Саюз палякаў Беларусі аспрэчвае абвінавачванні Лукашэнкі
3- 9.03.2009, 8:30
Кіраўнік Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс адмаўляе, што арганізацыя займаецца палітычнай дзейнасцю, у чым яе часта папракае Лукашэнка.
«Летась былі «парламенцкія выбары», і Саюз палякаў у Беларусі не ўдзельнічаў ні ў якіх «выбарах» на беларускай тэрыторыі. Ён займае апалітычную пазіцыю, як у нашай краіне, так і ў Польшчы. Мы не падтрымлівалі, не падтрымліваем і не будзем падтрымліваць ні аднаго кандыдата палітычных партый, - сказала Анжаліка Борыс у інтэрв'ю Polskie Radio. - Пры гэтым у Саюз палякаў у Беларусі ўваходзяць людзі розных палітычных поглядаў, што толькі ўмацоўвае арганізацыю. Часам трэба ўмець абараняць свае правы. Як, напрыклад, у сітуацыі, калі ўлады не прызнаюць якаю-небудзь арганізацыю і яе дзейнасць абвяшчаецца палітычнай».
Нагадаем, што ў апошнія тыдні беларускія ўлады ўзмацнілі ціск на Саюз палякаў Беларусі. 3 сакавіка супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на актывіста саюза Анджэя Пачобута, які таксама з'яўляецца журналістам «Gazety Wyborczej». Ён вінаваціцца ў тым, што прымаў актыўны ўдзел у мітынгу, які праходзіў 17 студзеня каля будынку праўладавага Саюза палякаў Беларусі.
У той дзень некалькі сотняў чалавек, у асноўным польскага паходжання, спрабавалі прайсці ў польскі Дом, аднак былі спыненыя супрацоўнікамі міліцыі і КДБ.
Таксама ў пачатку лютага Анджэя Пачобута каля гадзіны пратрымалі на памежным пераходзе Каменны Лог падчас ягонага вяртання дадому з камандзіроўкі з Літвы. Журналіст без усялякіх тлумачэнняў быў затрыманы для асабістага надгляду.
7-ы з'езд незалежнага Саюза палякаў у Беларусі адбудзецца 14-15 сакавіка. На ім будуць прысутнічаць прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы і польскага Сейма. Удзельнікі з'езду правядуць выбары кіраўніцтва саюза і падвядуць вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія чатыры гады.