26 снежня 2024, Чацвер, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Арцём Дубскі: «Я перакананы ў хуткай перамозе бел-чырвона-белага сцяга»

Актывіст «Маладога Фронта» Арцём Дубскі, які ўжо другі месяц утрымліваецца ў Бабруйскім СІЗА, трымаецца і ня падае духам.

У апошнім лісьце да сяброў Арцём зазначыў наступнае: «Я, разумеючы што званьне маладафронтаўца патрабуе ад чалавека пэўных намаганьняў абяцаю: цьвёрда трымацца падчас турэмных выпрабаваньняў; быць годным сынам Беларусі; не падаць духам і быць непахісна перакананым у хуткай перамозе бел-чырвона-белымі над чырвона-зялёнымі колерамі; верыць; адчуваць штохвілінна - стоадсоткавую падтрымку сяброў-маладафронтаўцаў і сваёй каханай дзяўчыны. Клянуся...»

Нагадаем, што 13 лютага ў Гомелі з цягніка, які ехаў з Украіны, быў зняты ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі.

3 сакавіка ў Асіповічах над ім прайшоў суд па арт. 216 ч.1 КК РБ – «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу». Арцёма Дубскага абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта скарыстаўся чужой сім-карткай, каб атрымаць доступ у Інтэрнэт. За гэтую паслугу ён быццам бы павінен мабільнаму аператару «Velcom» тры мільёны рублёў.

У судзе апазіцыянер быў вызвалены, бо адбылося так званае «прымірэнне бакоў»: «пацярпелым» была выплачаная шкода. Аднак адразу пасля вынясення прысуду аб вызваленні з-пад варты, Дубскага арыштавалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Асіповіцкі РАУС па арт. 415 Крымінальнага кодэкса РБ (Ухіленне ад адбыцця пакарання ў форме абмежавання волі).

Адзначым, што «Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суду ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках