2 лiстапада 2024, Субота, 21:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія апазіцыянеры сустрэліся ў Вільні з кангрэсменамі ЗША

2

Лідэры беларускай апазіцыі перадалі кангрэсменам свой план дэмакратызацыі Беларусі.

Сустрэча адбылася 16 красавіка ў Вільні. На ёй прысутнічалі былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Віктар Карняенка, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.

Дэлегацыя Кангрэса ЗША, якую ўзначальвае Шэлі Берклі, была прадстаўленая чатырма чальцамі Кангрэса ад Дэмакратычнай партыі і трыма — ад Рэспубліканскай партыі.

«У нас адбылася зацікаўленая гутарка пра сітуацыю ў Беларусі, – сказаў Лябедзька. – Мы перадалі кангрэсменам наш план па дэмакратызацыі Беларусі, так званую дарожную карту».

Беларускія ўдзельнікі ўзнялі пытанне пра палітвязняў, палітневыязных, гвалтоўны прызыў у армію маладых людзей, якія не павінны па медыцынскіх паказаннях служыць, а таксама пра тое, як ім бачыцца ўдзел амерыканцаў у дыялогу з беларускімі ўладамі, перадае сайт ucpb.org.

«Мы за тое, каб была еўраатлантычная кааліцыя па беларускім пытанні, каб у Менск прыязджалі сумесныя дэлегацыі, у якія ўвайшлі б прадстаўнікі і Дзярждэпартамента, і Еўрапейскай Камісіі, – сказаў Анатоль Лябедзька. – І, магчыма, было б карысным стварыць сумесную групу, у якую ўвайшлі б дэпутаты з Еўрапарламента пасля выбараў і Кангрэса ЗША. Прынамсі, для нас гэта дастаткова важна. Мы казалі пра Акт падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, пра неабходнасць працягу дзеяння такога дакумента, які вызначае палітычны і прававы калідор, на якім і засноўваецца пазіцыя ЗША ў дачыненні да Беларусі».

Па словах лідэра АГП, прадстаўнікі Кангрэса ЗША адзначылі, што «не чакаюць ніякіх пераменаў у пазіцыі Вашынгтона ў дачыненні да Беларусі».

«Яны сказалі, што для ЗША галоўнае – гэта дэмакратыя і захаванне правоў чалавека. І з гэтай пазіцыі Вашынгтон сыходзіць не будзе», – паведаміў Лябедзька.

Нагадаем, раніцай 16 красавіка пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы ў беларускіх палітыкаў узніклі праблемы. Па словах Анатоля Лябедзькі, прыкладна ў 9.00 пры перасячэнні мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог» Аляксандру Казуліну прапанавалі запоўніць дэкларацыю і прайсці дагляд. Пільную ўвагу памежнікі звярнулі на актывіста моладзевай апазіцыі Артура Фінькевіча. Яму паставілі ў пашпарт адзнаку пра тое, што ён часова невыязны, і адправілі маладога чалавека на спадарожнай машыне ў Менск.

На думку Лябедзькі, беларускія памежнікі і мытнікі зрабілі ўсе, каб палітыкі на сустрэчу з кангрэсменамі не паспелі. «На літоўскім баку была чарга з машынаў гадзіны на дзве, – сказаў старшыня АГП. – Але літоўскія памежнікі, калі мы ім патлумачылі сітуацыю, прапусцілі нас без чаргі. Толькі дзякуючы гэтаму мы паспелі на гэтую сустрэчу».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках