26 снежня 2024, Чацвер, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія праваабаронцы нагадалі, што Лукашэнка – нелегітымны прэзідэнт

4

Беларускія праваабаронцы Ігар Леднік і Алег Воўчак заклікалі прэзідэнта Чэхіі Вацлава Клаўса не прызнаваць подпіс Аляксандра Лукашэнкі пад праграмай «Усходняе партнёрства», устаноўчы саміт якой пройдзе 7 траўня ў Празе.

Адпаведны зварот ужо накіраваны прэзідэнту Чэхіі, паведаміў БелаПАН Ігар Леднік.

Паводле яго словаў, яшчэ ў 1996 годзе спецыяльная камісія Вярхоўнага Савета XIII склікання па прававой ацэнцы парушэнняў прэзідэнтам Беларусі Канстытуцыі і законаў краіны прызнала, што, парушыўшы крымінальны закон, Лукашэнка згубіў паўнамоцтвы прадстаўляць Беларусь і ў якасці яе прэзідэнта падпісваць якія-небудзь міжнародныя дамовы.

"Яго подпіс у дакументах праграмы "Усходняга партнёрства" ад імя Рэспублікі Беларусь з прававога пункту гледжання нязначны", — лічыць Леднік.

"Ігнараванне гэтага факту ад пачатку пойдзе ў разрэз заяўленым мэтам "Усходняга партнёрства". Гэта значна ўскладніць таксама і дзейнасць па аднаўленні ў Беларусі прынцыпаў прававой дзяржавы ў мэтах рэалізацыі правоў чалавека на справядлівы суд", — кажацца ў звароце да Вацлава Клаўса.

Праваабаронцы нагадваюць прэзідэнту Чэхіі, што зараз "па палітычных матывах у турме знаходзяцца лідэры прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка". "За ўвесь перыяд палітычнага пераследу Мікалай Аўтуховіч у знак пратэсту супраць дэспатызму, які чыніцца ўладамі, трымаў 200 дзён галадоўкі, адна з якіх доўжылася 73 дні. Прадпрымальнікам з 16 красавіка абвешчаная чарговая, бестэрміновая галадоўля. Не думаем, што гэты факт надасць саміту "Усходняга партнёрства" адпаведны ўрачысты фон", — кажацца ў звароце.

Падпісанты звароту просяць Вацлава Клаўса, як вышэйшую службовую асобу Чэшскай Рэспублікі, якая на правах краіны, што старшюе у Еўрапейскім Звязе, адказвае за арганізацыю саміту па "Усходнім партнёрстве", "данесці нашую пазіцыю да ведама ўсіх асобаў, зацікаўленых у больш цеснай палітычнай і эканамічнай інтэграцыі з народам Рэспублікі Беларусь на прынцыпах павагі правоў чалавека і вяршэнства закона".

Пытанне пра тое, ці прыме Лукашэнка ўдзел у саміце ў Празе, усё яшчэ застаецца адкрытым. Як раней паведамляў БелаПАН, 17 красавіка кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг, які знаходзіўся з візітам у Менску, перадаў Лукашэнку запрашэнне прыняць удзел у саміце. Журналістам чэшскі міністр паведаміў, што прэзідэнт Беларусі не адказаў, ці прыедзе ў Прагу асабіста. Па словах Шварцэнберга, рашэнне пра тое, хто прадставіць Беларусь на саміце, будзе прымаць беларускі прэзідэнт.

Прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс выказаў здзіўленне запрашэннем Аляксандра Лукашэнкі на саміт "Усходняга партнёрства". Чэшскі лідэр, у прыватнасці, заявіў аб "падвойных стандартах" і сказаў, што "не пацісне руку Лукашэнку і не прыме яго ў сваёй рэзідэнцыі".

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 23 красавіка з пасланнем да беларускага народа і парламента, заявіў, што гатовы не ехаць на саміт ЕЗ у Прагу, "калі гэта будзе каму-небудзь нязручна".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках