Рэзкае падзенне зарплатаў адбылося ва ўсіх галінах эканомікі
8- 19.03.2009, 12:47
Зарплата ў студзені 2009 года да снежня мінулага года знізілася ў большасці галінаў беларускай эканомікі.
Сур'ёзнае падзенне адбылося ў бюджэтнай сферы. Гэта вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта (Белстата).
Зрэшты, на прэс-канферэнцыі 18 сакавіка намеснік старшыні Белстата Вячаслаў Мецеж на гэтым акцэнт рабіць не стаў. Ён адзначыў, што ў студзені 2009 года знізіліся толькі тэмпы росту рэальных грашовых прыбыткаў насельніцтва. Параўнанне было са студзенем мінулага года: рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва ў першы месяц года ўзраслі на 7,7%. Год таму тэмп росту быў 12,3%. Для большай пераканальнасці была прыведзеная Расея, дзе рэальныя грашовыя прыбыткі, наадварот, знізіліся на 5,4%, паведамляюць «Беларускія навіны».
Па словах намесніка старшыні Белстата, запаволенне тэмпаў росту рэальных прыбыткаў адбылося «пад уздзеяннем сусветнага фінансавага эканамічнага крызісу».
Праўда, параўнанне студзеня 2009-га са снежнем мінулага года робіць карціну ўжо не такой аптымістычнай: рэальныя грашовыя прыбыткі за месяц знізіліся на 15%.
Падобная сітуацыя і з рэальнай налічанай зарабатнай платай (зарплатай, разлічанай з улікам росту спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі). У студзені 2009-га да студзеня мінулага года яна ўзрасла на 5,5%. Аднак у параўнанні са снежнем адбылося зніжэнне на 11,7%.
Падзенне зарплатаў закранула ўсе галіны эканомікі і асабліва бюджэтную сферу, дзе сярэдняя зарабатная плата ў студзені склала 708,7 тыс. рублёў. У параўнанні са снежнем яна знізілася на 125 тысячаў рублёў.
Так, у навуцы і навуковым абслугоўванні сярэдняя зарплата знізілася ў студзені ў параўнанні са снежнем мінулага года на 412 тыс. рублёў (да 1,195 млн.), у адукацыі — на 68 тыс. (да 638 тыс. рублёў), у ахове здароўя — на 146 тыс. (да 701 тыс. рублёў), фізкультуры і спорце — на 83 тыс. (да 1,240 млн. рублёў).
Напрыклад, лекары ў першы месяц 2009 года зарабілі на 244 тыс. менш, чым у снежні. Іх зарплаты знізіліся да 1,203 млн. рублёў. А ў прафесарска-выкладчыцкага складу зарплата скарацілася на 433 тыс. рублёў (да 1,351 млн.).
У прамысловасці сярэдняя зарплата знізілася на 48 тысяч (да 1 млн. 40 тысяч). Так, у чорнай металургіі яна зменшылася на 151 тысячу (да 1,687 млн.), у дрэваапрацоўчай галіне — на 61 тысячу (да 762 тыс.). У хімічнай прамысловасці, наадварот, сярэдняя зарплата вырасла на 333 тысячы (да 1,838 млн.), а на прадпрыемствах нафтаперапрацоўкі — на 39 тыс. (да 2,016 млн. рублёў). Нафтаперапрацошчыкі ўтрымліваюць лідэрства па ўзроўні аплаты працы ў прамысловасці.
У будаўніцтве сярэдняя зарплата скарацілася на 193 тыс. (да 1,161 млн.), у сельскай гаспадарцы — на 61 тыс. (да 583 тыс. рублёў). Дарэчы, у 2008 годзе ў сельскай гаспадарцы назіраўся самы высокі тэмп прыросту зарабатнай платы (15,1%). Павольней за ўсё яна расла ў адукацыі (0,7%), культуры і мастацтве (2,7%).
Аднак надалей на рост зарабатнай платы разлічваць бюджэтнікам наўрад ці варта. Для вырашэння пытання бездэфіцытнага бюджэту на 2009 год ураду неабходна скарачаць дзяржрасходы, а абмежаванне росту зарплаты разглядаецца ў якасці адной з мераў. «Зараз мы яе захоўваем на ранейшым узроўні, хаця раней меркавалі, што зарабатная плата ў 2009 годзе ў рэальным выражэнні будзе ўзрастаць на 18%», — сказаў днямі начальнік галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Мінфіна Максім Ермаловіч.
Аднак у студзені 2009 года зарплата ўжо знізілася, пра што сведчаць дадзеныя Белстата. Між тым, ходзяць упартыя чуткі, што ў бюджэтнай сферы пачалося скарачэнне зарплатаў на 18%. Адказваючы на пытанне, ці дакладная такая інфармацыя, намеснік старшыні Белстата Вячаслаў Мецеж адказаў, што такое пытанне паводле яго інфармацыі «не прапрацоўваецца».
Да слова, на паседжанні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях 20 лютага першы віцэ-прэм'ер урада Уладзімір Сямашка казаў, што перад урадам стаіць задача забяспечыць рост сярэдняй зарабатнай плата ў Беларусі ў снежні 2009 года на 5% да ўзроўня 2008 года. Аднак і гэтая задача ўжо становіцца ўсё менш выканальнай.
Дарэчы, Лукашэнка пакуль афіцыйна не адмяніў сваё заданне ўраду давесці да канца 2010 года сярэднюю зарплату да 700 даляраў.