26 снежня 2024, Чацвер, 21:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чарнобыльскі шлях» пройдзе не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах

2

Традыцыйны «Чарнобыльскі шлях» у цяперашнім годзе пройдзе не толькі ў Менску, але і ў Магілёўскай, Гарадзенскай і Гомельскай абласцях.

Пра гэта 13 красавіка на прэс-канферэнцыі паведаміў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Паводле яго словаў, падчас паездак лідэраў апазіцыі па рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, будуць абмяркоўвацца тры тэмы: «крызіс, Чарнобыль і будаўніцтва АЭС».

Лябедзька падкрэсліў, што, акрамя яго, згоду ездзіць па «чарнобыльскіх» рэгіёнах ужо далі першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін і былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін.

Лідэр рэгіянальнай кааліцыі АДС у Гомельскай вобласці Васіль Палякаў заявіў, што сёлета мерапрыемствы ў Гомелі будуць праходзіць у межах агульнанацыянальнай кампаніі, прысвечанай чарнобыльскай трагедыі.

«Ужо пададзеная заяўка на правядзенне мітынгу ў Гомелі. Яе падпісалі сябры абласной кааліцыі АДС. Акрамя гэтага, намечаная шырокая інфармацыйная кампанія. Плануецца, што 24—25 красавіка разам з лідэрамі АДС кіраўнікі і лідэры абласной кааліцыі наведаюць раёны Гомельскай вобласці, найбольш пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС. 26 красавіка ў Гомелі намечана правесці мітынг з ускладаннем кветак да помніка ахвярам чарнобыльскай трагедыі», — паведаміў Палякаў.

У гарадскім пасёлку Астравец (Гарадзенская вобласць) актывісты кампаніі «Астравецкая атамная — гэта злачынства» 25 красавіка маюць намер правесці пікет з нагоды ўгодак катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама супраць будаўніцтва беларускай атамнай станцыі. Акрамя таго, 24 красавіка яны маюць намер арганізаваць збор жыхароў, каб абмеркаваць мэтазгоднасць будаўніцтва АЭС. На мерапрыемства плануецца запрасіць навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, спецыялістаў з Расеі і Літвы, прадстаўнікоў СМІ і органаў мясцовай улады. Збор мяркуецца правесці ў памяшканні кінаканцэртнай залы «Астравец», на гэта таксама пададзеная адпавядная заяўка, паведаміў адзін з актывістаў кампаніі Мікалай Уласевіч.

Прадстаўнік АДС Магілёва Юры Новікаў паведаміў, што кожны год у гэтым абласным цэнтры 26 красавіка заказваецца малебен па ахвярах чарнобыльскай трагедыі ў мясцовым касцёле і царкве. «Сёлета мы плануем правесці мітынг. Але не разам з афіцыйнымі ўладамі. Справа ў тым, што ўсе мінулыя гады нам на гэтым мітынгу проста не давалі словы. Таму мы правядзем свой сход ля крыжа ахвярам трагедыі Чарнобыля. Заяўку на акцыю мы не падавалі, гэта бессэнсоўна – усё роўна не дазволяць. Але мы там збіраемся кожны год, і праводзім там міні-мітынг без якіх-небудзь заявак», — сказаў Юры Новікаў.

Нагадаем, што заяўнікі «Чарнобыльскага шляха-2009» у Менску просяць гарадскія ўлады дазволіць дэманстрантам сабрацца ў 12.00 каля будынка Акадэміі навук, правесці шэсце па праспекце Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа, а адтуль – да Чарнобыльскай капліцы, якая знаходзіцца на скрыжаванні вуліцаў Карастаяновай і Арлоўскай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках