24 лiстапада 2024, Нядзеля, 3:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Аўтуховіч: «Звярніце ўвагу на абуральнае беззаконне, якое робіцца ў Беларусі»

13

Тэкст заявы палітвязня, які абвесціў галадоўку, перададзены ў прэс-цэнтр Хартыі’97.

Арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з 16 красавіка трымае галадоўку пратэсту ў СІЗА ГУУС Менгарвыканкама. Нагадаем, што прадпрымальнікі Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. Санкцыю на затрыманне і ператрус у іх кватэрах даў пракурор Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.

Абвясціўшы галадоўку, Мікалай Аўтуховіч напісаў заяву, тэкст якой быў перададзены прэс-цэнтру Хартыі'97 беларускімі праваабаронцамі:

«Я, Мікалай Аўтуховіч, знаходжуся ў следчым ізалятары больш за два месяцы з 8 лютага 2009 года па абвінавачванні ў падпале маёмасці, які адбыўся ў 2005 годзе. Разам са мной па аналагічным абвінавачванні арыштаваныя Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. Па злачынстве, у якім нас абвінавачваюць, ужо было праведзенае следства, людзі асуджаныя і адбываюць пакаранне, шкода пацярпелым была кампенсаваная. Нашыя сваякі сустракаліся з пацярпелымі і тыя пацвердзілі, што прэтэнзіяў у іх да нас няма, як і не было.

На працягу ўсіх двух з паловай месяцаў знаходжання пад вартай з намі не праводзіцца ніякіх следчых дзеянняў. Калі мы прычынілі шкоду, дык чаму дагэтуль не праведзеныя вочныя стаўкі з пацярпелымі, сведкамі абвінавачвання, калі такія ёсць?

Да нас даходзяць чуткі, што справа фармуецца не на доказах, а на асабістых меркаваннях следства. Дапытваюцца нашыя знаёмыя, але не па акалічнасцях справы, а па захоўванні нейкай зброі, падрыхтоўцы выбухаў у Гарадзенскай вобласці, знішчэнні маёмасці. На некаторых сведак аказваецца псіхалагічны ціск, каб яны далі супраць нас ілжывыя паказанні. Як нам вядома, выяўлены ў Ваўкавыску гранатамёт спрабуюць павесіць на мяне, як і некаторыя іншыя нераскрытыя злачынствы ў Гарадзенскай вобласці ў перыяд з 2005 па 2009, уключаючы час, калі я знаходзіўся ў турме.

Са студзеня 2008 года да арышту 8 лютага 2009 года я знаходзіўся дома ў Ваўкавыску пад наглядам міліцыі. За гэты час да мяне ні разу не прыйшлі следчыя ці ўпаўнаважаныя асобы з якім б там ні было пытаннямі адносна злачынстваў, якія зараз спрабуюць на мяне «павесіць».

Цкаванне мяне і маіх блізкіх вядзецца з 2003 года. За маю грамадскую дзейнасць мяне ізноў спрабуюць упекчы ў турму і гэта ў той момант, калі мы сталі рабіць першыя крокі па рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы айчыны».

У знак пратэсту супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў, адсутнасці пракурорскага нагляду за ходам расследавання маёй справы, я вымушаны пайсці на адзіна законную меру пратэсту ва ўмовах турмы, паколькі лічу сябе невінаватым.

Я патрабую:

Вызваліць з-пад варты мяне, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку.

Я звяртаю ўвагу беларускай і міжнароднай грамадскасці на абуральнае беззаконне, якое робіцца ў Беларусі. І не толькі па нашай справе. Скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, больш за 900 чалавек звярнуліся да прадстаўнікоў улады ў Беларусі з прапановай аб стварэнні незалежнай грамадскай камісіі па пераглядзе крымінальных і грамадзянскіх справаў. Гэта ўжо не адзінкавыя выпадкі. Так працуе праваахоўная сістэма ў Беларусі.

Мікалай Аўтуховіч

16 красавіка 2009 года

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках