27 снежня 2024, Пятніца, 10:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Поўны завал (Абноўлена)

61
Поўны завал (Абноўлена)

У Беларусі запасы гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах на 1 красавіка склалі ў фактычных коштах 6890,9 млрд. рублёў, ці 91,8% сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці.

На 1 красавіка мінулага года гэты паказчык складаў 52,9%, на 1 сакавіка 2009 года - 91,3% (6442,6 млрд. рублёў).

Найбольшыя суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці склаліся ў лёгкай прамысловасці - 195,7% ці 586,8 млрд. (на 1 сакавіка суадносіны складалі 196%, на 1 красавіка 2008 года – 140,1%) і ў машынабудаванні і металаапрацоўцы - 166,3% ці 3094,4 млрд. (адпаведна 167,7% і 83,9%), перадае АФН са спасылкай на Белстат.

У лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці суадносіны склалі 109,9% ці 321,2 млрд. (108,8% на 1 сакавіка 2009 года і 70,1% на 1 красавіка 2008 года), у харчовай — 96,8% ці 1347,6 млрд. (96% і 81,3%), у хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці — 83,3% ці 768,8 млрд. (81,8% і 38,9%), у прамысловасці будаўнічых матэрыялаў — 75,8% ці 262,7 млрд. (адпаведна 74,8% і 51,2%), у чорнай металургіі — 59,9% ці 209,5 млрд. (61,2% і 5,7%), у паліўнай — 6,1% ці 53 млрд. (6,4% і 9,7%).

Відавочна, што замежныя крэдыты, якія вылучаюцца Беларусі, у тым ліку МВФ і Расеяй, ідуць на вытворчасць цалкам незапатрабаванай прадукцыі, якая застаецца ляжаць на складах.

Сітуацыю ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 пракаментаваў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

«Гэты паказчык – самае яркае сведчанне лукашэнкаўскай эканамічнай «лібералізацыі». Замест таго, каб рэальна рэфармаваць эканоміку, беларускія ўлады спрабуюць крэдытамі затыкаць дзіркі, вырабляючы горы нікому не патрэбнай прадукцыі. Пры гэтым якраз пад крэдыты афіцыйны Менск абяцае правядзенне істотных пераўтварэнняў у эканамічным сектары. Сітуацыя вельмі небяспечная, таму што беларуская эканоміка, не прыстасаваная да ўмоваў сусветнага рынка, вельмі хутка падышла да катастрофы. І ніякія «пажарныя» запазычанні не выправяць гэтай сітуацыі і толькі створаць у бліжэйшай будучыні яшчэ больш праблемаў», -- лічыць палітык.

На думку Саннікава, цалкам відавочна, што Лукашэнка не выконвае ўмовы, на якіх яму даюць замежныя крэдыты, у тым ліку і МВФ.

«Донарам варта задумацца пра тое, да чаго можа прывесці такая палітыка. Адначасова мы бачым, што выдаткі на падтрыманне рэпрэсіўнай машыны рэжыму не змяншаюцца. На дэманстрацыях апазіцыі з'яўляецца ўсё больш найноўшага абсталявання для разгону дэманстрацыяў і палітычнага вышуку, рыхтуюцца дарагія вайсковыя вучэнні з Расеяй. Акрамя таго, у разгар крызісу Лукашэнка дазваляе сабе тройчы адпачываць з ўсімі сваякамі на гарналыжных курортах, што таксама абыходзіцца ў капеечку беларускаму падаткаплацельшчыку», -- заўважае палітык.

«Мы бачым, што ў еўрапейскіх дзяржавах пад ціскам грамадскасці сыходзяць у адстаўку ўрады, якія не могуць эфектыўна супрацьстаяць крызісу. У Беларусі ж кіруючыя колы не прымаюць ніякіх мераў, папросту хаваючы галаву ў пясок. Але выйсце ёсць. Яно ў карэннай змене палітычнай сістэмы Беларусі, дакладней у яе дэмантажы», -- упэўнены лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках