28 лiстапада 2024, Чацвер, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія бізнэсоўцы пратэстуюць супраць «раскулачваньня» (Фота)

16
Беларускія бізнэсоўцы пратэстуюць супраць «раскулачваньня»  (Фота)

Сёньня ў Гомелі адбыўся сход прадрымальнікаў супраць новых ставак адзінага падатку, якія ўвелі беларускія ўлады з 1 красавіка.

Раніцай на Цэнтральным рынку Гомелю адбыўся сход, на які сабраліся прадпрымальнікі ня толькі з абласнога цэнтру, але і з Мазыра, Жлобіна, Сьветлагорску й Рагачова, перадае «Радыё Свабода».

Яны патрабавалі ад аблсавету адмены ўведзеных зь першага красавіка новых ставак адзінага падатку. Створана абласная рада прадпрымальнікаў дзеля адстойваньня інтарэсаў дробнага бізнэсу. У яе склад увайшлі прадстаўнікі ўсіх рынкаў Гомелю, а таксама сямі буйнейшых гарадоў Гомельскай вобласьці.

Падвышэньне падаткаў ды арэнды за працу на рынках у красавіку змусілі прадпрымальнікаў да актыўных пратэстаў. Прычым, абласныя ўлады зацьвердзілі падвышэньне без супраціву з боку афіцыйных радаў прадпрымальнікаў пры выканкамах і рынках.

«Адбываецца самае звычайнае раскулачваньне, як гэта было ў 30-я гады, -- гаворыць Валерый Баркавец з Мазыра. -- Насьцярожвае той факт, што рады прадпрымальнікаў адбываюцца практычна пад грыфам «сакрэтна». Там раздаюць меркаваныя стаўкі адзінага падатку, а пасьля паседжаньня гэтыя праектныя стаўкі забіраюць. І пакуль не надрукуюць у газэце, памер гэтых ставак ніхто ня ведае. Чаму гэтая інфармацыя зьяўляецца амаль што ваеннай таямніцай? З прадпрымальнікамі ў рэгіёне дэпутаты аблсавету не працуюць. І ў выніку прыяжджаюць у Гомель проста прагаласаваць».

Старшыня рады Цэнтральнага рынку Гомелю Аляксандар Рубчэня распавёў, што прадпрымальнікі ня могуць дагрукацца са сваімі праблемамі да абласных чыноўнікаў. У прыватнасьці, да старшыні аблсавету Валера Сяліцкага:

«Мы, прадстаўнікі прадпрымальнікаў Гомельскай вобласьці, зьвярнуліся ў аблсавет, каб нас прыняў старшыня савету дэпутатаў. Ён нас не прыняў. Аднак у пятніцу зьбіраецца прымаць прадстаўнікоў зь Менску, якія ў нас, у Гомелі, ніякіх пытаньняў не вырашаюць. Вось што крыўдна! А нас, людзей, якія тут жывуць, наўпрост ігнаруюць».

Каб адстойваць свае інтарэсы, удзельнікі на сходзе вырашылі стварыць абласную раду прадпрымальнікаў. У яе склад увайшлі кіраўнікі існуючых радаў рынкаў сямі найбуйнейшых гарадоў рэгіёну – Гомелю, Мазыра, Калінкавічаў, Рэчыцы, Сьветлагорску, Жлобіна й Рагачова.

І паколькі паразуменьня зь мясцовымі ўладамі ў справе прызначэньня высокіх падаткаў прадпрымальнікі не знаходзяць, вырашана супольна распавесьці пра сытуацыю кіраўніку дзяржавы. Так, прынамсі, прапанавала старшыня рады аднаго з рынкаў Сьветлагорску:

«Сёмага красавіка да нас, у Сьветлагорск, прыяжджае прэзыдэнт. Вельмі шмат праблемаў — вытворчых, эканамічных. Такая прапанова: з усіх раёнаў Гомельскай вобласьці сабрацца прадпрымальнікам, паколькі ў нас адна набалелая праблема, і выйсьці да прэзыдэнта й яго прадстаўнікоў і распавесьці пра нашу набалелую праблему. Распавесьці так, як ёсьць на самой справе. А ня так, як малююць у аблсаветах і аблвыканкамах».

Пра цяжкую сытуацыю, у якую патрапілі прадпрымальнікі пасьля істотнага падвышэньня ставак адзінага падатку, апавяла гомельская прадпрымальніца спадарыня Валянціна:

«Мы ад аблсавету патрабуем паніжэньня ставак. Продаж на нулі, няма чым плаціць. Калі б быў даход, як у папярэднія гады, мы б не абураліся, плацілі б паціху. У сувязі з крызісам і нашыя мужыкі сталі зарабляць менш у сябе на працы. Нам ужо сям’ю няма як пракарміць».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках