26 снежня 2024, Чацвер, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветная прэса: Еўропа гуляе з дыктатарам у рызыкоўныя гульні

13
Сусветная прэса: Еўропа гуляе з дыктатарам у рызыкоўныя гульні

Жорсткай крытыцы падвергнулі візіт у Італію беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі сусветныя СМІ.

«Існуе небяспека, што Лукашэнка прыйдзе да высновы, што ў Беларусі нічога не трэба больш змяняць, калі яго пачнуць ізноў прымаць у еўрапейскіх сталіцах», - піша польскае выданне «Жэчпаспаліта».

У артыкуле пад загалоўкам «Рызыкоўная гульня з Лукашэнкам» журналіст Пётр Касцінскі нагадвае, што беларускага кіраўніка называюць «апошнім дыктатарам Еўропы».

«Еўрапейскі звяз пагадзіўся скасаваць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускай «вярхушкі», пасля ўсяго толькі сціплых саступак з боку Менска, гэта значыць вызвалення палітычных вязняў, якое зусім не азначае спынення няспыннага вядзення судовых працэсаў супраць апазіцыянераў, а таксама больш мяккай пазіцыі ў дачыненні да антыўрадавых дэманстрацыяў, мінімальнай дэмакратызацыі перадвыбарчых працэдураў і нязначнага паляпшэння сітуацыі незалежных СМІ», -- адзначае «Жэчпаспаліта».

«Але існуе небяспека, - перасцерагае Пётр Касцінскі, - што Лукашэнка прыйдзе да высновы, што ў Беларусі нічога не трэба больш змяняць, калі яго пачнуць ізноў прымаць у еўрапейскіх сталіцах. Еўрапейскі звяз павінен у далейшым аказваць ціск на Менск і нагадваць яму пра тое, што згода на візіт у Рым ці ўдзел у саміце Еўрапейскага звяза ў Празе не азначае ўхвалення ўсяго таго, што адбываецца ў Беларусі».

Аўдыенцыя Лукашэнкі ў Папы Рымскага знайшла сваё адлюстраванне ва ўсіх італьянскіх газетах. Выданне «La Repubblica» апублікавала артыкул пад загалоўкам «Лукашэнка: дыктатар у Рыме».

«З 1995 года Лукашэнка, апошні дыктатар Еўропы, як яго назваў Дзярждэпартамент ЗША, не быў у еўрапейскіх сталіцах. З таго моманту, як рэжым Лукашэнкі стаў распраўляцца з апазіцыяй і душыць рэдкія праявы дэмакратыі, ЕЗ і ЗША адказвалі яму ўсё больш жорсткай ізаляцыяй.

Але ў апошнія месяцы Еўропа стала больш добразычліва ставіцца да Менска. Адносіны паміж Менскам і Масквой пагоршыліся з-за намераў Масквы прымусіць Менск плаціць за газ, які пастаўляецца ў Беларусь, па рынкавых коштах. І ў складанай геапалітычнай і геаэнергетычнай гульні, у якую апынулася ўцягнутай Еўропа, ЕЗ стаўся зацікаўлены ў спыненні ізаляцыі Лукашэнкі, а апошні дыктатар, у сваю чаргу, у тым, каб не апынуцца ў поўнай залежнасці ад Масквы», - адзначае газета.

Газета «La Stampa» піша, што «у палацы Кіджы Лукашэнка шукаў дапамогі, каб шырэй расчыніць дзверы ў Еўропу напярэдадні Пражскага саміту, які абвесціць «Усходняе партнёрства». Аднак, піша выданне, Лукашэнка наўрадці прыме удзел у гэтым саміце, паколькі шмат хто з 27 еўрапейскіх лідэраў выступіў супраць яго прысутнасці.

«Ад Еўропы Лукашэнка чакае дапамогі ў пераадоленні эканамічнага крызісу, што ўсё больш абвастраецца, і падтрымкі ў перабудове адносінаў з Масквой. Але прэм'ер-міністр Італіі Берлусконі і кіраўнік італьянскага МЗС Фраціні нагадалі яму, што дапамога прыйдзе, калі Беларусь будзе ісці па шляху дэмакратызацыі і гарантаваць захаванне фундаментальных свабодаў сваіх грамадзянаў», - адзначае выданне.

Нямецкая газета «Tagesspiegel» зноў звяртаецца да тэмы запрашэння Аляксандра Лукашэнкі на саміт Еўразвяза ў Прагу ў артыкуле пад загалоўкам «Госць, якога не павінна быць». Аўтар артыкула Клаўдыя фон Зальцэн піша, што «амаль незаўважна для вачэй грамадскасці Еўрапейскі Звяз радыкальна змяніў сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі, перайшоўшы ад палітыкі санкцыяў да палітыкі дыялогу».

Як піша выданне, «у ЕЗ доўга вяліся спрэчкі пра тое, ці павінен кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які аўтарытарна кіруе, знаходзіцца за сталом падчас запланаванага ў Празе саміту. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2006 года яму было забаронена ўязджаць у дзяржавы ЕЗ, аднак увосень мінулага года гэтыя санкцыі былі адмененыя. Зараз Лукашэнка святкуе перамогу ў беларускіх сродках масавай інфармацыі: чэшскі міністр замежных справаў Карэл Шварцэнберг перадаў яму запрашэнне на саміт. Такім чынам, Лукашэнка стаў першым чалавекам, каго запрасілі на гэтую сустрэчу – яшчэ да федэральнага канцлера Ангелы Меркель і іншых кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў ЕЗ».

Пры гэтым «Tagesspiegel» адзначае, што «рашэнне еўрапейцаў натрапіла на рэзкае непрыманне з боку беларускіх апазіцыянераў. Запрашэнне ўяўляе з сябе «адыход ад фундаментальных маральных каштоўнасцяў Еўропы», заявіў былы кандыдат у прэзідэнты і былы палітычны вязень Аляксандр Казулін. А апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька папракнуў ЕЗ у тым, што той капітулюе перад беларускімі кіраўнікамі».

Дэпутат Бундэстага ад партыі «Звяз 90/Зялёныя» Марылуіза Бэк, якая вярнулася ў аўторак з паездкі ў Менск, ужо раскрытыкавала дзеянні Еўрапейскага Звяза. «Для апазіцыйнага руху гэта аплявуха», – заявіла яна газеце «Tagesspiegel». ЕЗ не падключыў беларускіх праціўнікаў рэжыму да пераарыентацыі сваёй стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. «Нельга кідаць праваабаронцаў на волю лёсу і адварочвацца ад іх з-за палітыкі прымірэння ў дачыненні да кіраўніцтва ў Менску». Не зразумела таксама, ці ўвязаў ЕЗ новае партнёрства з Беларуссю з нейкімі дакладнымі ўмовамі.

«З вялікім расчараваннем беларускія праваабаронцы сачылі і за візітам вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўера Саланы ў Менск, які адбыўся ў лютым: так, яны заўважылі адсутнасць выразнай публічнай заявы з нагоды гвалту, які незадоўга да гэтага візіту беларускія ўлады ўжылі ў дачыненні да дэманстрантаў», – адзначае нямецкая газета.

Запрашэнне на саміт у Прагу было адрасавана Лукашэнку. Але ў самім тэксце не называецца яго імя, запрашэнне накіраванае краіне ў цэлым, сказала афіцыйны прадстаўнік чэшскага міністэрства замежных справаў. Беларусь сама вырашыць, хто будзе прымаць удзел у саміце, падкрэсліваюць у Празе. Употай дыпламаты з ЕЗ спадзяюцца на тое, што Лукашэнка не прыедзе, а дашле замест сябе каго-небудзь, піша «Tagesspiegel».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках