26 снежня 2024, Чацвер, 17:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежныя эксперты: Дэвальвацыя рубля ў 2 разы непазбежная, і яна будзе зробленая

36

Пасля першай дэвальвацыі рубля на 20% сітуацыя ў беларускай эканоміцы не палепшылася.

Большасць эканамістаў у інтэрв'ю газеце «Салідарнасць» заявілі, што дэвальвацыя рубля павінна быць працягнутая.

Леанід Заіка, кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» :

— Калі ў краіне праводзіцца дэвальвацыя, і адначасова мы просім грошы на падтрыманне курсу ў Расеі, Венесуэле, у Сусветным банку, МВФ, дык гэта выклікае падазрэнне. Калі да гэтага ацаніць і валютныя рэзервы — а яны дзесьці каля 4 млрд., — дык атрымаецца, што прыкладна столькі ж мы і пазычылі. Значыць, дэвальвацыяй праблему фундаментальна мы не вырашылі, ні з пункту гледжання валютнага курсу, ні наяўнасці рэзерваў.

Прычынай дэвальвацыі была досыць моцная розніца паміж экспартам і імпартам, асабліва па расейскім вектары. Калі паглядзець, што адбываецца ў 2009 годзе, дык адмоўны чысты экспарт складае каля 0,5 млрд даляраў у месяц, і, напэўна, будзе нават большы, чым у 2008 годзе. Таму я з цяжкасцю мог бы сказаць, што праведзеная дэвальвацыя і тут дасягнула пэўных пазітыўных мэтаў. Мы патрапілі ў відэлец: дэвальвацыю праводзіла і Украіна (прычым, больш глыбокую), плаўную дэвальвацыю праводзіла Расея (і яна таксама прымусіла нашых вытворцаў атрымліваць нулявы прыбытак пасля вывазу тавараў у Расею).

Дэвальвацыя ні ў адной краіне не можа быць апраўданай. Гэта следства дрэннай эканамічнай палітыкі, у прыватнасці, дрэннай экспартнай палітыкі і нізкай канкурэнцыі.

Калі эканоміка нізкаканкурэнтная, калі тавары з гэтай краіны набываюцца дрэнна — яны дарагія і нізкай якасці, дык ўрад праводзіць дэвальвацыю. Навошта? Каб ускласці ўсе выдаткі фінансавання дрэннай палітыкі на насельніцтва. І насельніцтва плаціць за дэвальвацыю. Беларусы ўжо расплаціліся за гэта.

Валер Фадзееў, дарадца Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC):

— Вядома, дэвальвацыя была патрэбна. І яна будзе працягвацца, хаця і невядома, якімі тэмпамі. Пакуль цяжка казаць пра яе эфектыўнасць: крызіс сусветны, і ў гэтых умовах мы асаблівага эфекту не атрымалі. Наогул, лічылася, што гэтая дэвальвацыя пойдзе на карысць нашым экспарцёрам. Але ці здарылася гэта, улічваючы, што зменшыліся продажы?

Некаторыя лічылі, што дэвальваваць трэба было наогул да 4000 тысячаў. Я так не лічу. Ва ўсялякім выпадку, зараз гэтая праблема пакуль не зразумелая, улічваючы намеры ЗША наконт выпуску грошай.

Сяргей Чалы, фінансавы аналітык:

— Магу паўтарыць тое, што казаў раней: само рашэнне аб дэвальвацыі было правільным — механізм абраны няправільна. Недастатковым быў памер, няправільна абраная трохвалютная прывязка. У выніку мы атрымалі толькі негатыўны вынік. А дэвальвацыя павінна была быць значна большай.

Па-другое, не трэба было зноў рабіць фіксаваны курс, хай нават і са змененай прывязкай. Атрымалася, што ў нас пасля новага года беларускі рубель умацоўваўся ў адносінах да Расеі і гэтай 20-адсоткавай дэвальвацыяй мы дагналі сваё становішча да Расеі дзесьці да ўзроўня лета мінулага года. А паколькі дэвальвацыя ў Расеі яшчэ працягвалася, дык мы прыкладна тыя ж 15% ізноў страцілі. Станоўчага эфекту не атрымалася.

Затое быў атрыманы негатыўны: а менавіта масавы зыход з рублёвага абарачэння ў валютнае і ад рублёвых дэпазітаў у валютныя. І бачна, што Нацбанк вельмі моцна баіцца далейшых крокаў па дэвальвацыі, хаця для рэальнага сектара гэта было б карысна. І ўжо зараз выразна прасочваецца калі не супрацьстаянне, дык элементы эканамічнай спрэчкі паміж Саўмінам, які падтрымлівае прамыслоўцаў у рашэнні далейшага паслаблення беларускага рубля, і Нацбанкам, які супраць дэвальвацыі, прадбачачы негатыўныя эфекты для банкаўскай сістэмы.

Думаю, у Нацбанка выйграць у гэтай спрэчцы шанцаў больш. Як відаць, трымаць будуць датуль, пакуль не стане зусім відавочна, што гэты крок неабходны.

Па маіх жа падліках, ужо ў студзені дэвальвацыю трэба было зрабіць не менш за 80%. Прычым лепш нават, калі б зрабілі з запасам, каб потым рынак знайшоў раўнавагу. Так прыкладна адбылося ў Расеі ў 1998 годзе. Там дэвальвацыя была практычна чатырохразовай і таксама з запасам, але затое адразу з'явіліся эканамічныя вынікі ад гэтай аперацыі. Першы квартал 1999 года па тэмпах прамысловага росту не быў пераўзыдзены за ўсю постельцынскую гісторыю.

А мы зрабілі дэвальвацыю проста таму, што нам сказалі, што яна патрэбная. Вырашылі секчы хвост па частках, замест таго, каб гэта зрабіць адразу, і ў выніку атрымалі толькі боль замест эфекту.

Аляксандр Чубрык, эканаміст:

— Дэвальвацыяй часткова мы чагосьці дамагліся, але ў цэлым яна не дала пазітыўнага эфекту. Яна апынулася менш за дэвальвацыі ў іншых краінах, куды мы прадаем свае тавары. З гэтага пункту гледжання яна сталася неэфектыўнай. І з пункту гледжання імпарту дэвальвацыя была не да канца эфектыўнай, таму што імпарт у нас скарачаецца павольней, чым скарачаецца экспарт.

Пазітыўна тое, што атрымалася ўтрымаць валютныя ўклады насельніцтва ў банках. Але з іншага боку, рублі ўтрымаць не атрымалася. І гэта адна з сур'ёзных праблемаў.

Таму калі ўзважваць мінусы і плюсы, дык мінусаў аказалася больш. І ўсё гэта таму, што дэвальвацыя сталася меншай, чым трэба было б. Калі б яна была большай, дык і плюсаў было б больш, пры тым, што мінусы былі б тыя ж.

Міхаіл Кавалёў, дэкан эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Як усялякае эканамічнае рашэнне дэвальвацыя мае і плюсы і мінусы. Дакладна падлічыць, што пераважвае, цяжка, пакуль няма ўсіх статыстычных дадзеных. Таму шмат якія эксперты могуць па-рознаму адказваць на гэтае пытанне.

Я асабіста належу да школы эканамістаў, якія ёсць катэгарычнымі праціўнікамі дэвальвацыі. Мы лічым, што тых мэтаў, якім служыць дэвальвацыя, можна дамагчыся з дапамогай іншых інструмантаў. МВФ прытрымваецца іншага пункту гледжання.

Павел Данэйка, старшыня Назіральнага савета Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту:

— Дэвальвацыя краіне патрэбная. Але з той прычыны, што яна сталася меншай, чым была неабходная, эфект яе аказаўся не вельмі значным для эканомікі. Таму трэба было альбо рабіць радыкальна, альбо наогул не рабіць.

Адзіны эфект, якога дамагліся, правёўшы дэвальвацыю, — гэта крэдыт МВФ. Падвысіць канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў не атрымалася, таму што дэвальвацыя ў Расеі была большая, чым беларуская. Прасцей кажучы, мы не сталі каштаваць танней на расейскім рынку. І попыт на расейскім рынку не змаглі павялічыць, і дэвальвацыю зрабілі, прычым з ўсімі сацыяльнымі наступствамі, якія з гэтага выцякаюць. Гэта толькі выклікала стрэс у насельніцтва, стрэс у бізнэса, але не вырашыла праблемы фінансаў і эканомікі краіны.

Нам ад пачатку трэба было дэвальваваць у два разы. Гэтая аперацыя была непазбежная, і яе трэба было ўзяць і зрабіць, а не ўскрываць спачатку адзін сантыметр, потым другі, трэці…

Дэвальвацыя ў тым памеры, пра які я кажу, непазбежная, і яна будзе зробленая.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках