Палітвязень Мікалай Аўтуховіч галадае ў турме ўжо два тыдні
2- 29.04.2009, 9:30
Ваўкавыскі прадпрымальнік абвясціў галадоўку ў менскім следчым ізалятары 16 красавіка.
Ён запатрабаваў перадаць справу ў суд, ці змяніць меру стрымання яму і яго калегам Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку. Усіх траіх арыштавалі 8 лютага ў Ваўкавыску і даставілі ў турму на вуліцы Акэсціна ў Менск, нагадвае «Радыё Свабода». Іх падазраюць у падпале маёмасці чыноўнікаў у райцэнтры. Пры гэтым, вінаватыя ў падпалах даўно адбываюць пакаранне. Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.
У Гародні былы палітвязень Валеры Леванеўскі, наколькі гэта магчыма, сочыць за лёсам ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча.
«Я думаю, што галадоўка ў турме – сам па сабе мужны крок, -- кажа Валеры Леванеўскі. – А улічваючы, што ў яго стан здароўя, наколькі мне вядома, дрэнны, я думаю, што гэта крок адчаю, таму што Аўтуховіч нават не разумее, за што сядзіць. Хоць, з майго пункту погляду, яго проста ўзялі для запалохвання насельніцтва, каб не было пратэстных настрояў».
Валеры Леванеўскі лічыць, што без шырокай грамадскай падтрымкі Мікалаю Аўтуховічу будзе вельмі складана.
«А што датычыць самой яго галадоўкі, на жаль, яна вельмі слаба адлюстраваная ў СМІ, -- лічыць былы палітвязень. -- Па-чалавечы я яго цудоўна разумею. Там, дзе ён зараз знаходзіцца, вельмі складана. Там вельмі шмат людзей, нядобразычліўцаў, я б сказаў, сістэма прэсінгу, яна вельмі моцная, асабліва ў СІЗА».
Праваабаронца з Гародні Сяргей Мальчык адзначае: Мікалай Аўтуховіч раней паказаў, што ўмее трымаць галадоўку.
«У гэтым выпадку галадоўка можа мець рэзананс толькі тады, калі яна будзе падтрыманая грамадскасцю, калі будуць пратэсты, калі будзе падтрымка міжнароднымі арганізацыямі. Калі гэтага не адбудзецца, галадоўка – вельмі сур'ёзная небяспека для жыцця», -- лічыць праваабаронца.
Па словах адваката Паўла Сапелкі, стан здароўя Мікалая Аўтуховіча пагоршыўся, ён знаходзіцца ў медчастцы следчага ізалятара.