28 снежня 2024, Субота, 5:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мясніковіч: «Складскія запасы перавышаюць 2 мільярды даляраў»

27

Старшыня Акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч прызнаў крызіснае становішча прадпрыемстваў.

Сёння абаротныя сродкі беларускіх прадпрыемстваў замарожаныя на суму ў 2 мільярды даляраў, а каля 900 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва краіны нідзе не працуюць і не вучацца, заявіў у інтэрв'ю «Інтэрфаксу» старшыня прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

«Зараз складскія запасы перавышаюць 2 мільярды даляраў, гэта значыць на гэтую суму замарожаныя зваротныя сродкі прадпрыемстваў. Тут частка рашэнняў урадам ужо прынятая, але патрабуецца яшчэ большае разняволенне гаспадарчага механізму ў гэтай сферы.

У гэтай сувязі, мы лічым, што аб'ёмныя паказчыкі росту вытворчасці не павінныя быць вызначальнымі пры адзнацы вынікаў дзейнасці прадпрыемства, галіны або галіновага дзяржоргана. Галоўнае - гэта рэалізацыя. Гэта не значыць, што трэба адмовіцца ад прагнозу па росце аб'ёмаў вытворчасці, але ацэньваць працу прадпрыемства і кіраўнікоў трэба зыходзячы з эфектыўнасці - памеру складскіх запасаў, канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Але дзяржава ў гэтай сітуацыі ні ў якім разе не павінная сыходзіць з эканомікі і выразна адсочваць фінансавыя і таварныя плыні.

Карэктоўка існуючага прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на дадзеным этапе будзе ўяўляць сабой «малпаву працу». Зараз знешняя сітуацыя вельмі непрадказальная і ўсё можа памяняцца на працягу месяца пасля карэктоўкі», - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Па словах старшыні прэзідыўма Акадэміі навук, ад 500 тысяч да 900 тысяч беларусаў занятыя ў «шэрым» бізнэсе.

«У нас па статыстыцы значная частка працаздольнага насельніцтва ў працаздольным узросце нідзе не працуе і не вучыцца. Па розных адзнаках, гэта ад 500 тысяч да 900 тысяч чалавек. Але яны, як правіла, працуюць за межамі Беларусі, занятыя ў «шэрым» бізнэсе. У сувязі са сціскам знешніх рынкаў працы гэтыя людзі пачнуць актыўна вяртацца, што можа ўзмацніць напружанасць на ўнутраным рынку працы», - падкрэсліў ён.

Як лічыць чыноўнік, абмежаванні на аплату высокапрадукцыйнай працы варта адмяніць.

«З іншага боку, для стымулявання вытворчасці лічым неабходным зняць абмежаванні на аплату высокапрадукцыйнай працы. Той, хто вырабіў канкурэнтаздольны прадукт і прадаў яго, павінен добра зарабляць. Адзіная тарыфная сетка пры аплаце працы павінная захавацца ў бюджэтнай сферы, але дыферэнцыявана. Але для вытворчага сектара яна павінная быць адмененая адназначна. Неабходна таксама перагледзець і ўмовы аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях, якія вядуць гаспадарчую дзейнасць, напрыклад, навуковыя ўстановы. Мы лічым, што тут умовы аплаты працы павінныя фарміравацца зыходзячы з наяўнасці сродкаў, што мяркуе шырэйшыя паўнамоцтвы кіраўніка арганізацыі ў часткі азначэння ўзроўня аплаты працы.

У гэтай сітуацыі неабходна таксама стымуляваць самазанятасць насельніцтва, асабліва, у рэгіёнах з залішняй прапановай працоўных рэсурсаў. Для гэтага мы прапаноўваем усе новыя прадпрыемствы, што ствараюцца ў такіх рэгіёнах на некалькі год вызваліць ад усіх падаткаў за выключэннем падаходнага. Асабліва гэтую стымулюючую меру ўжываць да новых прадпрыемстваў, якія працуюць на мясцовых рэсурсах», - адзначае Міхаіл Мясніковіч.

Плацежаздольны попыт насельніцтва застаецца нездаволеным, заявіў ён.

«Сёння, нягледзячы на ўсе праблемы, плацежаздольны попыт насельніцтва застаецца нездаволеным. Па нашых адзнаках, гэта складае каля 4 млрд. даляраў. Мы лічым, што, у першую чаргу, неабходна падаць айчынныя тавары і паслугі, каб гэты попыт задаволіць.

Для гэтага павінныя быць створаныя адпаведныя механізмы прасоўвання беларускіх тавараў на ўнутраным рынку, галоўнае - айчынных тавараў з высокім даданым коштам. Гэта могуць быць механізмы растэрміноўкі або даступнага крэдыту. Урад у гэтай сувязі даручыў прапрацаваць магчымасць прадастаўлення банкам вядучым вытворцам спажывецкіх тавараў, будматэрыялаў, тавараў доўгага карыстання і гандлёвым прадпрыемствам крэдытаў, якія ім дазволяць рэалізоўваць тавары ў растэрміноўку», - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Аднак, старшыня прэзідыўма Акадэміі навук лічыць, што растэрміноўку не варта прадастаўляць для куплі тавараў з высокім імпартным складнікам.

«Але акцэнт павінен быць зроблены на тавары з невысокім імпартным складнікам. Варта ўстрымацца ад ужывання дадзенага механізму пры прасоўванні тавараў з высокім імпартным складнікам. У большай ступені, гэта могуць быць, напрыклад, лядоўні, мэбля, будматэрыялы, спажывецкія тавары», - лічыць ён.

Для стымулявання ўнутранага попыту Міхаіл Мясніковіч лічыць неабходным правядзенне замяшчэння імпарту.

«Я лічу, што імпартазамяшчэнне ў прынцыпе неабходнае. Калі паглядзець нашыя крамы і рынкі - там пераважная частка імпарту. А гэта ўсё валюта і трэба мець на ўвазе, што беларускі рубель гэта, у лепшым выпадку, часткова канвертоўная валюта. Таму трэба ўважліва глядзець - куды накіроўваюцца абмежаваныя валютныя рэсурсы і рэзервы.

Нашыя прапановы ў пэўнай ступені прадугледжваюць абмежаванне спажывецкага імпарту. Хоць гэта і непапулярная мера, але трэба глядзець у кожным канкрэтным выпадку: можна досыць паспяхова забяспечваць сябе, напрыклад, беларускімі яблыкамі і гароднінай. Чаму рэчавыя рынкі на сто адсоткаў працуюць сёння на імпарце? Механізмы абмежавання спажывецкага імпарту павінныя быць цывілізаванымі. Ніхто не ставіць пытання пераходу на натуральную гаспадарку - гэта быў бы тупіковы шлях. Але трэба ўважліва і рацыянальна падыходзіць да гэтага пытання», - заявіў ён.

У якасці адной з антыкрызісных мер старшыня прэзідыўма Акадэміі навук таксама прапаноўвае прадаваць насельніцтву зямельныя ўчасткі.

«Мы прапанавалі пашырыць магчымасці па прадастаўленні зямельных участкаў насельніцтву ў прыватную ўласнасць. […] І купля ўчастку зямлі ў прыватную ўласнасць хоць бы пад будаўніцтва стала бы добрай тэндэнцыяй і стымулам для шматлікіх сфер эканомікі. Напрыклад, зямля можа выступаць прадметам закладу, банкі маючы такі заклад, маглі бы крэдытаваць пазычальніка, выпускаць пазыковыя паперы. Варыянтаў праглядаецца маса.

Ва ўрадзе паставіліся да гэтай ідэі нармалёва. Прапановы па продажы зямлі насельніцтву не для сельскагаспадарчай вытворчасці ўхваленыя. Даны даручэнні для адпрацоўкі адпаведных механізмаў. Але на практыцы, вядома, будуць і пэўныя стрымліваючыя моманты. У гэтай сітуацыі нарэзаць зямлю - гэтае самае простае. Складанасці ўзнікаюць пры фарміраванні інфраструктуры. Напрыклад, вылучаны зямельны ўчастак пад невялікую вытворчасць, але на практыцы электрычны кабель да яго трэба цягнуць за тры кіламетры, падводзіць дарогу і гэтак далей. І кожная арганізацыя, якая выдае тэхнічныя ўмовы, будзе імкнуцца вырашыць свае галіновыя праблемы за кошт уладальніка зямельнага ўчастку. І гэта ўсё, вядома, будзе адбівацца адмоўна, стрымліваць патэнцыял дадзенага стымулу. Таму мы вітаем цвёрдыя ўстаноўкі, якія дае прэм'ер-міністр: зямельныя ўчасткі, якія выдаюцца пад развіццё транспартнай інфраструктуры, прыдарожнага сэрвісу, малога і сярэдняга бізнэсу павінныя быць з мінімальным ускладненнем», - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках