5 лiстапада 2024, aўторак, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі адмаўляюцца акрэдытоўваць незалежных журналістаў

1

Берасьцейскія гарадскі і аблвыканкам не акрэдытавалі карэспандэнтаў недзяржаўнага рэгіянальнага выдання «Брестская газета», спаслаўшыся на тое, што пакуль не распрацавалі механізмаў акрэдытацыі прадстаўнікоў СМІ.

На мінулым тыдні рэдакцыя «Брестской газеты» атрымала вельмі падобныя па змесце пісьмовыя адказы з абедзвюх мясцовых адміністрацый, да якіх звярнулася напярэдадні з просьбай аб акрэдытацыі сваіх карэспандэнтаў, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Спасылаючыся на арт. 35 Закона «Аб СМІ» (дзе прапісана, што парадак акрэдытацыі журналістаў пры дзяржаўных органах вызначаецца гэтымі ж дзяржорганамі), выканкамы паведамляюць, што на сёння вядзецца работа па распрацоўцы такога механізму — палажэння аб акрэдытацыі прадстаўнікоў СМІ.

«Да прыняцця рашэння па дадзеным пытанні супрацоўніцтва з выданнем будзе працягвацца па існуючай на сёння схеме, якая прадугледжвае запрашэнне карэспандэнтаў «Брестской газеты» для асвятлення найбольш значных мерапрыемстваў…», — піша начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандар Рагачук. Адказ з гарвыканкама падпісаны намеснікам старшыні Вячаславам Хафізавым.

«Такія адказы мясцовых ўладаў выклікаюць здзіўленне. Закон «Аб СМІ» ўступіў у сілу 8 лютага, а тут атрымліваецца, што ён не можа паўнавартасна прымяняцца, бо мясцовыя ўлады яшчэ не распрацавалі палажэнне аб акрэдытацыі СМІ. Гэта паказвае, як улады працуюць — атрымліваецца, так бы мовіць, што воз папярод каня», - зазначае галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук.

Па словах кіраўніка рэдакцыі, адсутнасць акрэдытацыі не лепшым чынам адаб’ецца на працы газеты: «Цяпер мы не зможам патрапіць на паседжанні выканкама ці савета дэпутатаў, дзе вырашаюцца сур’ёзныя пытанні. А ў сітуацыі эканамічнага крызісу чытачам тым больш цікава ведаць вынікі такіх мерапрыемстваў», — кажа В. Марчук.

Сытуацыю пракамэнтавала старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

«Навіна, якая прыйшла з «Брестской газеты», вельмі засмучае. Я схільная звязваць гэтую сітуацыю з 65-м указам Аляксандра Лукашэнкі «Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі», які толькі наганяе страху на чыноўнікаў замест таго, каб зрабіць іх дзейнасць больш празрыстай. Зараз, відаць, кожная ўстанова распрацоўвае ўласныя ўмовы акрэдытацыі. Але факт застаецца фактам: акрэдытацыі журналісты не атрымалі», - зазначыла старшыня БАЖ.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках