і праводзіліся самыя гучныя аперацыі. І.Шышлу прадказвалі месца намесніка міністра, тым больш што ён ужо выконваў яго абавязкі. І вось вам сюрпрыз!

І.Шышла пазбягаў нейкіх публічных выступаў (праца такая), таму шэраговаму чалавеку ён зусім не знаёмы. Між тым у МУС ён добра вядомы. І.Шышла пачынаў сваю міліцэйскую кар'еру ў Барысаве простым аператыўнікам крымінальнага вышуку. Потым стаў начальнікам аддзела, затым – кіраўніком барысаўскай міліцыі. Як ні дзіўна, але наверх І.Шышла ўзляцеў пасля «залета», калі яго намеснікаў разам з іншымі чыноўнікамі Барысава заспелі за калектыўнай п'янкай у падатковай інспекцыі. Пасля гэтага І.Шышлу знялі і… перавялі ва УУС вобласці, адтуль ён перайшоў ужо ў МУС.

Калегі характарызуюць І.Шышлу як прафесіянала, які апроч ўсяго іншага ніколі не забываў пра простыя праблемах падначаленых і заўсёды дапамагаў ім пры неабходнасці. З арыштам палкоўніка ў МУС зусім зажурыліся, і нават тыя, хто радаваўся адстаўцы Уладзіміра Навумава, зараз з адчаем кажуць: вось, кінуў на з'ядзенне…

Што датычыць матываў арышту палкоўніка, дык тут усё пакрыта цемрай. Вядома толькі, што пытанне аб арышце І.Шышлы вырашалася на спецыяльна скліканай нарадзе ў Савеце бяспекі. І толькі калі сам дзяржсакратар Савета бяспекі Юры Жадобін даў згоду на арышт, чэкісты пачалі аперацыю.

Паводле непацверджаных пакуль звестках, І.Шышлу распрацоўваюць па двух накірунках. Першы датычыць нейкай даўняй справы, звязанай з пабудовай дома. А вось другі можа каштаваць вялікіх пертурбацыяў ва ўсім МУС. Гаворка ідзе пра крадзяжы сродкаў спецыяльнага артыкула выдаткаў МУС, якія накіроўваюцца на аператыўна-вышуковую дзейнасць: праца з крыніцамі інфармацыі, укараненне ў злачынныя групы і арганізацыі і г.д. У крымінальнай выведцы гэты артыкул выдаткаў вельмі значны і, кажуць, ім карысталіся дужа вольна. Зрэшты, такая ж сітуацыя і ва ўсіх іншых сілавых ведамствах, дзе вядзецца аператыўна-вышуковая дзейнасць, у тым ліку і ў КДБ. Тым не менш кажуць, што КДБ атрымала згоду на праверку таго, як у МУС выкарыстоўваўся гэты артыкул з ідэнтыфікацыяй усіх асобаў, на якіх спісваліся сродкі. Па сутнасці гэта азначае, што КДБ атрымае доступ да сакрэтнай інфармацыі МУС, праз якую возьме пад кантроль усю аператыўна-вышуковую дзейнасць ведамства.

У МУС кажуць, што гэта ўдар у самае сэрца і што мэтай нападу з'яўляецца прасоўванне ў міністэрскае крэсла старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага. Зрэшты, гэта хутчэй за ўсё можа быць толькі чутка – апошняя спроба пераможаных хоць неяк абараніцца. Паводле дзіўнага супадзення адначасова з арыштам І.Шышлы па Менску распаўсюдзілася чутка пра падрыхтаваны план нечуванага скарачэння органаў унутраных справаў. Нібыта і да гэтага таксама прыклалі руку чэкісты з памежнікамі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках