24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістаў масава папярэджваюць за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат»

2

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Ражкоў папярэджаны Гомельскай абласной пракуратурай «за ажыцьцяўленьне журналісцкай дзейнасьці на карысьць польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат», што вяшчае для Беларусі.

У папярэджаньні за подпісам намесьніка пракурора Генадзя Раманюка, дасланым па пошце, гаворыцца, што пракуратура правяла праверку з нагоды зваротаў грамадзянак Валянціны Маісеенкі й Натальлі Ягоравай. Нібыта тыя паскардзіліся, што інтэрвію, якое яны давалі журналістам Алегу Ражкову й Тацяне Бублікавай, было ў лістападзе 2008 году паказана па тэлеканале «Белсат», які «не зарэгістраваны ў вызначаным заканадаўствам парадку», перадае «Радыё Свабода».

Тым сама Алег Ражкоў, «не зьяўляючыся журналістам і ня маючы акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь у якасьці карэспандэнта замежнага сродку масавай інфармацыі», парушыў частку 4 артыкула 35 Закону «Аб сродках масавай інфармацыі», які забараняе «ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі», піша Генадзь Раманюк.

«Папярэджаньне гэтае не абгрунтаванае. Мяне нікуды не выклікалі, тлумачэньняў ня бралі. Ніякіх афіцыйных стасункаў з тэлеканалам «Белсат» я ня маю. І калі я не зьяўляюся журналістам, як пішацца ў дакумэнце пракуратуры, то якое наагул мне можа быць папярэджаньне?» - лічыць Алег Ражкоў.

Нагадаем, што аналягічнае папярэджаньне 24 лютага Гомельская абласная пракуратура вынесла сябру БАЖ Тацяне Бублікавай за дзеяньні, як сказана, «на карысьць тэлеканалу «Белсат», які ажыцьцяўляе вяшчаньне на Беларусь з тэрыторыі Польшчы».

Днямі стала вядома, што беларускі МЗС адмовіўся зарэгістраваць у Беларусі спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», які фінансуецца польскім урадам, з прычыны «няправільнага афармленьня дакумэнтаў».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках