29 снежня 2024, Нядзеля, 9:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Жалезнічэнка: «На палітзанятках чытаюць «Советскую Белоруссию» і «Вайсковую газету»

4

Пасля 14 месяцаў службы ў войску прыйшоў дахаты на адпачынак Зміцер Жалезнічэнка. Як лічаць праваабаронцы, з гэтага гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» распачалася практыка так званага «палітычнага прызыву».

Ужо больш за год апазіцыйны актывіст служыць у транспартных войсках у Жлобіне, перадае «Нямецкая хваля». З таго боку КПП засталіся грамадская дзейнасць, двухразовае адлічэнне з Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, суды, галадоўка пратэсту.

Тэрмін вайсковай службы былога студэнта-выдатніка сканчаецца гэтым летам – 25 ліпеня. А пакуль Жалезнічэнка прыехаў на 10-дзённы адпачынак у родны Гомель. За час знаходжання ў войску Зміцер Жалезнічэнка набыў мужны знешні выгляд і філасофскае стаўленне да жыцця. Актывіст не хавае, што служба для яго – гэта «летаргічны сон».

«Я ўвогуле не асацыюю сябе з войскам, спрабую пра яго не думаць, а думаю пра сваё – пра тое, што ў мяне на волі засталося», - дзеліцца ўражаннямі Зміцер Жалезнічэнка. Сваю свядомасць ён нагружае чытаннем газет і кніг, якія чытае кожную вольную хвіліну.

Актывіст так і не прыняў прысягу, але вялікіх адрозненняў у параўнанні з іншымі вайскоўцамі не адчувае. Яго не дасылаюць у нарады са зброяй, але ўначы ён ходзіць у пажарны нагляд з процівагазам. А таксама ў сталоўку мыць посуд і падлогу.

Сябры і паплечнікі прывозяць Жалезнічэнку незалежную прэсу і кнігі, і гэта дапамагае актывісту быць у курсе падзей. Саслужбоўцы, по словах актывіста, на палітзанятках чытаюць альбо «Советскую Белоруссию», альбо «Вайсковую газету». Для сябе ў асноўным яны глядзяць кліпы па DVD ці чытаюць «Касмаполітэн».

Зміцер Жалезнічэнка стаўся першым, хто быў прызваны ў войска, як кажуць праваабаронцы, па палітычных матывах. Для астатніх апазіцыянераў-вайскоўцаў ён з’яўляецца ўжо «дзедам» і дзеліцца з імі сваім досведам праз лісты.

Зміцер прызнаецца, что пакуль не адчувае, што Еўропа разглядае яго і іншых хлопцаў, якія апынуліся ў такіх жа варунках, як разменную карту. Сваю думку актывіст выказаў і датычна цяперашніх стасункаў Беларусі і Еўрапейскага Звязу.

«Асабіста я прытрымліваюся такой пазіцыі, што Беларусь перад Еўрапейскім Звязам не расчыніцца. Палітыка, якая зараз вядзецца, гэта палітыка «дзень пратрымацца і ноч прастаяць», атрымаць дадатковыя крэдыты, а рэальнага паслаблення не адбываецца», - лічыць актывіст.

Свае планы на будучыню Зміцер Жалезнічэнка звязвае перадусім з працягам вучобы па сваёй асноўнай спецыяльнасці – праграмаванне. Цяпер ён шукае варыянты, сярод якіх разглядае і вучобу за мяжой. Пра палітычную дзейнасць маладзён выказваецца асцярожна і плануе засяродзіцца на культурніцкіх праектах.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках