24 лiстапада 2024, Нядзеля, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: «Новы бюджэт не забяспечыць рэальнага росту заробкаў»

3

Незалежныя эксперты заяўляюць, што, нягледзячы на запланаваны новым бюджэтам рост рэальнага заробку бюджэтнікаў як мінімум на 14%, інфляцыя «можа з'есці ўвесь гэты рост».

«Рэальнага росту заробкаў я не чакаю… Тут не будзе росту, -- заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» эканаміст Леанід Злотнікаў. -- Ён будзе ў адным тэмпе з інфляцыяй. Кошты сёлета вырастуць на такую ж велічыню».

Леанід Злотнікаў сказаў, што хоць бюджэт на 2009 год па аб'ёме супадае з бюджэтам 2008 года, аднак рэальнае ягонае напаўненне будзе прыкладна на 15% менш у параўнанні з мінулым годам.

«Што за гэтымі лічбамі – мы ведаем, бо скараціліся прыбыткі прадпрыемстваў, скараціліся паступленні ад экспарту, скараціліся паступленні ў бюджэт. Тут усё зразумела. Аднак устае пытанне: ці зможа дзяржава забяспечыць гэты новы бюджэт?», - пытаецца Леанід Злотнікаў.

«Тут я скептык, бо скарачэнне бюджэту на 15-18% - гэта не так ужо і шмат у той сітуацыі, якая складаецца. А складаецца вельмі дрэнная сітуацыя, што, магчыма, трэба было і на 25% скарачаць бюджэт. А што яны там парэзалі? Парэзалі капітальнае будаўніцтва, яшчэ, мусіць, выдаткі на абарону», - сказаў эканаміст.

Па словах Леаніда Злотнікава, для падтрымання эканамічнага становішча на ўзроўні канца 2008 года неабходна «каля дзесяці мільярдаў знешніх запазычанняў».

«Тое, што мы маем, усе гэтыя крэдыты, якія нам паабяцалі, пакуль што два-тры мільярды даляраў. Свопы складана разглядаць як крэдыты, гэта не крэдыты. Я не бачу, каб такія вялікія грошы аднекуль упалі на гэтую краіну», - лічыць незалежны эксперт.

«Тут нічога не зробіш, не прымусіш сусветную эканоміку працаваць так, як гэтага хацелася б нашым лідэрам… Тут шматлікае не залежыць ад беларускага кіраўніцтва. Гэта не паўплывае на тое, што будзе адбывацца. Мала што залежыць і ад Лукашэнкі. Таму тое, што ён кажа, гэта так, проста скалынанне паветра», - дадаў Леанід Злотнікаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках